Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяжкая жыцьцёвая сытуацыя», якая вызваляе ад падатку на дармаедзтва. Што гэта такое?


Міністэрства працы і сацыяльнай абароны патлумачыла, што лічыцца цяжкой жыцьцёвай сытуацыяй, якая вызваляе ад выплаты збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў.

Начальнік упраўленьня комплекснага аналізу Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Тацяна Юшкевіч сказала журналістам, што апісаць разнастайнасьць цяжкіх жыцьцёвых сытуацыяў у нарматыўна-прававым акце праблематычна.

«Чалавек з такой сытуацыяй можа зьвяртацца ў мясцовыя саветы дэпутатаў або ў выканкамы. Там разгледзяць гэтае пытаньне і прымуць рашэньне з улікам усіх фактаў».

Атрымальнікі дзяржаўных дапамог вызваляюцца ад выплаты падатку на дармаедзтва.

«Існуюць дапамогі па догляду за інвалідам I групы або па догляду за грамадзянамі, чый век — ад 80 гадоў і старэй. Але ёсьць і памежныя выпадкі, калі чалавеку трэба час, напрыклад, для ўстанаўленьня інваліднасьці першай групы ў блізкага сваяка. Тады мы сапраўды лічым, што гэта цяжкая жыцьцёвая сытуацыя, якая вартая разгляду мясцовым органам улады», — цытуе БелТА прадстаўніцу міністэрства.

Да «цяжкіх жыцьцёвых сытуацыяў» яна таксама аднесла выпадкі, зьвязаныя з часовай непрацаздольнасьцю пажылых людзей і доглядам за дзецьмі, якім больш за 7 гадоў і якія маюць асаблівасьці псыхафізычнага разьвіцьця.

Паводле Тацяны Юшкевіч, да цяжкіх жыцьцёвых сытуацыяў таксама можа адносіцца рэабілітацыя.

«Напрыклад, да нас зьвярталася дабрачынная арганізацыя, якая працуе па рэабілітацыі асобаў з алькагольнай залежнасьцю. Мы ведаем, што чалавеку складана выйсьці з такога стану, і калі ёсьць такая магчымасьць, гэта вельмі важна», — сказала яна.

12 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1, які прадугледжвае ўнясеньне зьмяненьняў у дэкрэт ад 2 красавіка 2015 году № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

Згодна зь ім грамадзяне, якія апынуліся ў складанай жыцьцёвай сытуацыі, могуць вызваляцца ад «падатку на дармаедзтва» мясцовымі органамі ўлады.

XS
SM
MD
LG