Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Ўкраіна ствараюць на памежжы пункты абмену дадзенымі


Беларуска-ўкраінская мяжа.
Беларуска-ўкраінская мяжа.

Старшыня Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Віктар Назаранка заяўляе, што ў сакавіку наступнага году на мяжы зь Беларусьсю будзе створаны віртуальны пункт абмену дадзенымі пра асобаў і транспартныя сродкі, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу.

«Мы актыўна разгортваем сетку кантактных пунктаў, бо лічым іх важным элемэнтам камунікацыі з нашымі партнэрамі. Два такія пункты ўжо функцыянуюць на польскім участку, адзін — на румынскім. У студзені адкрываем пункт супольна з нашымі вугорскімі калегамі. Зь беларускім бокам падпісалі пратакол пра віртуальнай пункт абмену дадзенымі „Жытомір-Пінск“, які пачне функцыянаваньне ўжо з сакавіка наступнага году», — паведаміў Віктар Назаранка сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

Паводле старшыні Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, інфармацыя, якая цыркулюе праз такія пункты, ужо дазволіла эфэктыўна скаардынаваць некалькі міжнародных апэрацый, а таксама апэратыўна вырашаць пытаньні грамадзянаў, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу.

Кабінэт міністраў Украіны сёлета ў верасьні зацьвердзіў плян захадаў рэалізацыі Канцэпцыі інтэграванага кіраваньня межамі, адпаведна зь якім да 2020 году плянуецца падпісаць зь Беларусьсю дамову пра рэжым дзяржаўнай мяжы, супрацоўніцтва і ўзаемную дапамогу ў памежных пытаньнях.

Апроч таго, бліжэйшыя чатыры гады Ўкраіна плянуе завершыць працэдуру дэмаркацыі мяжы з Беларусьсю.

Беларусь і Ўкраіна падпісалі дамову пра дзяржаўную мяжу 12 траўня 1997 году. У тым жа годзе яго ратыфікавала Вярхоўная Рада Ўкраіны. Нацыянальны сход Беларусі выканаў адпаведную працэдуру толькі ў 2010 годзе, і яшчэ праз тры гады пасьля гэтага бакі абмяняліся ратыфікацыйнымі граматамі.

Дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай мяжы пачалася з урачыстага адкрыцьця 13 лістападу 2013 году першага памежнага знаку ў месцы сыходжаньня дзяржаўных межаў Украіны, Беларусі і Расеі.

30 ліпеня 2014 года ў Чарнігаве ўрады Беларусі і Ўкраіны падпісалі палажэньне пра дэмаркацыю мяжы, агульная працягласьць якой складае 1084,2 кілямэтраў (у межах Чарнігаўскай вобласьці — 227 кілямэтраў).

Сёлета ў красавіку Беларусь прыпыніла працы па дэмаркацыі мяжы на Валыні з-за пратэсту мясцовых жыхароў, якія лічылі, што лінія разьмежаваньня праведзеная няправільна. Паводле Дзяржаўнай памежнай службы, праблемным участкам тады стаў Жыроўскі канал, які адпаведна дамоўленасьцям належыць Беларусі. Мясцовыя жыхары выкарыстоўвалі ваду з гэтага каналу для прамываньня незаконна здабытага бурштыну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG