Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мальцаў: На мяжы з Украінай пагроз няма, рызыка ёсьць


Абстаноўка на беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы штатная. Але пісталеты і абрэзы вязуць.

Пра гэта заявіў сёньня, выступаючы ў Палаце Прадстаўнікоў, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі генэрал-палкоўнік Леанід Мальцаў:

«У нас поўнае паразуменьне з украінскімі калегамі. Пагроз бясьпецы на гэтай мяжы няма, але рызыка ёсьць».

Леанід Мальцаў сказаў, што сёлета на мяжы затрымана 53 адзінкі зброі, больш за 500 боепрыпасаў, а таксама спыненыя некалькі спроб перавозу наркотыкаў. На ўдакладняючае пытаньне, якую зброю хацелі перавезьці ў Беларусь з Украіны, старшыня Дзяржаўнага камітэту сказаў, што там не было гранатамётаў ці нейкай сучаснай тэхнікі. Пераважна гэта пісталеты і абрэзы.

Камэнтуючы журналістам сытуацыю з затрыманьнем на чыгуначным вакзале ў Менску ўдзельніка баявых дзеяньняў ва Ўкраіне, генэрал Мальцаў сказаў, што пакуль ён ня можа з ўпэўненасьцю сказаць, ці перасякаў гэты чалавек украінска-беларускую мяжу, ужо маючы зброю, ці ён яе атрымаў дзесьці пазьней:

«Ён уехаў у Беларусь праз памежны пункт „Новая Гута“. А мы на мяжы вядзем відэа- і аўдыёзапісы. Гэтая сытуацыя зараз вывучаецца, праводзіцца службовае расьсьледаваньне. І толькі па яго выніках можна будзе сказаць, як гэта адбылося насамрэч. Але гэты выпадак даў нам пэўны ўрок. І зараз пры перасячэньні мяжы мы вырашылі падвысіць кантроль. Напрыклад, адзін памежнік раней правяраў і пашпарт кіроўцы аўтамабіля, і сам аўтамабіль. Цяпер у такіх выпадках будуць працаваць два супрацоўнікі памежнай службы».

Старшыня дзяржаўнага камітэту сказаў, што дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай мяжы працягваецца. Але мяжа мае вельмі вялікую даўжыню — 1084 кілямэтры, і таму гэта справа працягнецца гадоў 8–10.

Генэрал Мальцаў сёньня выступаў у Палаце Прадстаўнікоў, паколькі было вырашана ратыфікаваць падпісанае ў траўні 2015-га году ў Кіеве пагадненьне паміж Украінай і Беларусьсю аб стварэньні апарату памежных упаўнаважаных. Гэтыя ўпаўнаважаныя, як патлумачыў генэрал-палкоўнік, расьсьледуючы нейкія інцыдэнты, павінны быць па абодва бакі дзяржаўнай мяжы. Зараз іх знаходжаньне за мяжой абароненае часовым памежным пагадненьнем. Цяпер жа, пасьля ратыфікацыі, гэты статус зьменіцца да ўзроўню закону. У ім усё прапісана, напрыклад, у якіх выпадках затрыманы на мяжы перадаецца ўкраінскаму альбо беларускаму боку, а калі яго перадаваць нельга.

«Пасьля таго, як гэта набудзе сілу закону, нашыя памежнікі будуць пачувацца больш упэўнена», — сказаў Мальцаў.

Ён адзначыў, што з Расеяй у нас такога пагадненьня няма, паколькі памежнікі на гэтай мяжы не працуюць. З Латвіяй і Літвой дзейнічаюць спэцыяльныя пагадненьні. А што тычыцца Польшчы, то дагэтуль дзейнічае пагадненьне, якое было падпісана яшчэ ў часы СССР.

«Зараз мы з польскім бокам працуем над сучаснай вэрсіяй такой дамовы», — сказаў старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG