Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свае» для беларусаў: каму больш спачуваюць?


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Першае адчуваньне, калі дазнаўся пра дзяржаўную жалобу ў Беларусі па загінулых у катастрофе расейскага вайсковага самалёта — лёгкае пачуцьцё сораму.

З афіцыйнай пазыцыяй усё зразумела — рэальная палітыка. Кшталту, вы супраць нас прапаганду ў СМІ, а мы вам — жалобу. Грамадзяне Расеі гэта запомняць і апрацоўваць іх антыбеларускай прапагандай будзе складана.

Чаму так думаю і чаму сорамна?

Бо ўзгадваю, што не было дзяржаўных жалобаў у Беларусі з нагоды трагедыі ў Польшчы, калі разьбіўся самалёт з усім польскім урадам, ні з нагоды трагедыі ва Ўкраіне, калі на Майдане была расстраляная сотня дэманстрантаў. Не было жалобы і з нагоды загіблых у авіякатастрофе дзяцей у небе над Данбасам. Дзяржаве было ня выгадна спачуваць суседзям з захаду і поўдня. Таму цяпер мне сорамна комплексна. Але гэта пра афіцыёз.

З простымі і ня вельмі простымі людзьмі ўсё больш і складана, і важна. Тут бачыш не разьлік, а шчырыя эмоцыі.

Уладальнік парталу Tut.by Yury Zisser пра хор Аляксандрава ў камэнтарах да ўласнага паста:

«Гэта музыканты, яны нікога не забівалі».

Владимир Карягин, вэтэран прадпрымальніцкага руху Беларусі:

«Погиб лучший в мире танцевально-хореографический коллектив».

Беларускі актывіст cайту Іnformnapalm.org Дзяніс Івашын:

«Большасьць загіблых... апявалі акупацыю Крыму песьняй “Вежливые люди”».

Ales Piletski, вядомы фэльетаніст і журналіст:

«Колькі ў нас ва ўсіх злосьці назьбіралася за апошнія гады. Разумныя людзі пішуць пасты, спрабуючы неяк патлумачыць справядлівасьць гібелі 92 чалавек. Палітычнымі поглядамі, нацыянальнасьцю ці нават проста тэкстамі песень, якія яны выконвалі».

Яўгенія Стрыжак, літаратарка і грамадзкая актывістка:

«Вы цяпер наракаеце, што «мы сталі злыя» і «нам не хапае цеплыні» і прапануеце ставіцца «па-чалавечы» да тых, хто ляцеў у вайсковым (sic!) самалёце на вайну (sic!), чарговую вайну Расеі на чужой тэрыторыі?»

Eduard Palchys, блогер-дысыдэнт пра тых, хто кажа «што вы за русафобы такія, людзі загінулі, няважна хто яны»:

«Уся гэтая рэфлексія — стакгольмскі сындром закладніка, які больш за трыста гадоў знаходзіўся ў палоне імпэрца-суседа».

Адзін знаёмы малады ідэаліст-максымаліст неяк у фэйсбуку абураўся, што беларусы вешаюць аватаркі падтрымкі ахвяраў тэрактаў у Францыі і не зьвяртаюць увагі на ахвяры масавага тэрору ў Афрыцы. Маўляў, крывадушныя людзі без справядлівасьці для ўсіх.

Можна пачытаць падручнікі псыхалёгіі, а можна абаперціся на ўласны жыцьцёвы досьвед. У абодвух выпадках будзе зразумела, што чалавек у першую чаргу суперажывае тым, хто яму больш блізкі.

Французы для ўладальнікаў шэнгенскай візы блізка, палякі блізка, украінцы — яшчэ бліжэй. Але беларусы часьцей езьдзяць у Расею, масава глядзяць расейскае ТБ.

Урад краіны, вулічныя дэманстранты, дзеці на вакацыях і вайскова-прапагандысцкі дэсант — усё зьмешваецца ў адно, бо «загінулі людзі». І людзей сапраўды шкада. Толькі розьніца ў тым, што да адной амбасады нясуць болей кветак, а да іншай — меней. Кожны выбірае «сваіх». Эмацыйна бліжэйшых.

А калі ёсьць свае, псыхіка пачынае выкручвацца, каб ураўняць усіх, незалежна ад абставін трагедыі. Адсюль і «проста артысты» і «нікога не забівалі». Вайсковыя прапагандысты ўласнымі рукамі і ня мусяць забіваць, іх задача — матываваць тых, хто са зброяй. Але калі гаворка пра «сваіх», ня хочацца адасоблена аналізаваць сытуацыю, хочацца эмацыйна паспачуваць.

Разлом у беларускім грамадзтве працягвае быць па лініі мірны час/ня мірны час.

А яшчэ па прынцыпе беларускае/расейскае/зарубежнае.

«Свае» ў кожнага свае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG