Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мая сьвякроўка была гатовая аддаць жыцьцё за камандантэ Кастра», — Алена Брава пра тое, як Куба разьбіла яе ілюзіі


Алена Брава
Алена Брава

Беларуская дзяўчына з Барысава выходзіць замуж за кубінца і ў 1989-м трапляе на «Востраў Свабоды». Праз год літаральна ўцякае дахаты, ратуючы ад татальнага дэфіцыту і рэвалюцыйнага дурману сябе і маленькую дачку.

Аўтарка аповесьці «Камэнданцкі час для ластавак» (2004), уганараванай беларускай прэміяй «Гліняны Вялес» і міжнароднай прэміяй Silver bullet, Алена Брава распавядае, як два з паловай дзесяцігодзьдзі таму перастала быць рамантыкам.

Аляксандра Дынько: Як вы трапілі на Кубу? Якім чалавекам вы былі ў той час і зь якімі пачуцьцямі туды паехалі?

Алена Брава: Я пабралася шлюбам з кубінцам, калі вучылася ў БДУ. І, скончыўшы факультэт журналістыкі ў 1989 годзе, якраз у дні сьвяткаваньня найвялікшага кубінскага сьвята, я сышла на цьвёрдую кубінскую зямлю разам са сваім мужам. 26 ліпеня 1953 году група рэвалюцыянэраў на чале зь Фідэлем Кастра ўчыніла напад на слынныя казармы Манкада ў горадзе Сант’яга-дэ-Куба, так званай усходняй сталіцы Кубы. І вось у гэтым горадзе, у доме на вуліцы Агілера, я і прабыла ўвесь час свайго знаходжаньня ў гэтай краіне.

Дом на вуліцы Агілера — ластаўчына гняздо
Дом на вуліцы Агілера — ластаўчына гняздо

У 1990-м, пражыўшы год, я вярнулася ў Беларусь. Больш было немагчыма трываць.

Гісторыя кубінскай рэвалюцыі была за кожнай сьценкай. Казармы Манкада знаходзіліся ня так далёка. У суседнім доме, які належаў раней лекару, а на той час ягонай дачцэ, спыняўся Чэ Гевара, калі наведваў Сант’яга. На Кубе я сустракалася зь вялікай колькасьцю так званых саўкубінак. Гэта былі дзяўчаты з розных рэспублік СССР, якія пабраліся шлюбам з кубінцамі. Дзяўчаты зь Беларусі, Украіны, Расеі. Мы сябравалі, дапамагалі адна адной.

Стаяла ў чэргах па харчы разам зь іншымі мясцовымі. Пасьля гэтага можна было не чытаць чытаць газэт і даведнікаў. Калі стаяць 2-3 гадзіны штодня ў чарзе па хлеб на працягу году, ты будзеш ведаць шмат пра краіну.

Я вучылася ў моўнай школе разам з савецкімі спэцыялістамі. Сябравала з кубінскімі мастакамі і артыстамі. А вось са сваякамі мужа дыскутавала. Стаяла ў чэргах па харчы разам зь іншымі мясцовымі. Пасьля гэтага можна было не чытаць газэт і даведнікаў. Калі стаяць 2-3 гадзіны штодня ў чарзе па хлеб на працягу году, ты будзеш ведаць шмат пра краіну. З усяго перажытага, што я запісвала ў дзёньніках, і высьпела праз дванаццаць гадоў мая аповесьць «Камэнданцкі час для ластавак».

АД: Чым прывабіў вас гэты чалавек? Ён адрозьніваўся ад беларускіх хлопцаў?

АБ: Безумоўна, гэта было каханьне. Калі я ехала на Кубу, ехала на сталае месца жыхарства. Ня думала, што вярнуся дамоў.

Ён, вядома, адрозьніваўся. У той час Куба многім здавалася вельмі рамантычнай краінай. Гэтыя хлопцы з такім гарачым пачуцьцём распавядалі пра сваю краіну, так захапляліся ёю!.. Гэта не магло не прывабіць.

Я мела ў той час настальгію па сапраўдным. У тым, што было навокал, у савецкай рэчаіснасьці я адчувала шмат фальшу. Ад гэтага хацелася зьбегчы. Сапраўднасьць, якая, як мне здавалася, ёсьць у кубінскай рэвалюцыі, вабіла. Маленькі народ атрымаў свабоду. У савецкі час многія людзі жылі (некаторыя і дагэтуль жывуць) унутры вялікай ілюзіі. Калі ілюзіі разьбіваюцца, ты сустракаесься з рэальнасьцю, і гэта шмат што мяняе ў чалавеку.

Алена з дачкой
Алена з дачкой

АД: І як сустрэла вас гэтая рэальнасьць?

АБ: Пачнем з простага, побытавага. Дарэчы, крытыкі адзначалі «экзатычныя для беларускага чытача бытавыя замалёўкі» ў маёй аповесьці. Але я імкнулася паказаць ня столькі экзатычную краіну, колькі праз характары, побыт, стасункі людзей адлюстраваць таталітарнае грамадзтва. Думаю, многія, чытаючы аповесьць, прыгадалі савецкія часы. Татальны дэфіцыт, бясконцыя чэргі... І ўсё гэта на фоне бадзёрых дэманстрацыяў з аптымістычнымі лёзунгамі.

Майму пакаленьню добра знаёмы лёзунг «Мы прыйдзем да перамогі камунізму». На Кубе ён ператварыўся ў больш змрочны варыянт — «Сацыялізм альбо сьмерць».

Майму пакаленьню добра знаёмы лёзунг «Мы прыйдзем да перамогі камунізму». На Кубе ён ператварыўся ў больш змрочны варыянт — «Сацыялізм альбо сьмерць».

Я ўжо казала, што мне «пашанцавала» трапіць на Кубу ў час «асаблівага пэрыяду». Так называў яго Фідэль. Раней Куба атрымлівала вялізныя датацыі ад СССР. І вось гэтая дапамога з боку «старэйшага брата» раптам спынілася. На той момант рэвалюцыі было 30 гадоў. Аднак вартай урадавай праграмы, якая запусьціла б эканоміку, відавочна не зьявілася. У краіне была ўведзеная жорсткая карткавая сыстэма абсалютна на ўсё — на прадукты харчаваньня, адзеньне, абутак, тавары першай неабходнасьці. І нават на фоне звыклага дэфіцыту тавараў у нас у СССР тое, што было на Кубе, проста ўражвала.

Я была маці і мела маленькую дачку. Перш за ўсё трэба было думаць пра тое, як накарміць, адзець дзіця. І вось пустыя паліцы ў крамах у літаральным сэнсе... Аўтобусы і машыны бяз вокнаў і дзьвярэй.. Жудасныя чэргі абсалютна па ўсё... Чарга, якую трэба займаць увечары: а другой гадзіне ночы рабілася першая пераклічка, а шостай гадзіне — другая. А ўранку людзі ўваходзілі ў краму праз паліцэйскі кардон... Такая чарга можа быць сымбалем тагачаснага кубінскага сацыялізму.

У крамах нармаванага гандлю людзі атрымлівалі свае харчы па картках. Гэта невялікая колькасьць рысу, фасолі, цукру, кавы і некаторыя іншыя прадукты. А ўсё астатняе — ежу і рэчы першай неабходнасьці — можна было набыць у свабодным гандлі. Але ў тых крамах пры сярэднім заробку ў 180-200 пэса дзіцячы абутак каштаваў 40-50 пэса. Вэнтылятар — 600, лядоўня — паўтары тысячы.

Дзіцячае сьвята
Дзіцячае сьвята

Нашае жыцьцё выглядала так: а чацьвёртай гадзіне раніцы хтосьці зь сям’і выпраўляўся на пошукі прадуктаў у горад. Некалькі яек, кавалак гарбуза ці рэпа — гэта вельмі ўдалы дзень. Чэргі па хлеб былі вялізныя, чалавек пад 200 стаялі штодня, прычым хлеб можна было набыць толькі ў той булачнай, да якой прыпісана ваша сям’я.

Людзі разводзілі цукар у вадзе, каб пасьнедаць. Я памятаю, як радавалася цяжарная суседка, што праз сваю цяжарнасьць зможа атрымліваць адно курынае крыльца на тыдзень у дадатак да асноўнага набору прадуктаў... Апэльсіны выдаваліся хворым па картках. І гэта ў краіне, дзе можна вырошчваць па некалькі ўраджаяў на год.

Людзі разводзілі цукар у вадзе, каб пасьнедаць. Я памятаю, як радавалася цяжарная суседка, што праз сваю цяжарнасьць зможа атрымліваць адно курынае крыльца на тыдзень у дадатак да асноўнага набору прадуктаў.

Многія кубінцы жылі ў дамах больш-менш уладкаваных, але былі проста неверагодныя, фантастычныя халупы. Мяне дзівіла, што найлепшыя гатункі манга псаваліся на Гран П’едра (Вялікім Камяні), але ў крамах не было ні сокаў, ні садавіны для дзяцей. Апэльсіны выдаваліся хворым па картках. І гэта ў краіне, дзе можна вырошчваць некалькі ўраджаяў на год.

АД: Але чаму? Чаму гэтага не рабілася?

АБ: Я таксама вельмі гэтаму зьдзіўлялася і прыйшла да высновы, што пэўную ролю адыграла і абыякавасьць саміх кубінцаў. Яны былі відавочна не зацікаўленыя ў выніках сваёй працы. У людзях зьнікла ўсялякая ініцыятыва. Магчыма, не было ніякага эканамічнага стымулу працаваць больш, лепш, штосьці зарабіць. А нармаваныя прадукты ты так ці інакш па картках атрымаеш.

Яшчэ ў мяне склалася ўражаньне, што шараговы кубінец жыў адным днём. Дакладней, вечарам. Менавіта ўвечары жыцьцё і пачыналася — ром, піва, скокі пад музыку, міні-карнавалы, фіесты, як яны называліся.

У мяне склалася ўражаньне, што шараговы кубінец жыў адным днём. Дакладней, вечарам. Менавіта ўвечары жыцьцё і пачыналася — ром, піва, скокі пад музыку, міні-карнавалы, фіесты, як яны называліся.

Але мяне больш за ўсё нават ня гэта ўражвала. А тое, што ўвесь гэты дэфіцыт, уся гэтая нішчымніца — на фоне бадзёрых рэвалюцыйных лёзунгаў і маніфэстацыяў, расповедаў пра посьпехі сацыялізму на Кубе. Я ўсё думала: якія ж гэта посьпехі? Але было адчуваньне, што эканамічныя праграмы падмяняліся рэвалюцыйнымі лёзунгамі.

Пры гэтым людзі, асабліва старэйшае пакаленьне, верылі свайму камандантэ, любілі яго, некаторыя нават былі гатовыя дзеля яго ахвяраваць жыцьцём. Мая сьвякроўка была з такіх. Напачатку мы зь ёю часта спрачаліся, але потым я зразумела, што гэта бессэнсоўна. Мяне вельмі ўразіла, што цэлы народ на пачатку 90-х паўтарае памылкі, ужо зробленыя іншымі народамі. Быў жа прыклад СССР, дзе на той час ішла перабудова. Я імкнулася адкрыць вочы сваім новым знаёмым, але выявіўся хітры фэномэн: людзі ў літаральным сэнсе затулялі вушы. Яны не хацелі чуць.

Я імкнулася адкрыць ім вочы, але выявіўся хітры фэномэн: людзі ў літаральным сэнсе затулялі вушы. Яны не хацелі чуць.

Аднак далёка ня ўсе былі такімі. Былі сярод кубінцаў і тыя, у каго ўсё гэта магло выклікаць толькі жаданьне бегчы з краіны. Маладыя слухалі так званыя варожыя галасы, перадавалі адзін аднаму кнігі кубінскіх пісьменьнікаў, якія на той момант пакінулі краіну, і іхныя кнігі былі забароненыя.

Муж адной маёй сяброўкі быў партыйным функцыянэрам. Калі ён ішоў на працу, мы слухалі амэрыканскае Радыё Марці. Глядзелі гарбачоўскае тэлебачаньне, чыталі савецкія выданьні для замежнікаў кшталту «Московских новостей» — на Кубе гэтыя выданьні былі забароненыя нароўні са згаданым амэрыканскім радыё. Дарэчы, прэса часоў перабудовы пісала пра рэпрэсіі на Кубе. Памятаю, як горача абмяркоўваўся ў нас артыкул у газэце «Известия» пра арышты дысыдэнтаў у Гаване.

Да нас, савецкіх жанчын, таксама сталі ставіцца з падазронасьцю. Знайсьці працу было немагчыма. Я шукала яе ўвесь год, бо пражыць на 190 пэса, якія атрымліваў мой муж, яму, мне, малой дачцэ і ягонай маці, якая, дарэчы, у сваім жыцьці ніводнага дня не працавала, было нерэальна. Аднак мне гэтага не ўдалося. Многія мае сяброўкі былі звольненыя, бо ўлады баяліся ідэйнага ўплыву з нашага боку на «прававерных» кубінцаў.

У той час многія кубінцы спрабавалі пакінуць Кубу рознымі шляхамі. Найбольш адчайныя рабілі гэта праз Флорыдзкі праліў. Людзі рушылі на гумовых камэрах, рызыкуючы сваім жыцьцём. Яны маглі патануць, маглі быць вылаўленыя кубінскім патрулём, што азначала зьняволеньне. Але шмат каму ўдалося зьехаць.

Сёньня шмат якія мае кубінскія ўнівэрсытэцкія сябры — эмігранты. Жывуць у ЗША, у Мэксыцы, у краінах Эўропы. Бацька маёй дачкі і ягоны брат, вядомы на Кубе спартовец, удзельнік Алімпіяды, жывуць у Мэксыцы.

Дыплём школы для замежнікаў у Санцьяга
Дыплём школы для замежнікаў у Санцьяга

АД: Шмат ужо вядома і пра жорсткія праваахоўныя органы Кубы, і пра спэцслужбы. Ці вы не баяліся тады, што вас будуць перасьледаваць за тыя думкі, якія выказваеце?

АБ: Я пра гэта ня думала і толькі постфактум прыйшла да думкі, што так магло быць. Практычна ў кожнай сям’і былі чальцы так званага Камітэту абароны рэвалюцыі. Гэта грамадзкая арганізацыя (дарэчы, мая сьвякроў была яе сябрам). У іхны абавязак уваходзіла паведамляць пра розныя контррэвалюцыйныя рэчы. Мая сьвякроў часта выказвалася так: «Контрарэвалюцыйныя элемэнты ня сьпяць! Трэба быць пільнымі».

Аднойчы мне давялося сутыкнуцца са спэцслужбамі. Гэта было напрыканцы майго знаходжаньня на Кубе, калі я ўжо мела намер зьехаць з гэтай краіны. На будынку школы насупраць нашага дома ўночы павесілі лёзунг «Далоў Фідэля». Час ад часу на дзяржаўных будынках зьяўляліся такія лёзунгі. Да нас завітаў прадстаўнік спэцслужбаў, распытваў, занатоўваў. Доўга размаўляў з маёй сьвекрывёй, задаваў шмат пытаньняў мне — што рабіла, дзе была, ці ня чула чаго падазронага ўночы, з кім сябрую, якія ў мяне кантакты. Напэўна, была небясьпека, пра якую вы кажаце, але маё жаданьне данесьці праўду пра тое, што я бачыла, пераважвала.

АД: Што такое быць жанчынай у тых умовах? Ці быў гэта досьвед, адрозны ад тагачаснага савецкага?

АБ: Напэўна, я была дрэннай жонкай для мужа-кубінца. У канцы мне так і было сказана. Кубінская жанчына мусіць быць зусім іншай. Для такой жанчыны яе мужчына — гэта бог. Яна робіць усё, каб яму падабацца ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Яна ня будзе губляць час на тое, каб рабіць нататкі ў дзёньніку, чытаць. Бяз слоў пойдзе і будзе дзьве-тры гадзіны стаяць у чарзе, каб набыць прадукты.

Аднойчы мы з мужам ішлі па Сант’яга, зайшлі ў краму і пабачыла, што на адной сьценцы напісана «чарга для мужчын», а на супрацьлеглай — «чарга для жанчын». І там насамрэч стаялі дзьве чаргі: шмат жанчын і два-тры мужчыны, кожны ў сваёй чарзе. Я запыталася: «Што гэта такое?» Гучна запыталася, на мяне нават сталі абарочвацца. Ён мяне вывеў і кажа: так мусіць быць. Бо жанчыны на Кубе пераважна не працуюць, у іх шмат вольнага часу, а мужчыны працуюць, трэба берагчы іх час. Я запыталася: «А як жа твая сястра, якая ня проста працуе, а робіць складаныя апэрацыі, яна ж хірург?» Ён згадзіўся. Але ўсё роўна лічыў, што стаяць у чэргах — выключна жаночая справа.

АД: Ёсьць стаўленьне да Кубы як да сэксуальна разьняволенай краіны? Гэта прыкмета...

Зайшлі ў краму і я пабачыла, што на адной сьценцы напісана «чарга для мужчын», а на супрацьлеглай — «чарга для жанчын». І там насамрэч стаялі дзьве чаргі. Я запыталася: «Што гэта такое?» Гучна запыталася, на мяне нават сталі абарочвацца. Ён мяне вывеў.

АБ: ...Тэмпэрамэнту і традыцыі. Я пісала ў аповесьці, што калі стаіш у чарзе, часьцей за ўсё пачуеш ад жанчын пра сэксуальныя кантакты, пра тое, хто з кім, куды, калі. Па тэлебачаньні былі адукацыйныя праграмы, дзе вядучая пыталася ў 14-15-гадовых дзяўчат: ці маеш ты ўжо хлопца, якія ў цябе зь ім стасункі, гаворка ішла менавіта пра сэксуальныя кантакты. Пазашлюбныя дачыненьні былі на кожным кроку. У горадзе былі цэлыя кварталы так званых «дамоў для сустрэч», куды маглі прыйсьці каханкі і правесьці там час.

АД: Як прысутнічаў у жыцьці кубінцаў Фідэль Кастра? Якім вы яго ўяўлялі?

АБ: Мая сьвякроўка казала: «Вы, савецкія, хочаце жыць лепш. А гэта ганебна, гэта дрэнна. Чалавек мусіць задавальняцца адной талеркай рысу ў дзень у цяжкі для краіны пэрыяд». Імкненьне жыць лепш — злачынства? Мне было дзіўна гэта чуць. Я тады шмат пра гэта думала, а аднойчы натрапіла на лісты, якія Фідэль Кастра пісаў, знаходзячыся ў турме. Цалкам рахметаўскія такія лісты: «Мне дастаткова адной стравы з малагі ці бульбы... Нягледзячы на ўсю дарагоўлю жыцьця, я магу жыць на 40 разумна выкарыстаных сэнтава ў дзень... Усё гэта робіць зь мяне палымянага, загартаванага ідэйнага барацьбіта...»

Фідэль, калі атрымаў уладу, рамантыкам ужо ня быў. Вельмі хутка ён стаў прагматыкам, гэта відаць зь яго інтэрвію 1959 году. Ён клянецца, што ніколі ня стане камуністам. Што ён супраць усялякіх дыктатур і, у прыватнасьці, дыктатуры пралетарыяту. Але спатрэбілася дапамога Саветаў — і камуністам ён усё ж стаў.

Магчыма, з рэвалюцыянэраў-рамантыкаў атрымліваюцца бездапаможныя эканамісты? Рамантыкі незаменныя ў палымянай прамове. Але паступовая карпатлівая праца эканамічным уладкаваньня краіны не для іх. Хоць мне здаецца, што Фідэль, калі атрымаў уладу, рамантыкам ужо ня быў. Вельмі хутка ён стаў прагматыкам, і гэта відаць зь яго інтэрвію 1959 году. Ён клянецца, што ніколі ня стане камуністам. Што ён супраць усялякіх дыктатур і, у прыватнасьці, дыктатуры пралетарыяту. Але спатрэбілася дапамога Саветаў — і камуністам ён усё ж стаў.

Многія кубінцы бралі прыклад са свайго камандантэ і лічылі аскетызм галоўнай запаведзьдзю рэвалюцыянэра. А мне, калі я прачытала працытаваны ліст Кастра, згадаліся словы Барыса Пастэрнака: «Рэвалюцыю робяць геніі самаабмежаваньня за некалькі гадзін, а потым дзесяцігодзьдзямі людзі пакланяюцца духу абмежаванасьці як сьвятыні».

Дзіцячае сьвята
Дзіцячае сьвята

Гэты дух абмежаванасьці — маю на ўвазе сьвядомасьць людзей — вельмі моцна адчуваўся на Кубе. Што да Фідэля, я ў час знаходжаньня на «Востраве Свабоды» слухала яго прамовы. Ён насамрэч быў палымяным аратарам, мог гаварыць доўгія гадзіны вельмі прыгожа і вобразна. Я супастаўляла ўсё гэта з навінамі з газэт часоў перабудовы, у якіх паведамлялася пра рэпрэсіі на Кубе, пра тое, як дысыдэнтаў зьбіваюць у пастарунках, кідаюць у турмы. І я пыталася ў сябе: хіба чыстае рэчыва рамантыкі мае патрэбу ў гвалце? Ці не прымешваецца да гэтага прага ўлады? Карысталюбства? Асабістыя амбіцыі? І калі так, то ці не зьяўляецца пэрманэнтная рэвалюцыйнасьць камандантэ — празь дзесяцігодзьдзі пасьля перавароту — гульнёй на публіку чалавека, які даўно зразумеў, што сацыялістычная рэвалюцыя зазнала паразу? Гульнёй у імя жаданьня захаваць уладу? Вось такія думкі былі ў мяне ў той час.

Калі б Фідэль сышоў своечасова, ён застаўся б у памяці людзей героем, які са жменькай паплечнікаў штурмаваў узброеную цытадэль. Бо ён сапраўды рушыў супраць моцнай дзяржаўнай машыны зь невялікай колькасьцю людзей.

Думаю, калі б Фідэль сышоў своечасова, ён застаўся б у памяці людзей героем, які са жменькай паплечнікаў штурмаваў узброеную цытадэль. Бо ён насамрэч рушыў супраць моцнай дзяржаўнай машыны зь невялікай колькасьцю людзей.

Але ён застанецца ў памяці нашчадкаў хутчэй кіраўніком краіны, які за 50 гадоў улады ня здолеў вырашыць эканамічныя пытаньні, істотна ўзьняць узровень жыцьця людзей, якія яму паверылі і пайшлі за ім. Бо штурмаваць цытадэль, ахвяраваць жыцьцём дзеля ідэі — гэта, безумоўна, рамантычныя, гераічныя ўчынкі. Але штодзённае жыцьцё як людзей, так і краін гэтым не вычэрпваецца. І, магчыма, прыйдзе дзень, калі кубінцы ня здолеюць дараваць свайму камандантэ, хоць і постфактум, расчараваньня і дзесяцігодзьдзяў жыцьця, змарнаваных у чэргах і змаганьні за самае неабходнае.

Пасьля вяртаньня ў Беларусь
Пасьля вяртаньня ў Беларусь

Аляксандра Дынько: Ці сям’я вашага мужа была прыхільнікам рэвалюцыйных ідэяў і што стала цяпер зь іхнымі поглядамі?

Алена Брава: Муж быў прыхільнікам рэвалюцыйных ідэяў, і ўся сям’я таксама. Ягоны бацька быў сярод тых, хто ўсталёўваў уладу «барбудас» у правінцыі Сант’яга-дэ-Куба. Маці неяк паказала мне свой фотаздымак, дзе яна, маладая рэвалюцыянэрка, стаіць у вайсковай форме, са зброяй.

У той час мае спробы неяк узьдзейнічаць на мужа натыкаліся на сьцяну неразуменьня. Цяпер ён зьмяніў свае погляды, але вельмі ня любіць пра гэта гаварыць. Можа расказаць, што цяпер час ад часу езьдзіць на Кубу, каб пабачыць маці і сваякоў, і наколькі там дрэнна. «Хоць крыху стала лепей?» — пытаюся. «Ну, крыху лепей... але ўсё тое самае». Ужо ў крамах ёсьць 1-2 гатункі нейкай каўбасы, але карткавая сыстэма па-ранейшаму захоўваецца. Думкі ж свае ён памяняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG