Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пошук пазытыву ў Кастра — гэта інтэлектуальнае харакіры»


Пра памерлых людзей кажуць добра альбо нічога. А як з памерлымі дыктатарамі? Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў

Гурневіч: Пагаворым пра сьмерць Фідэля Кастра, рэвалюцыянэра з Кубы, альбо кубінскага дыктатара. Для мяне перш за ўсё апошняе, таму што рэвалюцыю, якую ён правёў, інакш як усталяваньнем дыктатуры і вялікім няшчасьцем для Кубы назваць нельга. Як сказаў адзін з камэнтатараў, «Кастра згвалціў кубінскую нацыю». Магчыма, я б не зьвярнуў увагу на гэтую сьмерць, калі б не заўважыў, наколькі шмат людзей, інтэлектуалаў, якія бывалі ў сьвеце, разьбіраюцца ў гэтых працэсах, могуць адрозьніць, здавалася б, дабро ад зла, смуткуюць па ім, як быццам гэта быў сапраўды нейкі ідэаліст, як назваў яго Барак Абама. Канадзкі прэм’ер Джастын Трудо ўвогуле назваў яго сьмерць трагедыяй, бо ягоная сям’я была блізкая з Кастра, ён часта наведвае Кубу і казаў, што быў там некалькі дзён таму і размаўляў з прадстаўнікамі сям’і Кастра.

Я ўсё магу зразумець, але захвальваньне чалавека, у якога рукі па локці ў крыві, які 50 гадоў сапраўды гвалціў свой народ — назваць недарэчным будзе ультрамяккім. Гэта інакш як глупствам не назавеш. Гэта гора ад розуму. Людзі, якія ставяць сабе за мэту нейкае народнае шчасьце разважаюць такім чынам. Абама і Трудо ведаюць, што гэта можна рабіць спакойна, дэмакратычным шляхам, і яны хваляць чалавека, які крывавымі мэтадамі, ваеннымі мэтадамі, уводзіў у краіне парадак. Ідэі, жаданьні могуць быць самымі лепшымі — я думаю, што знойдзецца нямала людзей, якія скажуць, што і Гітлер, і Сталін таксама кіраваліся нейкімі, так сказаць, шляхетнымі мэтамі. Што атрымалася, мы ўсе ведаем. І калі б сёньня ў Нямеччыне нехта публічна выказваў смутак па сьмерці Гітлера, то калі б не ў псыхічную лякарню яго забралі, то маглі б судзіць. У Расеі — можна зразумець, гэта не свабоднае грамадзтва. У беларускіх сетках таксама пісалі, ну ён жа і шпіталі будаваў, і Афрыцы дапамагаў. У мяне валасы дыбам становяцца, я не разумею, як людзі ня могуць узважыць добрае і кепскае, сотні тысяч паламаных жыцьцяў і лёсаў на некалькі школаў, якія і так будуюцца за грошы тых людзей, які працуюць, фактычна рабамі зьяўляюцца ў гэтай краіне. Пошук пазытыву ў Кастра — гэта інтэлектуальнае харакіры.

Захвальваньне чалавека, у якога рукі па локці ў крыві, які 50 гадоў сапраўды гвалціў свой народ — назваць недарэчным будзе ультрамяккім.

Я калісьці пісаў блог на Свабодзе, прысьвечаны камуністычным злачынствам, і пра тое, што многія кажуць, ну так, быў Савецкі Саюз, несвабодная дзяржава, але будавалі дарогі, шпіталі і г. д. Ведаеце, гэта нешта нездаровае. Таму што ня ўмець параўнаць дабро і зло і зрабіць высновы — гэта трэба мець праблему з інтэлектам.

Цыганкоў: Людзі ацэньваюць ня толькі рэальныя вынікі, а нейкія мары, намаганьні, тыя патэнцыялы, якія маглі вырасьці. Калі людзі, у тым ліку заходнія, неадназначна ацэньваюць Фідэля Кастра, то зьвяртаюць увагу не на тую рэальнасьць, якую ён увогуле прынёс для Кубы, а на тыя прыгожыя лёзунгі, якія ён меў — свабода, роўнасьць, справядлівасьць. Калі людзі былі стомленыя кансэрватыўнымі ці рэактыўнымі рэжымамі, які быў, напрыклад, на Кубе да Кастра, то яны вераць гэтым рэвалюцыянэрам, ідуць за імі, але атрымліваецца яшчэ горш, чым было дагэтуль. Парадокс гісторыі.

Дыктатура Кастра была горшая, чым той карупцыйны рэжым, які быў на Кубе да яе. Калі Фідэль Кастра разам з Чэ Геварам і іншымі паплечнікамі прыйшлі да ўлады на Кубе ў 1961 годзе, то там адразу пачаліся адкрытыя судовыя працэсы, на якіх адвакаты нават выбачаліся, што яны вымушаныя абараняць такіх мярзотнікаў, як іхнія кліенты. Пачаліся рэпрэсіі, пры тым ня толькі супраць дзеячаў мінулага рэжыму — гэта, здавалася б, натуральна — але супраць сваіх саюзьнікаў па рэвалюцыі. Гэта працягвалася з той ці іншай ступеньню інтэнсіўнасьці ўсе 50 гадоў. Пра гэта рэкамэндуем пачытаць успаміны беларусаў, якія былі на Кубе — яны ёсьць на нашым сайце.

Ідэя добрая, а выкананьне аказалася кепскім — пры тым кепскім і ў Расеі, і ў Кітаі, і ў Паўночнай Карэі, і на Кубе, і нават ва Ўсходняй Эўропе.

Ідэя добрая, а выкананьне аказалася кепскім — пры тым кепскім і ў Расеі, і ў Кітаі, і ў Паўночнай Карэі, і на Кубе, і нават ва Ўсходняй Эўропе. Дзе б яно ні было, яно аказвалася кепскім, нават калі СССР не навязвала свой варыянт камунізму. Інтэлектуальнай сьмеласьці прызнаць, што сама ідэя камунізму, роўнасьці і агульнага дабрабыту не працуе, не ва ўсіх хапае. Бо хочацца ўсё ж верыць у нешта лепшае, ня ў гэты рынкавы сьвет, дзе ўсё прадаецца і купляецца, а ў нешта больш сьветлае. І вось гэтай верай пэўна і тлумачацца тыя неадназначныя выказваньні, якія рабілі Трудо і Абама. Трудо назваў Кастра вялікім лідэрам, які служыў сваім людзям амаль паўстагодзьдзя, хоць і назваў яго неадназначнай фігурай. Усе тут адразу ўспомнілі, што ня ўсё кепскае было пры Гітлеры, ну і пасьмяяліся. Самы вядомы жарт — «Усама Бін Ладэн быў вядома неадназначнай фігурай, але яго ўнёсак у бясьпеку аэрапортаў ня мае сабе роўных». Ён адпавядае той хібнасьці мысьленьня, калі людзі хваляць дыктатарскіх аўтарытарных лідэраў за нейкія рэчы, якія і без іх бы паўсталі, як школы і бальніцы.

Глод: Кубінская рэвалюцыя, на мой погляд, паказала найперш адно: тыя прыгожыя лёзунгі, зь якімі Кастра, Чэ Гевара ды іншыя прыйшлі да ўлады, чамусьці вельмі хутка забыліся. Насадзіць свае погляды стала важнейшым за гэтыя асноўныя дэмакратычныя каштоўнасьці. І ў Кастра і ягоных паплечнікаў нічога не атрымалася, альбо атрымалася ня так, як яны хацелі. Але ж ідэя была добрай, і тут мае рацыю Віталь Цыганкоў, які кажа, што многія людзі ацэньваюць не выкананьне таго, што адбылося, а сваю ідэю. Пабудаваць бясклясавае грамадзтва, дзе ўсім было б аднолькава добра — гэта добра. Але ж альбо людзі не дарасьлі, альбо ў тых людзей, якія за гэта браліся, не атрымалася.

І ў Кастра і ягоных паплечнікаў нічога не атрымалася, альбо атрымалася ня так, як яны хацелі.

Разлом пайшоў ня толькі сярод звычайных людзей, такіх вялікіх палітыкаў, чые імёны ўзгадвалі. Дональд Трамп напісаў у твітэры пра Фідэля Кастра «крывавы дыктатар». Разлом пайшоў па самой сям’і Фідэля Кастра. Родная сястра яго адмовілася прыехаць на пахаваньне, асуджаючы той стыль паводзінаў, мэтады кіраўніцтва, якія ён вёў на «высьпе свабоды».

Перакінемся ў Эўропу. Вось плывуць гэтыя няшчасныя мігранты, топяцца, Эўропа смуткуе. Калі людзі пабачылі, што пачаў будаваць Кастра, колькі дзясяткаў тысяч людзей з Кубы плылі ў Флорыду, танулі, іх перахоплівалі кубінскія вайскоўцы! Там жа былі дзясяткі тысяч сьмерцяў, як быццам гэтага нічога не было — забыліся. Мне падаецца, што колькі б мы ні казалі пра тое, што хацелі пабудаваць на Кубе, трэба заўжды сыходзіць з таго, што пабудавалі. Ідэя была цікавая, тым больш гэта была першая, як тады казалі, сацыялістычная дзяржава ў заходнім паўшар’і. Памятаю, я быў школьнік, як сьпявалі гэтыя песьні, якім героем выглядаў Фідэль Кастра. Я нават памятаю, калі ён прыяжджаў у Менск, дык тут сапраўды быў велізарны натоўп, сустракалі яго зімою, ён у шапцы-вушанцы, з барадой. Гэта была фігура, якая здавалася: вось нешта сьвежае ўвайшло ў жыцьцё, чалавек, які пабудуе сапраўдны сацыялізм, дзе абсалютна ўсім будзе добра.

Я згодны, што ўсё ж ацэнку дзеяньням Фідэля Кастра дасьць час. Сёньня па гарачых сьлядах адны людзі гавораць адно, другія іншае. Для мяне Фідэль Кастра ўсё жыцьцё да апошніх гадоў быў дыктатарам, які і ўладу перадаў не абы-каму, не дэмакратам, а роднаму брату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG