Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс братоў Барбашынскіх: Адзін у труне, другі — у судовай клетцы


Пахаваньне памерлага ў Жодзінскай турме 37-гадовага вязьня Ігара Барбачынскага. Вёска Новы Рабак Старадароскага раёну, 22 верасьня 2016 году
Пахаваньне памерлага ў Жодзінскай турме 37-гадовага вязьня Ігара Барбачынскага. Вёска Новы Рабак Старадароскага раёну, 22 верасьня 2016 году

16 лістапада ў судзе Слуцкага раёна працягнецца разгляд крымінальнай справы па абвінавачваньні братоў Барбашынскіх у злосным непадпарадкаваньні законным патрабаваньням міліцыянтаў і нанясеньні ім цялесных пашкоджаньняў.

Паколькі старэйшы брат Ігар Барбашынскі памёр 20 верасьня ў Жодзінскім СІЗА, не дачакаўшыся вынікаў экспэртызаў, у клетцы залі паседжаньняў на гэты раз будзе сядзець толькі малодшы брат Іван.

Судовы працэс над братамі, абвінавачанымі ў злосным непадпарадкаваньні міліцыянтам пры выкананьні службовых абавязкаў, у супраціве і зьбіцьці супрацоўнікаў РАУС падчас затрыманьня 20 сакавіка, адбываўся ў жніўні (9, 10, 19, 22 і 23 чысла) і быў перапынены з-за прызначэньня дадатковай мэдыцынскай экспэртызы фізычных пашкоджаньняў абодвух бакоў.

Ігар Барбашынскі
Ігар Барбашынскі

Івану Барбашынскаму пагражае пакараньне паводле артыкулу 363 Крымінальнага кодэксу Беларусі да 5 гадоў турмы.

Абвінавачаныя віны за сабой не прызналі і ў сваю чаргу абвінавацілі міліцыянтаў у хлусьні і разбойным нападзе з прычыненьнем цялесных пашкоджаньняў і ламаньнем рабрынаў аднаму зь іх.

Нягледзячы на тое, што злачынства, у якім абвінавацілі случакоў, не зьяўляецца цяжкім, абвінавачаных прыводзілі на суд у кайданках і трымалі ў клетцы.

Маці Барбашынскіх увесь час перажывала з-за псыхалягічнага стану старэйшага сына Ігара, які раней сам працаваў у сыстэме МУС і звольніўся са службы ў званьні маёра.

Ігар Барбашынскі памёр у Жодзінскім СІЗА пры нявысьветленых абставінах, на галаве ў яго зафіксавалі рубец месячнай даўніны, на целе — 17 гематомаў, папярэдні дыягназ «энцэфалія нявысьветленай этыялёгіі».

Праваабаронца Павел Левінаў палічыў, што з-за абвінавачваньня ў такой катэгорыі злачынства і ў сувязі з новымі абставінамі для Івана Барбашынскага дастаткова б было і такой меры стрыманьня, як падпіска аб нявыезьдзе. 7 лістапада 2016 году ён зьвярнуўся ў Вярхоўны суд і абвінаваціў Слуцкі суд у негуманнасьці.

Адвакат Івана Юлія Станкевіч 4 разы зьвярталася ў суд з хадайніцтвам аб зьмене меры стрыманьня — бяз вынікаў.

Паводле сьведчаньняў прысутных у судовай залі, міліцыянты ў жніўні далі супярэчлівыя паказаньні.

Валянціна Пашкевіч хадзіла на ранейшыя пасяджэньні:

— Міліцыянты самі ня памяталі, дзе і калі былі ў іх сінякі. Лічу, што хлопцы пацярпелі ні за што. Выпілі за свае грошы, ішлі мірна дамоў — і раптам змагары за парадак наляцелі з дубінкамі. Зламалі жыцьцё людзям. Падзеі за межамі рэальнасьці. І самае страшнае ў тым, што няма веры ў справядлівасьць, таму што сыстэма ахоўвае саму сябе, а не бароніць людзей.

Маці братоў Барбашынскіх
Маці братоў Барбашынскіх

На жнівеньскіх паседжаньнях і судзьдзя, і пракурор, і адвакат гаварылі настолькі ціха, што прысутным у зале цяжка было іх чуваць.

Даводзілася гадзінамі напружваць слых, каб штосьці пачуць у зале суда, — гаворыць грамадзкая актывістка Зінаіда Цімошак, — Першы раз адчувала сябе так некамфортна падчас судовага працэсу. Я некалькі разоў уголас зьвярталася да судзьдзі Паўленкі Юліі з просьбай «дадаць гуку» — безвынікова.

Каб забясьпечыць выкананьне беларускага судовага заканадаўства аб галоснасьці, напярэдадні пачатку новага паседжаньня, 15 лістапада 2016 году Зінаіда Цімошак зрабіла адмысловы запіс у кнізе заўваг і прапаноў Слуцкага раёна. Яна просіць судзьдзю забясьпечыць галоснасьць судовага працэсу і абавязаць пракурора, адваката і ўсіх удзельнікаў працэсу гаварыць разборліва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG