Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непрафэсіяналізм, але не пагроза зброяй, — украінскі экспэрт пра вяртаньне самалёта «Белавія»


Беларусь апублікавала расшыфроўку ўкраінскіх пагрозаў пілёту «Белавія»: дыспэтчар «Кіеў-Радару» загадаў беларускаму самалёту разьвярнуцца, іначай «будзе паднятая баявая авіяцыя на перахопліваньне». Здарэньне справакавала скандал, МЗС Беларусі патрабуе выбачэньняў і матэрыяльнай кампэнсацыі.

Былы вайсковы лётчык Камароўскі: «Дарэмна нашы задзіраюцца, украінскі дыспэтчар усё рабіў дакладна»

Ці нармальная практыка — перахопліваньне пасажырскіх самалётаў баявымі? Перахоп прадугледжаны ў неадкладных выпадках, але інцыдэнт зь беларускім самалётам ня быў такім выпадкам, тлумачыць Свабодзе вайсковы экспэрт украінскага «Цэнтру Разумкова» Аляксей Мельнік:

Аляксей Мельнік
Аляксей Мельнік

«Я думаю, вельмі ганебны выпадак непрафэсійных паводзінаў авіядыспэтчара. Хто за гэтым стаяў, хто даваў яму такую каманду, — мае быць расьсьледаваньне (Украіна праводзіць расьсьледаваньне інцыдэнту. — РС). Калі такая каманда была, дыспэтчар меў поўнае права і нават абавязак не трансьляваць яе.

Тое, што я бачыў у расшыфроўцы, гэта абсалютная дзікасьць і непрафэсіяналізм. Экіпаж самалёта, калі расшыфроўка поўная, ніводнай фразай не даваў нагоды ставіць пад сумнеў выкананьне імі каманды».

Экспэрт тлумачыць: звычайна пасажырскі самалёт вылятае з максымальным запасам паліва, таму тэрміновую пасадку рабіць цяжка, у тым ёсьць небясьпека для пасажыраў і экіпажу. Але іншых пагрозаў ад перахопу ня мае быць: паводле міжнародных правілаў, ужываньне зброі дазваляецца толькі супраць вайсковых самалётаў з узбраеньнем на вонкавых падвесах.

Ды перахопліваньне самалёта і не прадугледжвае ўжываньня зброі, кажа Мельнік:

«Перахопліваньні сапраўды прадбачаныя ў выпадку, калі цывільны самалёт зь нейкіх прычынаў адышоў ад маршруту і не адказвае на запыты. Гэта як апошняя спроба ўсталяваць зь ім кантакт. Тады падымаецца вайсковы самалёт-перахопнік, асноўная задача якога — дапамагчы цывільнаму самалёту ці вярнуцца на маршрут, ці знайсьці курс на суседні аэрадром.

У такім выпадку ён выходзіць зьлева ад самалёта, дзе сядзіць камандзір экіпажу, намагаецца зьвязацца па радыё на аварыйнай частаце і манэўрамі падае яму сыгналы, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Ніякай гаворкі ня можа быць пра нейкія манэўры, якія могуць нейкім чынам пашкодзіць бясьпецы палёту цывільнага авіялайнэра, я не кажу ўжо пра ўжываньне зброі. Асноўнае заданьне вайскоўца — аказаньне дапамогі».

Мельнік згадвае, што пасьля трактаў у ЗША 11 верасьня 2001 году дыскутавалася пытаньне магчымасьці ўжываць зброю ў выпадку, калі ёсьць бясспрэчныя сьведчаньні пра захоп самалёта тэрарыстамі і пагрозу іншым людзям і цывільным аб’ектам. Але і тая дыскусія не прыйшла да адназначнай высновы.

Экспэрт нагадвае і пра выпадкі, калі цывільны самалёт памылкова прымаюць за вайсковы. У ліку такіх катастрофа паўднёвакарэйскага «Боінга-747» над Сахалінам у 1983 годзе, калі загінулі 269 чалавек на борце. Самалёт адхіліўся ад курсу на 500 км і ўвайшоў у паветраную прастору СССР, дзе быў перахоплены і зьбіты савецкім Су-15. Тады лётчык дакладна бачыў, што самалёт быў пасажырскім і ня нёс зброі, але выканаў загад на зьнішчэньне. Ды нават калі Саветы тады былі б упэўненыя, што гэта быў не пасажырскі самалёт, а выведнік, супраць яго ўсё роўна нельга было ўжываць зброю, згодна зь міжнароднымі дамовамі.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG