Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жарсьці зь вяртаньнем самалёта «Белавія» ў кіеўскі аэрапорт: што гэта было


Ілюстрацыйнае фота

21 кастрычніка самалёт Boeing 737-800 (бартавы нумар EW-456PA) авіякампаніі «Белавія», які выконваў рэйс В2-840 па маршруце Жуляны (Кіеў) — Менск, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт вылету паводле патрабаваньня ўкраінскіх дыспэтчараў. «Белавія» заяўляе, што з боку дыспэтчараў былі пагрозы ўзьняць у паветра зьнішчальнікі ў выпадку невыкананьня іх распараджэньня. На борце знаходзілася 136 пасажыраў і 6 членаў экіпажа.

Міністэрства замежных спраў Беларусі накіравала Ўкраіне ноту пратэсту з патрабаваньнем афіцыйнага выбачэньня і кампэнсацыі выдаткаў, да якіх прывялі дзеяньні ўкраінскіх уладаў.

Але афіцыйны Кіеў пакуль сытуацыю не камэнтуе, калі ня ўлічваць першую рэакцыю сьпікера Службы бясьпекі Ўкраіны Алены Гітлянскай пра нібыта «лякалізацыю» пагрозы нацыянальнай бясьпекі і дзеяньні ведамства «ў рамках сваёй кампэтэнцыі». Грамадзтва і экспэрты дагэтуль не разумеюць, што адбылося ў паветранай прасторы Ўкраіны і чым выкліканыя такія дзеяньні спэцслужбаў.

Ці мелі рацыю ўкраінскія дыспэтчары пагражаць зьнішчальнікамі, а Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) — абгрунтаваныя прычыны для вяртаньня самалёта ў аэрапорт вылету — Радыё Свабода запытала ва ўкраінскіх адмыслоўцаў авіяцыйнай галіны і палітоляга.

У чужым паветры дзеюць і чужыя правілы

Андрэй Гук працуе адвакатам з 2004 году, а апошнія некалькі гадоў займаецца практыкай авіяцыйнага права. У свой час ён абслугоўваў такія міжнародныя авіякампаніі, як Air France-KLM, Austrian Airlines, Alitalia, LOT, British Airways. Менавіта грунтуючыся на сваім досьведзе і ацэньвае інцыдэнт зь беларускім самалётам.

Андрэй Гук
Андрэй Гук

— Сыстэма авіяцыі пабудавана такім чынам, што кожная краіна мае забясьпечваць выкананьне яе самалётамі правілаў той тэрыторыі, над якой ляціць паветранае судна. То бок, калі беларускі самалёт знаходзіцца ў паветранай прасторы Ўкраіны, па вызначэньні экіпаж абавязаны выконваць усе каманды ўкраінскага дыспэтчара. Дыспэтчар атрымаў інфармацыю ад Службы бясьпекі Ўкраіны і ён ня можа яе ігнараваць, ён абавязаны яе выконваць. З іншага боку, СБУ, ацаніўшы рызыку на падставе сваёй інфармацыі, не абавязаная публічна пра гэта абвяшчаць. Бо ў сытуацыі, у якой зараз знаходзіцца Ўкраіна, і ў кантэксьце катастрофы малайзійскага Боінга, ёсьць выразная рэкамэндацыя ацэньваць рызыкі бясьпекі значна вышэй і ў бок яе наяўнасьці, чым у бок яе адсутнасьці. Таму малаверагодна, што СБУ ня мела такой інфармацыі, якая дазваляла зьдзяйсьняць іншыя дзеяньні.

— Адпаведна міжнародным правілам, дыспэтчар меў меў права пагражаць зьнішчальнікамі ці павінен быў неяк інакш абгрунтаваць прычыны вяртаньня самалёта?

Ёсьць пэўная працэдура і яна падобная ва ўсіх краінах.

— Слова «зьнішчальнікі» выклікае адразу нэгатыўнае ўражаньне і меркаваньне, што яны адразу мусяць зьбіць самалёт. Гэта ня так. Ёсьць пэўная працэдура і яна падобная ва ўсіх краінах, якія зьяўляюцца ўдзельнікамі Чыкаскай канвэнцыі, у тым ліку і Беларусі. Калі самалёт не выконвае ўказаньне дыспэтчара, тады гэты самалёт ацэньваецца як патэнцыйная пагроза. Гэтыя правілы аднолькавыя амаль ва ўсім сьвеце. Калі самалёт не выконвае ўказаньні дыспэтчара, тады ў паветра узьнімаюцца не зьнішчальнікі, а чарговыя самалёты-перахопнікі. І гэта абсалютна нармальная звычайная працэдура. Гэтыя самалёты падымаюцца ў паветра не для таго, каб неяк пагражаць самалёту, а для таго, каб выконваць пэўныя манэўры з мэтай яго пасадкі. Кожнаму капітану паветранага судна вядома, што калі ён не выконвае ўказаньне дыспэтчара, то можа быць наступства ў выглядзе суправаджэньня чарговымі самалётамі-перахопнікамі. І больш за тое, у сусьветнай практыцы гэта адбываецца даволі часта. Апошнія выпадкі вядомыя ў Ізраілі, у Вэнгрыі нядаўна узьнімалі васковыя самалёты. Ва Ўкраіне дакладна такая ж працэдура.

— Цяпер беларускі бок патрабуе кампэнсацыі за вяртаньне самалёта. Якія шанцы яе атрымаць ці ўсё ж Украіна мусіць давесьці абгрунтаванасьць сваіх дзеяньняў, каб пазьбегнуць фінансавых спрэчак?

— Украіна і Рэспубліка Беларусь маюць міжурадавае пагадненьне аб паветраных зносінах, якое вызначае працэдуру разьвязаньня спрэчак. Спачатку бакі павінны пачаць кансультацыі. Калі па выніках перамоваў не ўдалося дасягнуць кампрамісу, беларускі бок працягвае настойваць на кампэнсацыі, а ўкраінскі адмаўляецца яе сплачваць, то тады гэта перадаецца на рашэньне арбітражнага суду, які ствараецца ad hoc менавіта па гэтай сытуацыі ў складзе трох арбітраў. Выдаткі на такую працэдуру значна перавышаюць магчымую шкоду ад такой сытуацыі. Па-першае, варта ўлічыць, што самалёт прызямліўся ў Менску ў выніку ўсіх гэтых дзеяньняў украінскага боку з затрымкай на адну гадзіну і дванаццаць хвілін. У авіяцыі затрымка да трох гадзін нават не прыводзіць да лётных кампэнсацый пасажырам. Гэта значыць, у кантэксьце з пасажырамі ў Белавія не будзе ніякіх страт. У кантэксьце апэрацыйных выдаткаў — гэта па сутнасьці страты толькі ў сувязі з дазапраўкай у Жулянах. Гэта зусім нязначныя страты. Тым больш, што дзеяньні ўкраінскага дыспэтчара былі хутчэй правамерныя, чым неправамерныя, таму настойваць беларускаму боку на кампэнсацыі ў далейшым пасьля атрыманьня тлумачэньняў украінскага боку — проста неэфэктыўна. Верагодней за ўсё, на тлумачэньнях украінскага боку гэтая сытуацыя будзе вычарпана.

Калі ж беларускі бок будзе настойваць далей на эскаляцыі гэтай сытуацыі, то ўкраінскі бок можа зрэагаваць у адказ.

Калі ж беларускі бок будзе настойваць далей на эскаляцыі гэтай сытуацыі, то ўкраінскі бок можа зрэагаваць у адказ, у тым ліку абмежаваць нейкія правы «Белавія», можа таксама ўзмацніць пашпартны кантроль на рэйсах. Трэба разумець, што сёньня праз Менск ляціць увесь пасажырапаток з Украіны ў Расею і з Расеі ва Ўкраіну. І вядома, што да гэтых пасажыраў могуць і ў далейшым быць неаднаразова нейкія пытаньні ў Службы бясьпекі Ўкраіны. Такая сытуацыя можа паўтарыцца і ў будучыні, бо ва Ўкраіне абгрунтавана існуюць падставы для ўзмацненьня мер бясьпекі.

— Якім чынам мае быць разьвязаная гэтая сытуацыя?

— Трэба ўлічваць, што «Белавія» — гэта дзяржаўная кампанія, таму МЗС у яе інтарэсах заявіла ноту. Міністэрства атрымае адказ ад украінскага боку, і хутчэй за ўсё, на гэтым інцыдэнт будзе вычарпаны. Такая гучная рэакцыя для беларускай авіякампаніі досыць звыклая — зусім нядаўна быў скандал паміж Украінай і Беларусьсю аб прызначэньні на паветраныя лініі, пра павелічэньне частот для «Белавія», тады зь Беларусі таксама такія рэзкія камэнтары гучалі. Але потым усё вырашылася даволі мірна.

Прабачэньне без кампэнсацыі

Выканаўчы дырэктар украінскай авіякампаніі AeroJet Анатоль Мазурэнка сумняваецца, што ўкраінскія дыспэтчары адразу ж пачалі пагражаць беларускаму экіпажу зьнішчальнікамі.

Анатоль Мазурэнка
Анатоль Мазурэнка

— Я перакананы, што дыспэтчар даў каманду вярнуцца, а мабыць пілёты не адразу выконвалі гэтае ўказаньне, таму дыспэтчар выкарыстаў тэму зьнішчальнікаў як аргумэнт. Пілёты абавязкова павінны былі выканаць папярэджаньні ўкраінскай наземнай службы ў любой сытуацыі. Памятаеце, калі быў тэракт у Амэрыцы ў 2001 годзе, тады ж усе астатнія самалёты ў прымусовым парадку пасадзілі. Уявіце сабе, каб нехта ў такой сытуацыі не выконваў указаньне дыспэтчара? З майго пункту гледжаньня, калі пілёты не выконвалі ўказаньне дыспэтчара, аргумэнт пра магчымасьць выкарыстаньня зьнішчальнікаў быў правамерным. Пра выплату беларускаму боку кампэнсацыі ня можа быць ніякай гаворкі, бо гэта быў форс-мажор, і ніводная дзяржава ў такіх выпадках ня будзе кампэнсаваць страты.

— Ці адаб’ецца гэты інцыдэнт на палітычных адносінах паміж Беларусьсю і Украінаю?

Некалькі дзён на гэтую тэму пагавораць, абмяняюцца думкамі, нехта ў кагосьці папросіць прабачэньня, і наступстваў не будзе.

— На маю думку, нічога не будзе. Некалькі дзён на гэтую тэму пагавораць, абмяняюцца думкамі, нехта ў кагосьці папросіць прабачэньня, і наступстваў не будзе. Гэта ня той выпадак. Я ня думаю, што ўсё гэта рабілася наўмысна. Мабыць у Службы бясьпекі Ўкраіны былі падставы вяртаць самалёт. Іншая рэч, чаму ў самім аэрапорце не праверылі падазронага пасажыра. Але мы ня ведаем дэталяў і няведам, якая там была сытуацыя.

Абарона бясьпекі ці правакацыя

Украінскія палітыкі пакуль сытуацыю не камэнтуюць — маўляў, мала інфармацыі, каб рабіць нейкія высновы. Сябра парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі і абароны Андрэй Левус кажа, што абавязкова будзе высьвятляць падрабязнасьці інцыдэнту. «Я бачыў невялікія навіны на гэтую тэму, але дакладна не ведаю, што там адбылося. Пакуль нічога не магу сказаць на гэты конт», — тлумачыць дэпутат.

Палітоляг Канстанцін Мацьвіенка называе сытуацыю «беспрэцэдэнтнай і абсалютна незразумелай».

Канстанцін Мацьвіенка
Канстанцін Мацьвіенка

— Для пачатку трэба было б паслухаць запісы размоў між экіпажам і дыспэтчарскаю службаю. Але пагражаць грамадзянскаму судну, мірным пасажырам — гэта катастрофа і адсутнасьць у тых, хто гэта рабіў, усялякага ўяўленьня пра тое, як мусяць паводзіць сябе цывілізаваныя людзі. Што мяне вельмі насьцярожвае, дык тое, што мы ня ведаем нічога пра гэты выпадак. А тое, што адбылося, патрабуе стварэньня адмысловай камісіі для расьсьледаваньня, і магчыма, калі там ёсьць прыкметы злачынства, то і адкрыцьця крымінальнай справы. Бо калі там былі пагрозы, то яны маюць прыкметы злачынства. Што гэта было — я ня ведаю. Цяпер адзінае, што можна сказаць — журналісты і грамадзкія актывісты маюць патрабаваць расьсьледаваньня і абнародаваньня дэталяў гэтага інцыдэнту.

— А ці магла мець месца ў гэтым таямнічым інцыдэнце правакацыя з мэтаю абвастрыць адносіны Ўкраіны і Беларусі?

Украінская ўлада павінна растлумачыць, што гэта было.

— На маю думку, беларускія ўлады занялі абсалютна прарасейскую пазыцыю. Бо мы ня бачылі падтрымкі Беларусі на міжнароднай арэне, улады пазьбягаюць афіцыйна прызнаваць Крым тэрыторыяй Украіны, таму нельга казаць пра тое, што цяпер адносіны паміж Беларусьсю і Украінай добрыя. Я так не лічу. Гэты ж інцыдэнт яшчэ больш сапсуе адносіны, гэта відавочна. А ці была тут правакацыя — я не магу меркаваць да таго часу, пакуль мы не атрымаем афіцыйных тлумачэньняў адносна таго, хто даў каманду дыспэтчарам патрабаваць вяртаньня самалёта. У нас ёсьць Антытэрарыстычны цэнтар, сапраўды маглі падазраваць, што на борце знаходзіцца, напрыклад, выбуховае прыстасаваньне. Але ўкраінская ўлада павінна растлумачыць, што гэта было.

XS
SM
MD
LG