Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна праводзіць расьсьледаваньне інцыдэнту зь вяртаньнем самалёту «Белавія» ў кіеўскі аэрапорт


Міністэрства замежных справаў Украіны пасьля інцыдэнту 21 кастрычніка зь вяртаньнем самалёту «Белавія» ў кіеўскі аэрапорт Жуляны і атрыманьня ноты беларускага замежнапалітычнага ведамства зьвярнулася да ўкраінскіх кампэтэнтных органаў для тлумачэньня сытуацыі.

Беларусь апублікавала расшыфроўку ўкраінскіх пагрозаў пілёту «Белавія»

Былы вайсковы лётчык Камароўскі: «Дарэмна нашы задзіраюцца, украінскі дыспэтчар усё рабіў дакладна»

Непрафэсіяналізм, але не пагроза зброяй, — украінскі экспэрт пра вяртаньне самалёта «Белавія»

«На ноту абавязкова мае быць адказ», — адзначыла ў размове з карэспандэнтам радыё Свабода сьпікер Міністэрства замежных справаў Украіны Мар’яна Бэца.

Радыё Свабода таксама зьвярнулася зь пісьмовым запытам да Міністэрства замежных справаў Украіны, у якім пацікавілася магчымымі тэрмінамі адказу Ўкраіны на ноту Міністэрства замежных справаў Беларусі, а таксама прычынамі, паводле якіх украінскі бок не запусьціў прадугледжаныя двухбаковымі пагадненьнямі мэханізмы аб супрацоўніцтве сілавых структураў, каб у Менску пракантраляваць падазронага пасажыра і перадаць Украіне.

«У адказ на ваш запыт ад 27 кастрычніка 2016 году пра сытуацыю з самалётам „Белавія“, у межах кампэтэнцыі Міністэрства замежных справаў Украіны паведамляем такое: украінскі бок з усёй сур’ёзнасьцю паставіўся да інцыдэнту. Цяпер ідзе расьсьледаваньне», — адзначылі ў прэс-службе Міністэрства замежных справаў Украіны.

21 кастрычніка самалёт «Боінг 737-800» (бартавы нумар EW-456PA) авіякампаніі «Белавія», які выконваў рэйс В2-840 па маршруце Жуляны (Кіеў) — Менск, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт вылету на патрабаваньне ўкраінскіх дыспэтчараў. «Белавія» заявіла, што з боку дыспэтчараў былі пагрозы ўзьняць у паветра зьнішчальнікі ў выпадку невыкананьня іх распараджэньня. На борце знаходзілася 136 пасажыраў і 6 чальцоў экіпажу.

Самалёт вярнулі ў Кіеў празь вядомага блогера і «антымайданаўца» Армэна Мартырасьяна. Сам Мартырасьян увечары таго ж дня, пасьля праверкі супрацоўнікамі СБУ (паводле блогера, у яго шукалі нейкі назапашвальнік інфармацыі), вылецеў іншым рэйсам «Белавія» у Менск. Цяпер ён знаходзіцца ў Маскве і абяцае зьвярнуцца з нагоды гэтага інцыдэнту ў суд.

Міністэрства замежных справаў Беларусі накіравала Ўкраіне ноту пратэсту з патрабаваньнем афіцыйнага выбачэньня і кампэнсацыі выдаткаў, да якіх прывялі дзеяньні ўкраінскіх уладаў. Беларускі бок сьцьвярджаў, што ўкраінскі бок пагражаў ужыць зьнішчальнікі супраць пасажырскага судна — надзвычайная рэч у міжнароднай практыцы.

Сёньня беларускія дзяржаўныя СМІ, у ліку якіх БЕЛТА і «Советская Белоруссия», апублікавалі, як сьцьвярджаецца, расшыфроўку размовы дыспэтчара «Кіеў-Радару» і пілёта «Боінга 737-800» рэйсу «Белавія» В-2-840, якому 21 кастрычніка ўкраінскі бок ня даў вярнуцца ў Беларусь, прымусіў разьвярнуцца ў Кіеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG