Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самалёт «Белавія» як «чорны лебедзь» у беларуска-ўкраінскіх стасунках


Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: У інцыдэнце зь вяртаньнем самалёту «Белавія» ў кіеўскі аэрапорт Жуляны самы востры і небясьпечны момант — была ці не было пагрозы ўкраінскага дыспэтчара падняць у паветра зьнішчальнікі, каб прымусіць беларускі самалёт вярнуцца. Усё астатняе — наколькі сурʼёзную пагрозу ўяўляў пасажыр Мартырасян, што яго нарэшце адпусьцілі, чаму яго пусьцілі ў Жулянах на борт самалёту — пытаньні другасныя. Спэцслужбы нідзе ня маюць звычкі дзяліцца сваімі таямніцамі, Украіна знаходзіцца ў стане неабвешчанай вайны, ну а на вайне здараюцца і вострыя моманты, і накладкі, дарэчы.

А вось наконт зьнішчальнікаў — гэта момант больш сурʼёзны. Пра тое, што пагроза ўзьняць зьнішчальнікі прагучала, заявіла і кампанія «Белавія» ў сваім першым жа паведамленьні, і пілёт беларускага «Боінгу», які вёў перамовы з дыспэтчарскім цэнтрам у Кіеве.

Паводле паведамленьняў СМІ, прадстаўнікі СБУ гэта зьняпраўдзілі. Але ці так гэта? Прадстаўнікі СБУ сказалі дакладна наступнае: «Няўжо можна сурʼёзна ўспрымаць інфармацыю, што зьнішчальнікі маглі быць паднятыя ў неба супраць цывільнага ляйнэра?», «Абсурдна лічыць, што нашыя вайсковыя лятучыя апараты могуць быць ужытыя супраць цывільнага борту».

Але гэта адказы не на ключавое пытаньне. Дапусьцім, што не маглі быць паднятыя, што ня могуць быць ужытыя. Аднак гэта не адказвае на пытаньне, дык ці прагучала пагроза.

Яснасьць магла б унесьці стужка з запісам размовы борту і Жулянаў, «Белавія» абяцае яе абнародаваць, украінскі бок, заўважым, гэтага не абяцае. Хаця ня выключана, што калі стужкі будуць абнародаваныя, яны акажуцца рознымі ў беларускага і ўкраінскага бакоў.

У мяне ёсьць свая вэрсія, якая сумяшчае на першы погляд супярэчныя інтэрпрэтацыі.

Мне здаецца, што ўкраінскі бок у выніку сваіх дзеяньняў і заяваў пасьля інцыдэнту панёс рэпутацыйныя страты.

На патрабаваньне дыспэтчара пілёт стаў ня тое што пярэчыць, але абмяркоўваць сытуацыю: калі выляталі, усё ж было ў парадку, а можа дацягну да Менску, няшмат жа часу засталося, зьвяжыцеся зь Менскам, хай там разьбіраюцца. А да перасячэньня мяжы заставаліся хвіліны. Ну, а ўкраінскі дыспэтчар, якому ў патыліцу дыхалі людзі з СБУ, і панэрваваўся: маўляў, вы не разумнічайце, справа сурʼёзная, мы ж у выпадку чаго і зьнішчальнікі можам у паветра ўзьняць.

Ніякія зьнішчальнікі ніхто б узьняць проста не пасьпеў, напэўна, і не ўзьнялі б, калі б час на гэта і быў. Але пагрозай далі зразумець, што трэба выконваць патрабаваньне.

Беларускі лётчык сказаў, што, паводле ўсіх правілаў, пілёт цывільнага ляйнэра абавязаны выконваць каманды дыспэтчара. Але мне асабіста слаба верыцца, каб простая каманда адразу суправаджалася такой злавеснай пагрозай. Калі пілёты звычайна абавязаныя аўтаматычна выконваць каманды, нашто было пагражаць, якія падставы ў дыспэтчара былі лічыць, што беларускі борт не паверне без пагрозаў? Ну, а калі пачаўся нейкі дыялёг, то сказана магло быць усякае.

І калі падзеі разгортваліся менавіта так, то як бы ўсе маюць рацыю: і беларускі бок, што пагроза прагучала, і СБУ, што ніхто рэальна ўзьнімаць зьнішчальнікі ня мог і не зьбіраўся.

Калі казаць у цэлым, то мне здаецца, што ўкраінскі бок у выніку сваіх дзеяньняў і заяваў пасьля інцыдэнту панёс рэпутацыйныя страты. І справа ня толькі і ня столькі ў расейскай прапагандзе, якая напоўніцу выкарыстоўвае інцыдэнт, каб дыскрэдытаваць Украіну, каб зьвязаць здарэньне са зьбітым у 2014 годзе малайзійскім Боінгам.

Рабіць зь Беларусі нядобразычліўца — здаецца, апошняе, што зараз трэба Ўкраіне.

Звычка расейскай прапаганды хлусіць не зьяўляецца індульгенцыяй на любыя дзеяньні, тым больш адносна краіны, не заангажаванай у канфлікт. Нават калі пагрозы зьнішчальнікамі не было, пасажырам была прычыненая нязручнасьць, «Белавія» панесла пэўныя выдаткі — чаму нельга было адразу папрасіць прабачэньня? «У нас вайна, людзі гінуць, а вы на нязручнасьці і страты крыўдзіцеся», — лёгіка субʼектыўна зразумелая, але абʼектыўна сьледаваньне ёй наносіць шкоду Ўкраіне.

Выбачацца ніхто ня любіць, але зараз, пасьля таго, як МЗС Беларусі гэтых прабачэньняў запатрабавала, гэта рабіць будзе яшчэ цяжэй. Але і не выбачацца — яшчэ горш. Рабіць зь Беларусі нядобразычліўца — здаецца, апошняе, што зараз трэба Ўкраіне. Як ціск Масквы на Менск, каб той устаў у антыўкраінскі шыхт, гэтак і настроі масы беларускага насельніцтва не зьяўляюцца сакрэтам. Пагаршаць і без таго неідэальную сытуацыю не выглядае ўдалым дыпляматычным крокам.

Ну а калі пагроза зьнішчальнікамі ўсё ж была, хай сабе і ў злосьці, ці як рэакцыя на не зусім карэктныя паводзіны пілёта, і якую і не зьбіраліся выконваць, то выбачацца, на мой погляд, варта больш пераканаўча і выразна. Магчыма, і з пакараньнем нейкіх чыноўнікаў. Пагроза нацыянальнай бясьпецы, якую ўяўляў пасажыр рэйсу «Белавія», магчыма, і праўда была сурʼёзнай, але стасункі з суседняй краінай — таксама пытаньне і нацыянальнай бясьпекі ў тым ліку.

Цыганкоў: Мне здаецца, што цяпер ведамствы Ўкраіны і Беларусі вельмі напружана працуюць над тым, як залагодзіць гэты інцыдэнт, які здарыўся не па нейкаму зламыснаму пляну, а ненаўмысна. Хтосьці не стрымаўся, хтосьці сказаў лішняе, хтосьці перавысіў паўнамоцтвы і гэтак далей.

Цяжка ўявіць, каб такі інцыдэнт мог бы адбыцца зь нямецкім альбо амэрыканскім самалётам, каб украінскі дыспэтчар казаў амэрыканскім пілётам — вяртайцеся, а то запусьцім зьнішчальнікі.

Тое, што «Белавія» ўжо два дні — насуперак свайму абяцаньню — так і не публікуе запіс размовы дыспэтчара і пілёта, як мне здаецца, якраз даказвае тое, што зараз абодва бакі спрабуюць ня даць разьвіцца гэтаму інцыдэнту ў нешта большае.

Зь іншага боку, заслугоўвае ўвагі, што гэта адбылося менавіта зь беларускім ляйнэрам. Мне цяжка ўявіць, каб такі інцыдэнт мог бы адбыцца зь нямецкім альбо амэрыканскім самалётам, каб украінскі дыспэтчар казаў амэрыканскім пілётам — вяртайцеся, а то запусьцім зьнішчальнікі.

Магчыма, менавіта таму беларускі бок адчуў сябе асабліва пакрыўджаным і ўспрыняў гэты інцыдэнт як пэўную зьнявагу. Таму канфлікт так лёгка і не залагоджваецца. Плюс тут прысутныя ўсе тыя палітычныя прычыны, пра якія казаў ужо Юры.

Карбалевіч: Скандал з самалётам авіякампаніі «Белавія» сьведчыць пра тое, што Беларусь у чарговы раз стала ахвярай расейска-украінскага канфлікту, бо зьняты з рэйса пасажыр зьяўляецца журналістам расейскага СМІ і заўзятым праціўнікам украінскіх уладаў.

Украінскія ўлады патрапілі ў непрыемную сытуацыю. Высьветлілася, што такія даволі радыкальныя дзеяньні адносна беларускага самалёту былі марнымі. Затрыманага пасажыра адпусьцілі, і ён паляцеў у Менск наступным рэйсам. Ці варта было саджаць самалёт? Такія дзеяньні ладзяцца толькі пры пагрозе тэракту ў самалёце ці пры ўмове, што на борце самалёту знаходзіцца надзвычай небясьпечны злачынец. Ні таго, ні другога ў дадзеным выпадку не было.

Падаецца, што ўкраінскія сілавікі знаходзяцца ў нейкім стрэсавым стане пэрманэнтнай ворагаманіі. Толькі гэтым можна растлумачыць дзеяньні СБУ.

Пагатоў ці варта было пужаць пілётаў зьнішчальнікамі? Паводле міжнародных правілаў, пілёт павінен падпарадкоўвацца загадам дыспэтчара.

Падаецца, што ўкраінскія сілавікі знаходзяцца ў нейкім стрэсавым стане пэрманэнтнай ворагаманіі. Толькі гэтым можна растлумачыць дзеяньні СБУ.

Ня думаю, што Беларусь і Ўкраіна будуць ісьці шляхам эскаляцыі канфлікту. З боку афіцыйнага Кіева варта было б прынесьці афіцыйныя прабачэньні і кампэнсаваць страты «Белавія». Ніводзін бок цяпер не зацікаўлены ў разьдзьмуваньні канфлікту.

У гэтым зацікаўленая хіба Расея, расейскія СМІ вельмі ўзбуджаныя з прычыны гэтага інцыдэнту.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG