Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы вайсковы лётчык Камароўскі: «Дарэмна нашы задзіраюцца, украінскі дыспэтчар усё рабіў дакладна»


Вайсковы лётчык Аляксандр Камароўскі пракамэнтаваў інцыдэнт з самалётам «Белавія», які ўкраінскія авіяцыйныя службы прымусілі вярнуцца ў кіеўскі аэрапорт Жыляны 21 кастрычніка пад пагрозай «ужываньня баявога самалёта для перахопу».

«Украінскаму дыспэтчару я б выказаў падзяку, а беларускаму экіпажу накруціў бы хвост!», — кажа Свабодзе Камароўскі.

— Гэта звычайная практыка — тое, што рабіў украінскі дыспэтчар. Калі ў іх было падазрэньне, прычым любое (ня толькі тэрарыст, а можа, якія наркотыкі, зброя ці няспраўнасьць тэхнічная), дык любы камандна-дыспэтчарскі пункт можа аддаць такі загад: тэрмінова разварочвацца і вяртацца. І гэта выконваецца без абмеркаваньня, проста разварот — і пайшоў назад ды на пасадку.

Чаму нашы пачалі высьвятляць, а чый гэта загад, а ці варта — гэта ўжо стоадсоткавае парушэньне. Высьвятляць усё будзеце потым, а ў паветры загады не высьвятляюцца, а выконваюцца. А раптам у службы бясьпекі палётаў была інфармацыя пра бомбу на борце самалёта, якая можа выбухнуць у любы момант? Яны нават сказаць пра гэта пілётам ня маюць права, а раптам стане вядома таму, хто кіруе гэтай бомбай?

Таму ніякіх абмеркаваньняў: выконваецца загад, а потым, на зямлі, шукаюць адказы, складаюцца пратаколы і гэтак далей. А то пачалі абмяркоўваць і даляцелі амаль да сваёй тэрыторыі і толькі там разьвярнуліся! Калі б я быў іх лётным начальнікам, дык накруціў бы хвост. А ўкраінскаму дыспэтчару што? Ды ён усё правільна рабіў — падзяку.

Непрафэсіяналізм, але не пагроза зброяй, — украінскі экспэрт пра вяртаньне самалёта «Белавія»

— Ці правільна было тое, што дыспэтчар адразу, як перадаў загад вярнуцца, дадаў, што калі не выканаеце, дык будуць паднятыя баявыя самалёты на перахоп?

— Можна было гэта і не казаць, так. Але, магчыма, была прычына. Па размовах цяпер бачым, што пілёт адразу пачынае высьвятляць: а якая прычына, а што здарылася, хто перадаў? Ужо пагадзіўся вяртацца, а потым працягвае высьвятляць, хто даў загад. Якая табе розьніца? А час ідзе. Дагаварыліся да таго, што ледзь на Беларусь не заляцелі, і тады ўжо канчаткова вырашылі вяртацца. Парушэньне інструкцыі, якая кажа, што загад дыспэтчара для цябе закон.

— Што падказвае ваш лётны досьвед: калі б баявыя самалёты для перахопу паднялі ў паветра, яны сапраўды маглі б выкарыстаць зброю?

— Ды не, да такога не даходзіць. Мяне не саджалі, але шмат разоў бачыў, як дзейнічаюць такія перахопнікі. Кітайскія, японскія — розных бачыў. Набліжаюцца, ляцяць побач і сыгналамі паказваюць, што трэба сесьці. Якімі сыгналамі? Ёсьць спэцыяльныя, самалётам, ды проста жэсту хопіць: на вышыні разраджаная атмасфэра і бачнасьць значна лепшая, чым на зямлі. Можна бачыць зморшчынкі на твары лётчыка з другога самалёта. Пакажа пальцам уніз — і ўсё, выконвай.

Гэта было ў часы СССР. Тады сытуацыя была іншай, але да ўжываньня зброі ніколі не даходзіла, а тут тым больш. Сяброўскія краіны, якая зброя! Можа, таму, што цяпер на Ўкраіну ўсё навешваюць, дык і нашы сталі задзірацца, але як на мой погляд, дык украінцы дзейнічалі цалкам нармальна. А раптам там бомба? Ані сэкунды нельга марудзіць, а тут беларусы пачалі высьвятляць, што ды чаму. Памылка.

Аляксандр Камароўскі лятаў як бортінжынэр на вайсковых транспартных самалётах 8 гадоў і яшчэ больш за 10 гадоў лятаў як службовец і інспэктар, калі быў начальнікам групы авіяцыйнага абсталяваньня. Вэтэран баявых дзеяньняў у Аўганістане.

XS
SM
MD
LG