Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Караткевіч: успаміны калег і сяброў

абноўлена

Вольга Караткевіч працавала на Радыё Свабода з 1996 году.

29 чэрвеня каля 14:00 у Менску памерла беларуская журналістка, былая супрацоўніца Радыё Свабода Вольга Караткевіч.

Прычынай сьмерці стала цяжкае анкалягічнае захворваньне. Ёй было 43 гады.

Вольга Караткевіч нарадзілася 8 ліпеня 1972 году. Яна працавала на Радыё Свабода з 1996 па 2009 год. Казала, што ўсьвядоміла сябе беларускай, дзякуючы Зянону Пазьняку.

Скончыла філялягічны факультэт БДУ. Пісала вершы і прозу на беларускай мове, перакладала з польскай і ангельскай. У журналістыцы з 1994 году, працавала ў тэлекампаніі «ФІТ», на Радыё 101.2, беларускай рэдакцыі Польскага Радыё, газэце «Наша Ніва».

Была сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Пераклала апавяданьне Рэя Брэдбэры «Нічога новага, альбо што забіла сабаку?»

Рыгор Барадулін пра Вольгу Караткевіч (з кнігі "Дуліна ад Барадуліна)

У Вольгі энэргіі й клёку
Хапае, каб быць прэзыдэнтшаю,
Каб браць гарады не з наскоку,
Пярэчыць праменіста змроку,
А змрок, як знарок, ані меншае.
Абмытай пяшчотнай залеваю,
У сэксе ёй быць каралеваю!

ФОТАГАЛЕРЭЯ

Журналістка Вольга Бабак працавала разам з Вольгай Караткевіч на радыёстанцыі 101,2:

«Вольга Караткевіч прыйшла працаваць на наша радыё 101,2 з тэлекампаніі „ФІТ“ разам зь Юрасём Бушляковым. Адразу адчувалася, што гэта гатовы і моцны прафэсіянал. Яна рабіла праграму „Бізнэс-актуаліі“. Складаная тэма, вельмі няпростыя суразмоўцы. Але яна ў студыі іх раскручвала так, што было вельмі цікава слухаць яе перадачы нават тым, хто ў бізнэсе нічога не разумеў.

Напачатку 2000 нашы прафэсійныя шляхі разышліся, але я бачылася з Вольгай пару месяцаў назад — яна была ўжо ў дастаткова цяжкім стане. Я вазіла яе на машыне ў Вільню. Разьвітваючыся, сказала „Ты моцны баец, ты ўсё правільна робіш, ты змагаесься“. Такой яна і была — моцным байцом».

Праграмны дырэктар радыё 101,2 Зьміцер Новікаў кажа, што ў свой час Вольга Караткевіч была адным з самых яскравых радыёжурналістаў:

«Вольга працавала, калі я быў праграмным дырэктарам на радыё 101,2. Яна была вядучай інфармацыйных праграмаў. Гэта вельмі таленавіты чалавек, на тыя часы адзін з самых яскравых вядучых, якія былі на беларускім радыё. Яна жыла ў гэтым, жыла радыё. На жаль, доўгі час мы ня бачыліся, але я сачыў за яе карʼерай, ведаў, дзе яны працавала. Вельмі шкада пачуць пра яе сыход».

Журналіст Генадзь Кесьнер, былы калега Вольгі:

«Па-першае, гэта быў чалавек вельмі імпульсіўны, экспрэсіўны, таленавіты, вельмі працавіты. Памятаю, у сярэдзіне 90-х гадоў Вольга прыйшла да нас на Радыё 101.2 адначасова зь Юрасём Бушляковым, ужо таксама сьветлай памяці. Гэта зьявіліся два такія таленты, бо і галасы былі цудоўныя, і працаздольнасьць вялікая, і мовазнаўцамі былі вялікімі.

Але калі Юра быў больш разважлівы, у Вольгі проста перла энэргія. Яна бралася за любыя справы, гэта тычылася ня толькі радыё, але яна ж выкладала ў „Беларускім калегіюме“, лётала на заняткі. Яна ўмела бараніць свой пункт гледжаньня. Нарэшце, яна была вельмі прыгожай дзяўчынай.

Характар у яе быў ня цукар, яна магла быць жорсткай, магла нешта зрабіць, а потым пашкадаваць. Бывалі такія моманты, калі яна рабіла рух, дзеяньне, а потым прыходзіла развага. Але ж наогул гэта быў чалавек, якому бог даў талент.

Вельмі шкада, бо ў такім веку трэба жыць і жыць, зьдзяйсьняцца, рэалізоўвацца».

Музыка Лявон Вольскі, былы калега Вольгі:

«Мы працавалі разам на Радыё 101.2. Тады быў такі „зорны склад“, „залатыя часы“ беларускай журналістыкі і дыджэйства, калі цэлы FM-канал вяшчаў на беларускай мове, там абмяркоўваліся розныя палітычныя рэаліі. Усё гэта было досыць папулярнае, і яна была вельмі жывым, актыўным чалавекам тады. У апошні год яна мне часта тэлефанавала, размаўлялі — і яна заставалася актыўным чалавекам, змагалася. Яна прасіла ў мяне кампакты, раздавала іх паўсюль у лякарнях, дзе мусіла знаходзіцца, папулярызавала беларускую справу. Цяжкі год, што скажаш».

Журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Сяргей Абламейка:

«З усіх калегаў я, відаць, найдаўжэй ведаў Волю Караткевіч. У 1987-88 навучальным годзе я пачаў выкладаць гісторыю ў пятых і шостых клясах сярэдняй школы №124 у менскай Чыжоўцы. Часам даводзілася замяняць і хворага калегу, які выкладаў у старэйшых клясах. Адной зь дзевяціклясьніцаў і была Вольга Караткевіч. Ужо тады было зразумела, што ў ёй хаваецца вялікая ўнутраная энэргія і вялікі патэнцыял. Яна рэзка вылучалася сярод іншых вучняў сваёй няўрымсьлівасьцю і жаданьнем дамагацца самых значных мэтаў. Неўзабаве я перайшоў на працу ў музэй Народнай архітэктуры і побыту, і зноў мы сустрэліся з Вольгай больш чым праз дзесяць гадоў, ужо ў Празе, куды ў канцы 90-х гадоў яна прыехала на працу ў Беларускую службу Радыё Свабода. Тут Вольга цалкам пацьвердзіла мае старыя ўражаньні. Яна была вельмі амбіцыйнай і мэтанакіраванай журналісткай, цалкам арыентаванай на асабісты посьпех. Цікава было назіраць як яна ставілася да падрыхтоўкі жывых эфіраў, якой патрабавальнай была да карэспандэнтаў і прадусараў. Адпаведнымі атрымліваліся і тыя эфіры. Яна імкнулася браць інтэрвію ў асоб першага пляну, і ёй гэта вельмі добра ўдавалася. Мне асабліва запомнілася яе інтэрвію з прэзыдэнтам Чачні Зэлімханам Яндарбіевым незадоўга да ягонай сьмерці... Была яна і вельмі патрыятычнай беларускай. Вельмі шкада, калі такія людзі сыходзяць так рана... »

Журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Юры Дракахруст:

«Вольга была высокім прафэсіяналам, радыйным журналістам ад Бога. Было бачна, як яна проста купалася ў прамых эфірах, асабліва падчас крызісных момантаў — выбараў, вострых сутыкненьняў. Гэта была яе стыхія. Я б яшчэ дадаў, што Воля была вельмі добрым і вясёлым чалавекам. Яна вельмі любіла жыцьцё, якога ёй, на жаль, было адпушчана так мала».

Журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Сяргей Навумчык:

«З Вольгай мы працавалі некалькі гадоў у адным пакоі — і ад яе ўвесь час ішла энэргетыка такога невычэрпнага аптымізму, яна нават пра нейкія адмоўныя зьявы магла сказаць з доляй гумару ці іроніі. Адначасна, яна была глыбокім чалавекам, добра разьбіралася ў мастацтве, у літаратуры. Мы часта спрачаліся зь ёй у ацэнцы тых ці іншых падзеяў, тых ці іншых асобаў, але нашыя погляды на нацыянальнае Адраджэньне супадалі цалкам. Вольга мела вельмі моцныя, непарушныя нацыянальныя перакананьні, тут яна магла з’яўляцца эталёнам. Яе сыход — вялікая страта, страта яшчэ адной выдатнай асобы ў нашай пасыпанай чарнобыльскім попелам краіне».

Журналістка Беларускай службы Радыё Свабода Ганна Соўсь:

«Вольга Караткевіч была бліскучай, крэатыўнай, нястомнай журналісткай і адначасна тонкім, вельмі ранімым чалавекам. Творчасьць, праца, радыё, эфіры, інтэрвію — гэта было яе сапраўднае жыцьцё ў Празе, якому яна аддавалася цалкам.

У мяне дагэтуль у памяці наш сумесны эфір у ноч на 24 сакавіка 2006 году, калі ўначы мы даведаліся пра разгон намётавага лягеру на Плошчы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Я рыхтавала навіны, Зьміцер Васількоў быў прадусарам, а Вольга — мадэратарам. Я лічу, што гэта быў адзін з найскладанейшых і адначасна найлепшых эфіраў у гісторыі беларускай Свабоды. Уключэньні з Плошчы, ад турмы на Валадарскага, мноства камэнтароў у жывым эфіры — гэтыя дзьве гадзіны трымалі ў напружаньні і падавалі ўсё новую інфармацыю аб затрыманых і тых, хто застаўся на волі. І сталі часткай Свабодаўскай кнігі «Плошча», выдадзенай неўзабаве.

Калі я пачала працаваць на Свабодзе ў 2000 годзе, я ведала Вольгу толькі па голасе — энэргічным і вельмі выразным. Адразу было чуваць жанчыну з характарам. Калі я перадавала ў жывым эфіры рэпартажы з Курапатаў у 2001-2002 гадах, заўсёды пасьля эфіру Вольга знаходзіла для мяне цёплыя словы падтрымкі і ўдзячнасьці.

А вось упершыню мы сустрэліся ў чэрвені 2002 году, калі я з дачкой прыехала на тыдзень у Прагу. Яна падарыла маёй Лоры прыгожага плюшавага сабаку-далмацінца. З таго часу мінула 14 гадоў. Дачка ўжо дарослая, але ў нашай кватэры на канапе дагэтуль ляжыць сабака ад Волі Караткевіч. Як і з архіўных запісаў Радыё Свабода можна пачуць яе пазнавальны голас... Сьветлая памяць».

Журналістка Беларускай службы Радыё Свабода Алена Радкевіч:

«Адзінота. Гэта тое, што ўзьнікае ў думках, калі ўзгадваю Вольгу. Вясёлая, актыўная, камунікабэльная — і практычна бяз блізкіх людзей.

Такую ўжо мела ўласьцівасьць характару: звычку прэвэнтыўна адбівацца ад нападак, нават калі іх ніхто і не плянаваў. Бяскрыўдную, але адказам была дыстанцыя навакольных, аб якую балюча ранілася. Пры гэтым заўсёдная гатоўнасьць дапамагаць: увесь час падкормлівала некага маламаёмнага, адкрывала дом для напаўзнаёмых, часта трапляючы на няўдзячнасьць, падман. Летуценьніца і фантазёрка: дапрыдумлівала сабе тое, чаго не хапала навокал. Лёгкага падарожжа ў сьвет мараў, Вольга...»

Намесьнік дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Багдан Андрусышын (Данчык):

«Аб тым, што Воля была надзвычай здольнай, энэргічнай і яркай журналісткай, бадай усе ведаюць як у прафэсійных колах, так сярод нашых слухачоў і чытачоў.

Але куды больш важна, што гэта быў залаты чалавек. Чулая, спагадлівая... Цешуся, што меў магчымасьць пагутарыць зь ёю па тэлефоне некалькі месяцаў назад. Воля ўжо тады была вельмі хворая — аднак па-голасе ейным я б гэта ніколі не пазнаў: яна была бадзёрай, поўнай апіымізму, гумару, шчодрасьці, добразычлівасьці, сьмеласьці! Хоць я яе дакладна такой і памятаў, а ўсё ж моцна зьдзівіла мяне, што цяжкі лёс не зьмяніў яе на ёту.

Воліны маці і сястра, пра якіх яна мне часта распавядала, могуць ганарыцца, што была у іх такая цудоўная дачка і сястра. Шчыра ім спачуваю у іхнім вялізным горы».

Журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Ігар Карней:

«Тыдзень са шчасьлівай Вольгай

Знаёмства з Вольгай перарасло з завочнага ў рэальнае паўтара дзясятка гадоў таму. Напачатку 2001-га я атрымаў „падзяку за працу“ у выглядзе тыднёвай паездкі ў Прагу. Нічога ўзамен не патрабавалася, хіба што паглядзець, як працуюць калегі ў цэнтральным офісе.

Апекавацца калі не маладым, то новым журналістам, які толькі-толькі прыйшоў на Свабоду, узяліся Вячаслаў Ракіцкі і Вольга Караткевіч. Увесь тыдзень пасьля працы яны спраўна „выгульвалі“ мяне, як у вядомай песьні „Крамбамбулі“, па барах і бістро, па дыскатэках і начных клюбах, пашыраючы мае культурна-піўныя гарызонты. Гэта быў тыдзень, які я не ўяўляў асобна ад Вольгі. І тую, першую ў сваім жыцьці Прагу, асацыюю перадусім зь ёй. Для яе гэта быў час будаўніцтва напалеонаўскіх плянаў.

Уражвала яе здольнасьць нараджаць ідэі, незалежна ад месца знаходжаньня — працоўнае месца, трамвай ці піўбар. І талент ня быць раўнадушнай, абыякавай — справа была да ўсяго. Той выпадак, калі грамадзкае пераважвала над асабістым. Ды што хаваць: вытрымліваць градус яе актыўнасьці часам было ня так і проста.

А вось свой уласнае жыцьцё толкам так і не зьляпіла. Магчыма, каб былі надзейныя тылы, успрымаць будзённасьць было б прасьцей. Але завышаныя патрабаваньні да сябе і патэнцыйных спадарожнікаў скончыліся зусім ня тым працягам, як гэта ўяўлялася цягам тыднёвых вакацый паўтара дзясятка гадоў таму».

Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:

«Раніцай, гадзіне так а 4-й, мяне разбудзіў званок. Вольга не вітаючыся, быццам мы толькі перарваліся на хвіліну, кулямётам пераказала падрабязнасьці начной праграмы Свабоды, я на ўсякі выпадак падзякаваў, яна паклала трубку, і толькі тады да мяне дайшло — штурмам узяты намётавы лягер на Кастрычніцкай плошчы, скончыліся пяць дзён менскага цуду 2006 году, калі выспа свабоды у цэнтры гораду была ня толькі галоўным месцам кругласутачнай працы журналістаў Свабоды і зьместам эфіру, але і самім эфірам — абаронцы лягеру падносілі кароткахвалёвыя прыймачы да ўзмацняльніка, і праграма Свабоды гучала жыўцом над плошчай, і гучаў голас Вольгі, яе гутаркі з абаронцамі, зь іх сябрамі, бацькамі, палітыкамі... Калі б яна была тады ў Менску, дык напэўна начавала б у намёце і потым апынулася б на Акрэсьціна. Амапаўцам пашанцавала. Яна не прызнавала межаў ні ў прафэсіі, ні ў жыцьці, ляцела ці яе несла сваім шляхам, і гэты палёт застанецца ў памяці яго безразважнай і безабароннай прыгажосьцю, талентам яркім як зьнічка, і як зьнічка занадта занадта занадта кароткім».

Разьвітаньне з Вольгай Караткевіч адбудзецца 30 чэрвеня аб 11:30 у 10-м шпіталі на вуліцы Ўбарэвіча, 73а. Пахаваюць яе ў вёсцы Пятровічы.

Вольга Караткевіч на Свабодзе

Вольга Караткевіч, вядучая эфіру "Радыё Свабода" 24-га сакавіка 2006г. Разгон намётавага лягеру.​


Павел Шарамет: «Галоўны варыянт Крамля — варыянт аб’яднаньня Інтэрвію з Паўлам Шарамэтам.

В.Корсак: «Да мяне ніколі ня чулі, што танец выкладаюць па-беларуску». Інтэрвію з Вольгай Корсак​, чэмпіёнкай сьвету ў спартовых танцах)

Зянон Пазьняк: «Нацыяналізм і дэмакратыя — сынонімы» (Інтэрвію з Зянонам Пазьняком)

«З чаго пачынаецца Жодзіна». «Вольная студыя» з Андрэем Хадановічам

Максім Жбанкоў: «Усё, што я рабіў у розных сфэрах, было шляхам да маёй уласнай свабоды». Гутарка з культуролягам і кінааналітыкам Максімам Жбанковым

Мадлен Олбрайт: «Кожная асоба павінна мець магчымасьць ісьці так далёка, як дазваляе талент»

Швэдзкі перакладчык Стафан Скот пра Васіля Быкава

Салжаніцын ведае, што Васіль Быкаў ня ўдзельнічаў у кампаніях супраць яго і кажа, што добра ставіцца да Быкава

Ігар Кулей: “З прозьвішчам Кулей лягчэй, чым з прозьвішчам Мілінкевіч”

Зянон Пазьняк: я буду ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году

Вольга Караткевіч. Дэмакрат (Са Слоўніку Свабоды)


На пытаньне: хто ты? беларускі апазыянэр сьціпла адкажа: дэмакрат. На пытаньне — хто ёсьць прычынай жабрацтва насельніцтва, вялікая частка апошняга, грэбліва названая дэмакратамі электаратам, упэўнена й адкажа -дэмакрат. У палітычных дэбатах каля гарадзкіх пад’ездаў і на вясковых лаўках беларускі люд чахвосьціць хвалёную заходнюю дэмакратыю, якая навязвае братам па славянскай крыві свае, прымітыўныя як гамбургер, дэмакратычныя стандарты. А таксама корміць тутэйшага дэмакрата, адзінай работай якога — ладзіць пэрфомэнсы каля менскага опэрнага тэатру ці дыскрэдытаваць палітыку дэмакратычна абранага першага прэзыдэнта Беларусі ў якім-небудзь Страсбуры.

Чаму на постсавецкай прасторы так ня любяць дэмакратаў? Таму што апроч «прыхільніка дэмакратыі» для савецкага чалавека дэмакрат быў яшчэ «чальцом буржуазнай дэмакратычнай партыі». У гэтым азначэньні тлумачальнага слоўніка слова «дэмакратычнай» дакладна саступае па экспрэсіі слову «буржуазнай». Да таго ж першыя пазытыўныя дэмакраты хутка станавіліся злодзеямі — дэмакрат Гарбачоў разваліў краіну, Шушкевіч яму дапамагаў, а таксама будаваў лецішча маладэмакратычным шляхам — нібыта краў цьвікі. Калі ж слова дэмакрат вымаўляецца невыразна, прыглушана ці сьцяўшы зубы, адразу адчуваецца перадсьмяротная артыкуляцыя камунізму.
Цяпер сярод беларусаў ёсьць нацыянальны дэмакрат, хрысьціянскі дэмакрат, сацыяльны дэмакрат і лібэральны дэмакрат. Усе абсалютна розныя. Спароджаныя адной кволай дэмакратыяй, таму павязаныя адной мэтай — хутчэй гэтую дэмакратыю аднавіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG