Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Павел Шарамет: “Галоўны варыянт Крамля – варыянт аб’яднаньня”


Вольга Караткевіч, Прага Госьць сёньняшняга эфіру – журналіст, кіраўнік спэцыяльных праграм каналу ОРТ Павел Шарамет. Вядомы журналіст выказвае свае меркаваньні пра канфлікт вакол Саюзу палякаў, расейскую палітыку, беларуска-расейскія дачыненьні і іхныя пэрспэктывы.

(Караткевіч: ) “Павел, як Вы пачынаеце сваю раніцу?”

(Шарамет: ) “Я пачынаю свой рабочы дзень даволі позна. Звычайна я падымаюся а дзявятай – палове дзясятай, але гэта праз тое, што лажуся спаць недзе ў раёне другой – трэцяй гадзіны. Пачынаю дзень вельмі жвава: устаў, памыўся, выпіў кавы, ачуўся – і паехаў на працу. Усё вельмі банальна – як у бальшыні людзей”.

(Караткевіч: ) “Давайце пачнем нашую размову з сытуацыі вакол Саюзу палякаў і абвастрэньня дачыненьняў афіцыйнага Менску з Польшчаю. Некаторыя беларускія аналітыкі гавораць, што гэтая сытуацыя працуе на Аляксандра Лукашэнку, што ён такім чынам умацоўвае свае пазыцыі, адзначаюць, што Лукашэнку ўласьціва шукаць ворагаў, што гэтыя пошукі робяць яго моцным. На Вашую думку, наколькі такое меркаваньне слушнае?”

(Шарамет: ) “Ніколі ніякі гвалт, ніякі фашызм не працуе ў доўгай пэрспэктыве на чалавека, які выступае адэптам гэтага гвалту. Таму я лічу тое, што адбываецца з Саюзам палякаў, абсалютна неадэкватным дзеяньнем з боку Лукашэнкі – неадэкватным сваёй жорсткасьцю і сваёй бессэнсоўнасьцю. Можа, нейкія сёньняшнія мэты і задачы Лукашэнка й вырашае – таксама, як ён вырашае іх, калі арыштоўвае тых або іншых лідэраў апазыцыі, – але толькі сёньняшнія свае мэты і задачы. Але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта калясальныя палітычныя памылкі”.

(Караткевіч: ) “Павел, падобная сытуацыя канфлікту з Польшчаю узьнікла і ў Расеі, калі ў Варшаве былі зьбітыя дзеці расейскіх дыпляматаў. Ці можна сказаць, што ў Расеі цяпер ёсьць нейкія фобіі ў дачыненьні да заходніх краінаў?”

(Шарамет: ) “Я думаю, зьбіцьцё дзяцей расейскіх дыпляматаў, як і зьбіцьцё ў нядзелю супрацоўніка польскага пасольства ў Маскве, – гэта выпадковасьці, супадзеньні, якія, вядома, на руку такім палітыкам, як беларускі прэзыдэнт Лукашэнка.

Але як гаварыць у шырэйшым кантэксьце расейска-польскіх стасункаў, то можна, ясна, адзначыць (ня варта тут плюшчыць вочы), што ў Польшчы ёсьць такая антырасейская фобія, значна большая, чым антыпольская фобія ў Расеі. У абедзьвюх краінах назіраецца нейкая падазронасьць. У Расеі гэта ў меншай ступені, бо расейская палітыка эгацэнтрычная, імпэрская – расейцы глядзяць на палякаў, як на братоў малодшых такіх...

Але ўсяго гэтага я не абмяркоўваў бы ў кантэксьце таго, што робіць Лукашэнка. Ён выкарыстоўвае гэтыя супярэчнасьці між палякамі і расейцамі, Польшчаю і Расеяй для сваіх карысьлівых, дробязных, подлых палітычных мэтаў. Тыя канфлікты зь дзецьмі былі яму на руку, бо палякі зразумелі ў нейкі момант, што трэба аб’яднаць намаганьні з Расеяй, каб разьвязаць “фашысцкую” праблему ў Беларусі. І гэтае распальваньне антыпольскай гістэрыі ў Расеі надта падыходзіць Лукашэнку.

Я, дарэчы, нават не зьдзіўлюся, калі акажацца, што польскага дыплямата ў Маскве зьбілі беларускія спэцслужбы. Ні для кога не сакрэт, што ў раёне Беларускага вакзалу незаконная, тайная дзейнасьць беларускіх спэцслужбаў вельмі актыўная. Яны цікуюць, хто прыяжджае ў Маскву, хто з Масквы выяжджае ў Менск. І для таго, каб падагрэць антыпольскую гістэрыю ў Расеі, яны маглі й польскага дыплямата зьбіць.

Што ж увогуле да сытуацыі з палякамі ў Беларусі, тут усё абсалютна відавочна. Па-першае, Берасьцейшчына й Гарадзеншчына – самыя антылукашэнкаўскія рэгіёны ў Беларусі. Змаганьне з Саюзам палякаў – гэта Лукашэнкава спроба процідзеяць усё большым антыпрэзыдэнцкім настроям. Хаця я думаю, што ён даб’ецца чыста процілеглага выніку. Але – галоўным чынам – распальваньне антыпольскай гістэрыі патрэбнае Лукашэнку, каб паказаць Маскве, што ён – першая лінія абароны ад нейкага заходняга агрэсара, што ён – галоўны абаронца Расеі, у тым ліку ад палякаў, якія ўвасабляюць гэтакі авангард заходняй інтэрвэнцыі ва Ўсходняй Эўропе. Ува ўсім гэтым ляжыць прычына неадэкватных паводле жорсткасьці і матываваных паводле часу дзеяньняў. І разумным людзям і ў Польшчы, і ў Расеі, і ў Беларусі важна не паддавацца на гэтую правакацыю, а, як у часе ІІ усясьветнай вайны, зьяднацца супраць гэтага правакацыйнага фашызму.

(Караткевіч: ) “Якія, на Вашую думку, мае цяпер беларуская палітычная апазыцыя шанцы на ўдзел у рэальнай палітыцы?”

(Шарамет: ) “У мяне неадназначнае стаўленьне да таго, як праходзіць выбар адзінага апазыцыйнага кандыдата. Як працэс гэта можа мець права на існаваньне. Людзі сустракаюцца, праводзяць сходы, іх ганяе міліцыя, яны агітуюць паплечнікаў, суседзяў. І так нейкае палітычнае жыцьцё ў “нашай вёсцы” ідзе... І гэта можна падтрымліваць.

Калі ж глядзець праз прызму галоўнай мэты – абраньня агульнанацыянальнага лідэра, – гэта ўсё бессэнсоўна. І па ходзе гэтага працэсу мы бачым, што дамовіцца аб адзіным кандыдату ім не ўдаецца. Як пачалі 5 – 6 чалавек некалькі месяцаў назад змагацца за месца адзінага, так сваёй грамадою й прыходзяць да фінішу. Больш за тое, яўны аўтсайдэр Мілінкевіч, пра якога ўвогуле ніхто ня думаў як пра рэальнага суперніка Лукашэнкі, раптам здабывае ў рэгіёнах больш галасоў, чым, напрыклад, Лябедзька.

У выніку дэмакратычная грамадзкасьць пасьля васьмі месяцаў актыўнасьці вярнулася да таго пункту, зь якога пачынала. Я думаю, што Нацыянальны кангрэс нічога прынцыпова таксама ня вырашыць. І нават калі апазыцыя абярэ адзінага лідэра, ня факт, што гэты лідэр такім застанецца да саміх прэзыдэнцкіх выбараў.

Я думаю, што ўсё будзе значна прасьцей. Лідэра назаве тая палітычная група або той асноўны саюзьнік апазыцыі, які будзе галоўным фундатарам наступнай выбарчай кампаніі. Так было ў Югаславіі, так было ў Грузіі, крыху ня так, але ўсё ж падобна было ва Ўкраіне. Я думаю, тое самае адбудзецца ў Беларусі”.

(Караткевіч: ) “Павел, як Вы лічыце, каго можа падтрымаць Крэмль у Беларусі?”

(Шарамет: ) “Гэтае пытаньне неабходна дзяліць на дзьве часткі. Першае, ці пойдзе Крэмль на тое, каб падтрымліваць Лукашэнку й надалей? Пакуль што адказ станоўчы. Галоўны варыянт Крамля – гэта варыянт аб’яднаньня Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву. Ідуць дыскусіі, да канца ніхто не разумее, што гэта будзе за дзяржава, якой будзе глыбіня інтэграцыі. Але галоўны крамлёўскі варыянт на сёньня – гэта варыянт аб’яднаньня. Адпаведна гэта быў бы трэці тэрмін прэзыдэнта Пуціна і віцэ-прэзыдэнцтва Лукашэнкі.

Але я ўпэўнены, што Лукашэнка падмане. Ён вядзе торг з расейскімі палітыкамі і будзе весьці яго да выбараў 2006 году, а пасьля, знайшоўшы тую ці іншую прычыну, ён паспрабуе або вытаргаваць сабе пэўныя моцныя гарантыі бясьпекі, палітычнай актыўнасьці ў Расеі, або паспрабуе “саскочыць”. Хаця ў Расеі ўпэўненыя, што Лукашэнка ўсё болей і болей заганяе сябе ў кут, што для яго пытаньне аб’яднаньня з Расеяй – гэта пытаньне жыцьця і сьмерці ўнутры Беларусі, бо, калі б ні здарылася рэвалюцыя – наступным годам, праз два гады або празь пяць гадоў, – яна скончыцца трагічна для Лукашэнкі і ягонага клану. Вельмі трагічна – у гэтым ніхто не сумняецца нават у Маскве.

Калі ж Лукашэнка падмане, тады стане пытаньне аб альтэрнатыве цяперашняму беларускаму лідэру. І на другую частку пытаньня, каго ў такім разе падтрымае Масква, адказу няма. Прычым ня варта бачыць прычыны адсутнасьці адказу ў злой волі Крамля: маўляў, Крэмль хоча чырвонага, бялявага і расейскамоўнага. Гэта няпраўда. Адказу трэба шукаць у тых палітычных лідэрах беларускіх, якія сёньня на сцэне. Масква гатовая прызнаць любога моцнага палітыка ў якасьці альтэрнатывы Лукашэнку, прычым няважна, ці будзе ён беларускамоўны, ці расейскамоўны, чырвоны ці белы, тоўсты або тонкі.

Расейскія палітыкі цяпер часам гавораць: пакажэце якога-небудзь, больш-менш зразумелага палітыка. Мы згодныя мець дачыненьні зь любым...”

(Караткевіч: ) “Павел, здаецца, тое самае было ў 2001 годзе, калі ў Маскву езьдзіў Ганчарык...”

(Шарамет: ) “У Маскву езьдзіў ня толькі Ганчарык. А ўвогуле, у 2001 годзе Масква ня ўдзельнічала актыўна ў беларускіх прэзыдэнцкіх выбарах”.

(Караткевіч: ) “Калі параўнаць беларускі і расейскі мэтады кіраваньня ў сфэры бізнэсу, сродкаў масавай інфармацыі, грамадзкіх арганізацыяў, ці можна гаварыць пра паралелі?”

(Шарамет: ) “Безумоўна. На жаль, палітычны шызафрэнізм вельмі заразны – зараза распаўзаецца зь Беларусі ў Расею. Можна канстатаваць, што сытуацыя з палітычнымі свабодамі, свабодаю сродкаў масавай інфармацыі, эканамічная палітыка ў Расеі апошнія гады вельмі нагадваюць тое, што адбываецца ў Беларусі. Ня ў той, вядома, ступені, ня так жорстка – ня так безнадзейна ўсё ў Расеі, як у Беларусі, але вельмі-вельмі падобна”.

(Караткевіч: ) “Хто, на Вашую думку, апазыцыя, дысыдэнты ў Расеі?”

(Шарамет: ) “Актыўнасьць апазыцыйных партыяў у Расеі вышэйшая, чым у Беларусі. Апазыцыя – гэта камуністы расейскія: пры тым, што яны ўвесь час крытыкуюць Пуціна, яны вельмі любяць Лукашэнку. Апазыцыя – гэта таксама дэмакраты (“Союз правых сил”, партыя Хакамады, Каспараў і гэтак далей). Яшчэ гэта значная частка алігархічнага бізнэсу – нягледзячы на тое, што некаторыя зь лідэраў гэтай сілы жывуць за мяжою – Беразоўскі, Неўзьлін, Гусінскі, – але гэта сур’ёзная апазыцыя, і ў іх ёсьць сродкі масавай інфармацыі, чаго ў прынцыпе цяпер немагчыма сабе ўявіць у Беларусі. Яшчэ ў апазыцыі ў Расеі – усякія радыкальныя групоўкі (напрыклад, лімонаўцы, нацыянал-бальшавікі). Ёсьць псэўдаапазыцыя, здатная ў крытычны момант пераскочыць на бок праціўнікаў Пуціна, – гэта “Родина”. Так што ёсьць даволі разнастайны і шырокі спэктар апазыцыйных сілаў, але галоўная сіла ў Расеі – гэта, вядома, дзяржаўна-бюракратычныя партыі накшталт “Единства”. Яны, што глыба, ляжаць на целе расейскай палітыкі”.

(Караткевіч: ) “Нядаўна радыёстанцыя “Нямецкая хваля” выйграла тэндэр Эўракамісіі на вяшчаньне на Беларусь у рамках расейскай службы. Гэта будзе штодзённая паўгадзінная праграма на расейскай мове. Вашае стаўленьне да гэтага праекту...”

(Шарамет: ) “Я ўвогуле не лічу праблемы мовы для мэдыяў прынцыповай праблемаю, якую варта абмяркоўваць. У прынцыпе праблему мовы для беларусаў я лічу сур’ёзнай праблемаю, якую трэба філязафічна асэнсоўваць. Але гэта тое, што мы можам абмяркоўваць пазьней, праз колькі гадоў. А цяпер... Вы, Вольга, гаворыце па-беларуску, я – па-расейску. Мы цудоўна адно аднаго разумеем. Беларус – дзьвюхмоўны. На жаль, праблема мовы выкарыстоўваецца ворагамі беларускага народу, каб раскалоць нас, пазбавіць нас адзінства ў дасягненьні галоўнай мэты – стварэньня ў Беларусі свабоднай дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавы”.

(Караткевіч: ) “Што Вас, Павел, яднае з сучаснай Беларусьсю?”

(Шарамет: ) “Дзіўна, Вольга, што Вы задаяце мне такое пытаньне. Відаць, мая расейскамоўнасьць дазваляе задаваць мне такія пытаньні...

Гэта мая Бацькаўшчына, там жывуць мае бацькі, мае сёстры, мае сябры. Немагчыма парваць сувязі з Радзімаю. Я з страшэнным смуткам назіраю, як разьяжджаюцца зь Беларусі маладыя людзі, бо яны забіраюць з сабою ў іншыя краіны тую энэргію, якая неабходная цяпер беларусам.

І ўсё ж я вельмі спадзяюся, што сёньняшні рэжым даволі хутка падзе.
XS
SM
MD
LG