Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ўшанавалі памяць «паэта і грамадзяніна» Давіда Сімановіча


Мэмарыяльная дошка
Мэмарыяльная дошка

На вуліцы Леніна зьявілася мэмарыяльная дошка ў памяць пра літаратара і грамадзкага дзеяча, які нястомна прапагандаваў культурніцкую спадчыну горада.

Дошка, на якую зьбірала сродкі віцебская грамадзкасьць, а галоўным фундатарам стаў дырэктар прадпрыемства «Рубікон» Віктар Фарбер, усталявана на доме № 55. Давід Сімановіч жыў у суседнім доме № 53 — гэта адзін з самых знакамітых будынкаў у цэнтры гораду, на даху якога ўначы сьвеціцца надпіс «Витебск».

Дом, дзе жыў Давід Сімановіч
Дом, дзе жыў Давід Сімановіч

Аднак было вырашана, што на гэтым доме мэмарыяльную дошку разьмяшчаць немэтазгодна, бо першыя паверхі з боку вуліцы займаюць піцэрыя і кавярня са шклянымі вітрынамі. А калі разьмясьціць у падворку або на сьцяне за рогам — дык яе мала хто ўбачыць.

Дошку з барэльефам Давіда Сімановіча зрабілі віцебскія скульптары Іван Казак і Аляксандар Гвозьдзікаў. Яна зроблена ў выглядзе раскрытай кнігі, на правай «старонцы» якой — выява паэта ды скульптурныя абрысы Ратушы і Ўваскрасенскай царквы — гістарычных помнікаў у цэнтры Віцебску, дзе любіў прагульвацца Давід Рыгоравіч. У самым версе зь левага боку — выява Пэгаса, які сымбалізуе паэзію і натхненьне, а ніжэй — цытата зь верша Давіда Сімановіча, прысьвечанага знакамітаму Марку Шагалу:

Между жизнью и смертью межа.

И уже бессмертье наградою...

Здесь осталась его душа,

незапятнанная, неразгаданная...

Цяпер дошка відаць усім, хто ідзе або едзе вуліцай Леніна
Цяпер дошка відаць усім, хто ідзе або едзе вуліцай Леніна

Адраджэньню ў Віцебску памяці пра славутага мастака, стварэньню музэю, заснаваньню традыцыі навуковых Шагалаўскіх чытаньняў Давід Сімановіч прысьвяціў многія гады свайго жыцьця. Працуючы на Віцебскім абласным тэлебачаньні, ён шмат зрабіў для папулярызацыі гісторыі гораду, дзякуючы ягоным літаратурным дасьледаваньням зьявіліся нарысы пра ролю Віцебску ў жыцьці шмат якіх знакамітых людзей. Не зважаючы на розныя ідэалягічныя ўстаноўкі, Давід Сімановіч спрыяў ушанаваньню памяці і папулярызацыі творчасьці найвядомейшых беларускіх літаратараў, перадусім Васіля Быкава і Уладзімера Караткевіча.

Сотні імпрэзаў, прысьвечаных Быкаву, Караткевічу, Барадуліну нястомны Давід Рыгоравіч арганізаваў і правёў у бібліятэках Віцебску, а таксама ў раённых цэнтрах, куды часьцяком езьдзіў сустракацца са сваімі чытачамі. Ён быў майстрам вершаваных экспромтаў, якія аднолькава весела і дасьціпна ў яго атрымлівалася і па-расейску, і па-беларуску. А старэчы век, здаецца, ніколі не замінаў Давіду Сімановічу пісаць і выдаваць новыя кнігі і сустракацца з моладзьдзю.

Ён быў сярод тых, хто яшчэ ў 1980-я гады выступаў за зьяўленьне вуліцы Караткевіча на ягонай малой радзіме — у Воршы, неаднаразова прыяжджаў у гэты горад, каб выступіць перад школьнікамі са сваімі ўспамінамі пра Ўладзімера Караткевіча, зь якім доўга ліставаўся. Быў сталым удзельнікам «быкаўскіх» імпрэзаў на Вушаччыне, заўжды прыяжджаў на ўгодкі Быкава ў вёску Бычкі — пакуль дазваляла ўжо ня вельмі моцнае здароўе.

Кветкі для Давіда Сімановіча
Кветкі для Давіда Сімановіча

Давід Сімановіч пайшоў з жыцьця ў траўні 2014 году. Разьвітаньне зь ім атрымалася зусім не такім, якога заслугоўваў гэты чалавек — труну ўсталявалі ў залі шпітальнага моргу, хоць зазвычай зь вядомымі ў горадзе асобамі разьвітваюцца ці ў акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа, ці ў абласной філярмоніі.

Затое ён «вярнуўся» ў Віцебск, які так любіў, у дзень свайго нараджэньня: мэмарыяльную дошку адчынілі 26 чэрвеня. Так супала, што менавіта ў гэты дзень традыцыйна адзначаецца і Дзень гораду.

Пра паэта і грамадзкага дзеяча, які так шмат зрабіў для гораду, якому прысьвяціў усё жыцьцё, віцяблянам нагадаюць і падчас фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску». 17 ліпеня, у межах фэсту вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», пройдзе вялікі паэтычны фэст, прысьвечаны Давіду Сімановічу. Арганізатары хочуць сабраць 1000 вершаў пра Віцебск і прачытаць іх з фота- і відэасуправаджэньнем для ўсіх гараджан і гасьцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG