Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія ўлады дазволілі ўшанаваць паэта. За кошт гараджан


Давід Сімановіч
Давід Сімановіч

У Віцебску абвешчаны збор сродкаў на мэмарыяльную дошку і надмагільны помнік паэту Давіду Сімановічу.

Гэта быў ня проста віцебскі паэт: Давід Сімановіч вярнуў Віцебску памяць пра Шагала, распачаўшы змаганьне з чыноўніцтвам яшчэ ў савецкія часы, менавіта ён быў заснавальнікам Міжнародных Шагалаўскіх чытаньняў, і шмат у чым дзякуючы менавіта яму ў Віцебску зьявіўся музэй сусьветна вядомага мастака. Давід Сімановіч незьлічона шмат зрабіў і для папулярызацыі гісторыі гораду — дзякуючы ягоным літаратурным дасьледаваньням зьявіліся нарысы пра ролю Віцебску ў жыцьці Пушкіна, Маякоўскага, Твардоўскага.

Дом, у якім жыў Давід Сімановіч
Дом, у якім жыў Давід Сімановіч

Нястомны Давід Рыгоравіч арганізаваў і правёў у школах і бібліятэках Віцебску сотні імпрэзаў, прысьвечаных Быкаву, Караткевічу, Барадуліну. І яшчэ сотні — у раённых цэнтрах вобласьці, куды часьцяком езьдзіў сустракацца са сваімі чытачамі. Давід Сімановіч быў сярод тых, хто яшчэ ў 1980-я гады выступаў за зьяўленьне вуліцы Караткевіча на ягонай малой радзіме — у Воршы, ня раз прыяжджаў у гэты горад, каб выступіць перад школьнікамі са сваімі ўспамінамі пра Ўладзімера Караткевіча, зь якім доўга ліставаўся. Ён быў сталым удзельнікамі быкаўскіх імпрэзаў на Вушаччыне — заўжды прыяжджаў на ўгодкі Быкава ў вёску Бычкі, пакуль дазваляла ўжо слабейшае апошнім часам здароўе...

Апошні выступ у бібліятэцы
Апошні выступ у бібліятэцы

Давід Сімановіч, беларускі паэт, празаік, перакладчык, сышоў у лепшы сьвет 9 траўня 2014 году. Ён разьвітаўся зь Віцебскам, дзеля якога аддана працаваў амаль усё жыцьцё, пасьля працяглай цяжкой хваробы. У апошнія гады ён шчодра раздорваў сваім сябрам лепшыя кнігі з уласнай бібліятэкі, і ўвесь Віцебск ведаў пра кепскі стан здароўя свайго паэта, якога раней можна было ці ня штодня ўбачыць у цэнтры гораду — у Давіда Рыгоравіча заўжды было багата спраў, а для кожнага знаёмца знаходзілася цёплая ўсьмешка...

Давід Сімановіч у сваёй кватэры
Давід Сімановіч у сваёй кватэры

Днямі самыя блізкія сябры паэта абвясьцілі збор сродкаў дзеля ўшанаваньня памяці Давіда Сімановіча. Адзін зь іх — Міхаіл Шмерлінг, вядомы віцебскі фотамастак. Ен апавёў, што ініцыятыва адкрыць адмысловы банкаўскі рахунак была «агульнанародная» — віцябляне самі выказалі жаданьне ахвяраваць грошы на такую справу:

«Людзі шмат пра гэта распытвалі, казалі, што гатовыя ахвяраваць грошы, каб ушанаваць памяць пра Давіда Рыгоравіча. Мы склалі ліст у гарвыканкам, пералічылі ўсе заслугі Давіда Сімановіча, сабралі подпісы. Потым гарвыканкам перадаў наш ліст на ўзгадненьне ў Міністэрства культуры, там „далі дабро“. І цяпер ёсьць рашэньне аб ушанаваньні памяці Давіда Сімановіча — наконт дошкі на ягоным доме. І яшчэ — мы хочам паставіць добры помнік на ягонай магіле. Мы і дачка Давіда Рыгоравіча маглі б, вядома, паставіць звычайны помнік. Але падумалі, што такі чалавек заслужыў добры помнік!»

Каля помніка Ўладзімеру Караткевічу
Каля помніка Ўладзімеру Караткевічу

Гарвыканкам прыняў рашэньне аб ушанаваньні памяці паэта, але фінансавай дапамогі не паабяцаў. Такая пазыцыя абурае гараджан, якія не забыліся, наколькі казённай была абстаноўка на пахаваньні Давіда Сімановіча. Віцябляне чакалі, што разьвітаньне пройдзе ўрачыста, дзесьці ў залі філярмоніі, або ў тэатры, або хоць у нейкай бібліятэцы... Аднак разьвітвацца з найвядомейшым віцебскім паэтам давялося ў рытуальнай залі віцебскага абласнога шпіталя. Гарадзкіх чыноўнікаў высокага рангу на пахаваньні заўважана не было.

Такім чынам, і справа ўшанаваньня памяці любімага віцебскага паэта, які быў знакавай асобай у горадзе, стане справай саміх віцяблянаў.

Вядома, да яе далучацца сваякі Давіда Сімановіча. Грошай спатрэбіцца шмат, і Міхаіл Шмерлінг не чакае, што сабраць іх будзе дужа лёгка:

Адзін з апошніх выступаў – перад габрэйскай абшчынай
Адзін з апошніх выступаў – перад габрэйскай абшчынай

«Сума вялікая, толькі дошка, я думаю, будзе каштаваць 4–5 тысяч даляраў. Разам зь ліцьцём. Увогуле ж гэта будуць працы нашага віцебскага скульптара Валера Магучага — і дошка, і помнік. Мы і вырашылі абвясьціць збор сродкаў, тым больш што і людзі пыталіся, хацелі перадаць грошы на ўшанаваньне... Колькі зможам — зьбяром, у Давіда Рыгоравіча засталіся невялікія зьберажэньні, спонсараў пашукаем. Неяк паспрабуем вырашыць гэтае пытаньне».

Сябры спадзяюцца, што прынамсі дошку ў памяць вядомага паэта можна будзе адкрыць у 2016 годзе на Дзень гораду. Ён традыцыйна адзначаецца 26 чэрвеня і супадае з днём народзінаў Давіда Сімановіча, які так любіў Віцебск.

Давід Сімановіч
Давід Сімановіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG