Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску зьбіраюць 1000 вершаў пра родны горад у памяць пра паэта Давіда Сімановіча


Давід Сімановіч
Давід Сімановіч

Ёсьць у арганізатараў і яшчэ адна мэта — каб акцыя трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

Паэтычны фэст мае адбыцца 16 ліпеня, падчас фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску». Плянуецца, што ён будзе праходзіць у межах фэсту вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». Як паведамляюць арганізатары, гэта будзе «паэтычны маратон»: з 10-й да 19-й гадзіны ўдзельнікі будуць чытаць вершы «з фота- і відэасуправаджэньнем».

Паэтычная імпрэза прысьвячаецца знакамітаму віцебскаму паэту Давіду Сімановічу, які пакінуў гэты сьвет два гады таму. Ягонае жыцьцё было ўзорам мясцовага патрыятызму і адданасьці Віцебску. Давід Сімановіч ня толькі пісаў вершы і шмат сустракаўся з чытачамі ў школах і бібліятэках — ён быў ініцыятарам шмат якіх культурніцкіх праектаў. Дзякуючы высілкам Сімановіча, у Віцебску быў створаны мэмарыяльны музэй Марка Шагала, ён аддана прапагандаваў творчасьць землякоў — Васіля Быкава і Ўладзімера Караткевіча — нават у апошнія гады, калі ўлады глядзелі на гэта коса. Захапляўся краязнаўствам, зьбіраў бібліятэку, якую незадоўга да сьмерці ад анкалягічнай хваробы раздаў па музэях, бібліятэках і прыватных кнігазборах бліжэйшых сяброў...

Давід Сімановіч
Давід Сімановіч

На вялікі жаль удзячных землякоў, разьвітаньне з паэтам у траўні 2014 году было далёка не такім урачыстым, як ён заслужыў. «Завісла» і пытаньне наконт мэмарыяльнай дошкі ў ягоны гонар — яе плянавалі ўсталяваць на доме, дзе ён пражыў амаль усё сваё жыцьцё.

І паэтычны маратон зь вершаў пра Віцебск, прысьвечаны Давіду Сімановічу, мае ўшанаваць памяць гэтай прыкметнай асобы.

Паводле ўмоваў, удзельнікам акцыі можа стаць кожны, незалежна ад узросту і месца пражываньня. Трэба даслаць або ўласны верш ці падборку вершаў пра Віцебск, або творы клясычнай літаратуры, або творы малавядомых аўтараў, прысьвечаныя віцебскай тэматыцы, на адрас 1000stihov@bk.ru. І далучыць фатаздымак, асабістыя і кантактныя дадзеныя.

Віцебск, фота 1912 году
Віцебск, фота 1912 году

Прапанаваныя літаратурныя творы разгледзіць адмысловая камісія — зь ліку арганізатараў фэсту «На сямі вятрах» і выкладчыкаў-філёлягаў ВДУ. Потым іх будуць разьмяшчаць на адмысловай старонцы ў «Фэйсбуку».

Першыя ўдзельнікі ўжо адгукнуліся, зь іхнымі прапановамі можна пазнаёміцца ў сацыяльнай сетцы. Большасьць прапанаваных на сёньняшні дзень твораў напісаныя па-расейску. Але ёсьць і пераклады з францускай, і вершы беларускай паэткі-зямлячкі Еўдакіі Лось.

Дасылаць прапановы можна да 1 ліпеня, на працягу двух тыдняў будзе сфармаваны сьпіс выступоўцаў. Калі ўдасца сабраць дастаткова багата твораў пра Віцебск і правесьці шматгадзінную акцыю, арганізатары зьбіраюцца падаць заяўку, каб яе занесьлі ў Кнігу рэкордаў Гінэса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG