Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дрывасека» Аляксандра Косінца зрабілі пачэсным грамадзянінам Віцебска. За што?


Аляксандар Косінец
Аляксандар Косінец

Кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Аляксандар Косінец — былы старшыня Віцебскага аблвыканкаму. Ягонае кіраўніцтва запомнілася віцяблянам надоўга. І пасьля ягонага ад’езду ў Менск у абласным цэнтры засталося шмат матэрыяльных напамінаў пра бурлівую дзейнасьць экс-губэрнатара.

Самы відавочны напамін — гэта цяперашняе аблічча плошчы Перамогі, спрэс закладзенай брукаванкай. За рэканструкцыю плошчы, падчас якой была зьнішчаная ўся зялёная зона, у тым ліку рэдкія пароды дрэваў, Аляксандар Косінец атрымаў мянушку «дрывасек». Апрача плошчы Перамогі, пацярпелі зялёныя насаджэньні і ў іншых кутках Віцебска. Прыкладам, каля помніка Пятру Машэраву былі таксама зьнішчаныя елкі ды бярозкі.

Сярод самых запамінальных зьдзяйсьненьняў былога губэрнатара — закрыцьцё Музэя прыватных калекцый на вуліцы Даватара дзеля пабудовы ў гэтым месцы службовага катэджа. Яго будавалі два гады. А музэй як зачыніўся, так ужо больш ня быў адноўлены. Як і ягоны «калега па няшчасьці» — літаратурны музэй, зачынены нібыта на рамонт... Музэй прыватных калекцый — гістарычны будынак канца 19-га — пачатку 20-га стагодзьдзя — спатрэбіўся ў якасьці службовых памяшканьняў пры «губэрнатарскім доме». Зрэшты, пажыць у новым дамку спадару Косінцу не давялося — яго перавялі ў Менск.

Да таго, як стацца чыноўнікам, Аляксандар Косінец быў рэктарам віцебскага мэдыцынскага ўнівэрсытэту. Ягоная лекарская спэцыялізацыя — хірургія і анкалёгія, у 37 гадоў ён здолеў абараніць доктарскую дысэртацыю, а ягоная апошняя навуковая праца выйшла ў 2012 годзе, калі ён ужо кіраваў вобласьцю. На пасадзе рэктара ён уразіў тым, што значную частку прыбытку ад навучаньня замежных студэнтаў выдаткаваў на ўсталяваньне скульптураў у фае і двары ВМУ.

Яшчэ адзін напамін пра кіраваньне Аляксандра Косінца — гэта сьцяг вобласьці, зацьверджаны ў 2009 годзе. На ім — выява «Пагоні». Паводле афіцыйнага апісаньня, «у аснову герба быў пакладзены гістарычны герб Віцебскай губерніі 1856 году». Таксама да зьдзяйсьненьняў «эпохі Косінца» можна залічыць «перафарматаваньне» гарадзкой навагодняй ёлкі: у тым жа 2009 годзе горад займеў мэталічную канструкцыю, у якую ўстаўляюцца жывыя дрэўцы. Па вышыні яна амаль такая ж, як галоўная гарадзкая ёлка ў Менску. Але ў пачатку 2010 году гэтую вышыню «скарыў» апазыцыянэр Сяргей Каваленка, які ўскараскаўся на вершаліну і вывесіў там бел-чырвона-белы сьцяг.

Самай амбіцыйнай, але нязьдзейсьненай задумай Аляксандра Косінца была ідэя збудаваць у Віцебску ўласны «Дыснэйлэнд» з акіянарыюмам. Але да ўвасабленьня гэтага праекту так і не дайшло. Так і застаўся недабудаваным віцебскі заапарк у раёне Білева, які доўгія гады быў месцам «добраахвотных суботнікаў» для працаўнікоў Віцебскіх прадпрыемстваў. Не запрацавала і трамвайная лінія, якую Аляксандар Косінец абяцаў працягнуць да новага заапарка і далей — да выезду з горада. Ня ўбачылі віцябляне і новага тралейбуснага маршрута, які мусіў злучыць праспэкты Чарняхоўскага, Будаўнікоў, вуліцы Петруся Броўкі і Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ня ўсё гладка атрымалася і з рэканструкцыяй віцебскага дрэваапрацоўчага камбіната, якая была практычна заваленая, і Аляксандар Косінец атрымаў за гэта строгую вымову ад Лукашэнкі...

Тым ня менш, званьне «Пачэсны грамадзянін Віцебска» Аляксандру Косінцу было нададзенае «за значны асабісты ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае, навукова-тэхнічнае, культурнае і мэдычнае разьвіцьцё Віцебска». Узнагароджаньне адбылося 24 чэрвеня падчас урачыстай імпрэзы, прысьвечанай 1042-м угодкам горада, якая прайшла ў Летнім амфітэатры.

Апрача гэтага, у летнім амфітэатры адбылося ўганараваньне ляўрэатаў абсалютна новага званьня «Віцебчанін году». Гэтае званьне заснаваў гарвыканкам, і плянуецца, што кожны год будуць вызначацца пераможцы ў пяці намінацыях — «Падзея году», «Праект году», «Мэцэнат году», «Дэбют году» і «Грамадзкае прызнаньне». Пасьля пераліку ў афіцыйных СМІ імёнаў першых ляўрэатаў так і засталося незразумелым, хто зь іх і за што атрымаў новую ўзнагароду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG