Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяргей Каваленка. Чалавек, адданы сьцягу


Сяргей Каваленка ўзьняў сьцяг ля будынку суду. Віцебск. 20 красавіка 2010

Сяргей Каваленка ўзьняў сьцяг ля будынку суду. Віцебск. 20 красавіка 2010

Першая асацыяцыя зь імем і асобай Сяргея Каваленкі — гэта, безумоўна, бел-чырвона-белы сьцяг, вывешаны віцебскім актывістам на вершаліне гарадзкой навагодняй ёлкі.




Тады, 7 студзеня 2010 году, фотаздымкі вялізнага сьцяга, які побач традыцыйнай зоркай, разьвіваўся над плошчай Перамогі ў Віцебску, цягам некалькі гадзінаў абляцелі ўвесь інтэрнэт. І з тае пары нехта лічыць Сяргея Каваленку сапраўдным героем, «беларускім Бэтманам», які ўзьняў нацыянальны сымбаль на 40-мэтровай вышыні, рызыкуючы ўласным жыцьцём. А хтосьці перакананы, што ўчынак гэты — хуліганскі, а сам Каваленка — амаль што гарадзкі блазан, які ніяк не супакоіцца ды вывешвае сьцягі ў самых цяжка даступных месцах — калі не на ёлцы, дык на дахах віцебскіх шматпавярховікаў або на страле будаўнічага крану...

Сяргей Каваленка — жыхар Віцебску, прыватны прадпрымальнік у галіне рамонту і будаўніцтва, бацька дваіх дзяцей — сямігадовага Валянціна і маленькай Вікторыі, якой усяго толькі паўгода. 16 студзеня Сяргею Каваленку спаўняецца 37 год, але гэтае сьвята ён ня мае магчымасьці адзначыць разам з сям’ёй, бо з 22 сьнежня ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары паводле крымінальнага абвінавачаньня. І яшчэ з 19 сьнежня ён трымае галадоўку пратэсту, бо ня згодны з тым, у чым яго вінавацяць.

Сяргей Каваленка ў судзе. 12 студзеня 2012

Сяргей Каваленка ў судзе. 12 студзеня 2012



Маці актывіста, Лідзія Каваленка, апошні раз бачыла сына ў Кастрычніцкім райсудзе, 12-га студзеня. Пасьля працяглай галадоўкі ён выглядаў ня проста схуднелым, а замучаным — як з палону, іншых словаў маці проста не магла падабраць:

Лідзія Каваленка

Лідзія Каваленка

«Я паглядзела ня сына — ён як зь цяжкай няволі! У мяне сэрца як не разарвалася ад болю! Такі схуднелы, скура ды косьці, мова замаруджаная...Ён у цяжкім стане!»

Тым разам суд аштрафаваў Сяргея на 140 тысяч рублёў за хуліганства — нібыта ён абразіў супрацоўнікаў інспэкцыі па выкананьні пакараньняў, куды мусіць хадзіць адзначацца пасьля прысуду за сьцяг на ёлцы. Пасьля таго ўчынку Сяргей Каваленка атрымаў ня толькі шырокую вядомасьць, але і ўмоўнае пакараньне — тры гады без накіраваньня ў спэцыяльную выпраўленчую ўстанову.

Так званая «хатняя хімія» — гэта строгі распарадак дня з фіксаваным часам знаходжаньня дома і абавязковым працаўладкаваньнем. Цяпер Сяргея Каваленку вінавацяць у парушэньні рэжыму адбываньня пакараньня. Да прыкладу, адночы інспэктары зафіксавалі ягонае спазьненьне дахаты на адну хвіліну. У шэрагу парушэньняў — і ягоная акцыя да мінулага Дня Волі, калі ён выйшаў у цэнтар гораду пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Цяпер у крымінальнай справе будзе занатавана яшчэ й хуліганства — абраза супрацоўнікаў інспэкцыі, хоць на працягу ажно чатырох судовых пасяджэньняў актывіст імкнуўся давесьці, што такога не было, а скарга на яго — гэта паклёп і помста за тое, што ён не скарыўся. За тое, што ў горадзе час ад часу зьяўляцца бел-чырвона-белыя сьцягі.

Бел-чырвона-белы сьцяг, Віцебск, Дзень беларускай вайсковай славы. 8 верасьня 2011

Бел-чырвона-белы сьцяг, Віцебск, Дзень беларускай вайсковай славы. 8 верасьня 2011


Бел-чырвона белы сьцяг, плошча Перамогі, Віцебск.

Бел-чырвона белы сьцяг, плошча Перамогі, Віцебск.







Дарэчы, вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы было расцэнена судом таксама як злоснае хуліганства. І гэта невыпадкова, кажа жонка зьняволенага актывіста Алена Каваленка:

«Міліцыя імкнецца зрабіць так, што няма ў Сяргея ніякіх палітычных перакананьняў, не было палітычных акцый. Што ён проста звычайны хуліган, які можа лаяцца-брыдкасловіць. Ім прасьцей зрабіць зь яго хулігана, чымсьці прызнаць, што ён сьвядома вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг».

У судзе. 29 сьнежня 2011

У судзе. 29 сьнежня 2011



Пасьля зьяўленьня сьцягу на навагодняй ёлцы вобраз Каваленкі-хулігана пачалі ствараць мясцовыя дзяржаўныя газэты. Як толькі яго не называлі сябра КХП БНФ — і бандытам, побач зь якім небясьпечна знаходзіцца на вуліцы, і нават «мутантам, якому месца ў заапарку». Сяргей зьвяртаўся ў Кастрычніцкі райсуд, каб прыцягнуць да адказнасьці рэдактарку газэты «Віцьбічы» Ніну Тулінаву і журналістку Натальлю Васільеву, якая напісала самы абразьлівы артыкул. Аднак суд ня стаў разьбіраць скаргу апазыцыянэра.

Зрэшты, партрэт Сяргея Каваленкі быў бы дужа рэтушаваны, калі не згадаць тое, за што актывіста сапраўды сарамацілі ягоныя старэйшыя сябры. Было, што Сяргея часам бачылі ня зусім цьвярозым, было, што ягоная апантанасьць нейкай ідэяй прыводзіла ня проста да гарачых спрэчак, а часам і да абразаў суразмоўцы... «У кожнага чалавека бываюць памылкі, за якія яму потым сорамна», — сказаў аднойчы Сяргей, і потым ужо стараўся не трапляць у няёмкія сытуацыі.



І тут было б несправядлівым не згадаць яшчэ адну кампанію Сяргея Каваленкі, ужо не зьвязаную з нацыянальнымі сьцягамі, але ў тым самым рэчышчы змаганьня за нацыянальны гонар. Напэўна, завод вінаградных вінаў «Дыёніс» доўга не забудзе настойлівых спробаў віцебскага актывіста прыцягнуць да судовай адказнасьці вытворцу гарэлкі пад брэндам «Бульбашъ» за зьнявагу ўсяго беларускага народу. У кожная заяве Сяргей Каваленка падкрэсьліваў, што мянушка «бульбаш» прыніжае беларусаў. Гэта — як здрада самаму сьвятому, Радзіме, мове і нацыянальнаму сьцягу...

Вялікі бел-чырвона-белы сьцяг вісіць замест фіранак у адным з пакояў кватэры Каваленкаў, і яго на вышыні восьмага паверху мінакам відаць здалёк. Цяпер у «трохпакаёўцы» засталіся пэнсіянэрка — маці Сяргея, і ягоная жонка з двума дзецьмі. Засталіся амаль у нішчымніцы, бо раней грошы зарабляў Сяргей, робячы рамонты на замову. А цяпер няма ані грошай, ані дапамогі — з арыштам бацькі ўсё зьмянілася, кажа Алена Каваленка:

Сяргей Каваленка з жонкай і сынам

Сяргей Каваленка з жонкай і сынам



«Сяргею трэба было і ў краму схадзіць, і з сынам пагуляць. Наш Валік займаецца хакеем і музыкай, грае на скрыпцы. Дык вось цяпер даводзіцца нешта прапускаць. Яго аднаго я нават у двор гуляць адна не адпускаю! У нашай краіне жыць небясьпечна, тым больш з улікам нашага становішча. У нашых уладаў няма нічога сьвятога, нават дзеці могуць стацца для іх сродкам!»

Пасьля праверак з інспэкцыі, якіх магло быць і чатыры, і пяць за адну ноч, ў сямігадовага хлопчыка пачала балець галава, і цяпер ён баіцца кожнага званка ў дзьверы — раптам зноў прыйдуць міліцыянты і каго-небудзь забяруць...



Таго, што бацька ў турме, шасьцімесячная Вікторыя не разумее, а сыну нічога ня кажуць пра бацькаву галадоўку. Сяргей катэгарычна сказаў, што акцыю пратэсту ня спыніць — будзе галадаваць ці да вызваленьня, ці пакуль памрэ. І ўсе, хто хоць крыху ведае Каваленку, вераць, што так яно і будзе — сваё слова актывіст трымае.

Калі камусьці цікава, як становяцца гэткімі апантанымі патрыётамі, то тлумачэньне надзвычай простае. Сваякі згадваюць, што ў дзяцінстве Сяргей ня быў ні свавольнікам-гарэзам са зьбітымі каленкамі, ні летуценьнікам-рамантыкам, якога вабілі далягляды з суседзкіх дахаў. Звычайны хлопец, які на аматарскім узроўні займаўся спортам, потым паступіў вучыцца ў палітэхнічны тэхнікум. Там, на лекцыях па гісторыі Беларусі, і адбылося абуджэньне нацыянальнай сьвядомасьці: Сяргей пайшоў знаёміцца зь віцебскімі апазыцыянэрамі, тады яшчэ жывым Уладзімерам Плешчанкам і Барысам Хамайдам.

Барыс Хамайда і Сяргей Каваленка

Барыс Хамайда і Сяргей Каваленка



Уласны шлях да беларушчыны быў абраны ім амаль адразу: гэта шлях пад бел-чырвона-белым сьцягам. Зараз нават цяжка падлічыць, калькі разоў пад гэтым сьцягам Сяргей Каваленка выходзіў у цэнтар Віцебску і колькі за гэта давялося адседзець сутак яму самому, роднаму брату Віталю і сябрам, якіх апазыцыянэр натхніў сваімі ўчынкамі. Не падлічыць і ўсе сьцягі, якія зьяўляліся ў горадзе за апошнія гады — хіба толькі калі ў міліцэйскіх пастарунках захоўваюцца «трафэі», зьнятыя з дапамогай пажарных лесьвіц!

Сьцяг над крамай “5 элемэнт”, Віцебск

Сьцяг над крамай “5 элемэнт”, Віцебск



Пад бел-чырвона-белым сьцягам Сяргей Каваленка прыйшоў нават на ўласны суд, калі разьбіралі яго справу «за ёлку» у 2010 годзе. Гэта таксама быў беспрэцэдэнтны выпадак, калі чалавек, якому пагражала турэмнае зьняволеньне, не збаяўся, па-сутнасьці, паўтарыць свой учынак — узьняць сьцяг там, дзе яго дакладна не чакалі.

І цяпер, калі Сяргей Каваленка ўжо каля месяца галадуе ў сьледчым ізалятары, неяк ня верыцца ў тое, што з такім нязломным чалавекам можа здарыцца нешта дрэннае — як ня верыцца ў тое, што ягоны дух будзе скораны. Напэўна, немагчыма зламіць чалавека, які кажа, што ў яго душа ўзьляцела ў неба, калі ён гукнуў «Жыве Беларусь» ды выпусьціў на волю бел-чырвона-белы сьцяг — на вачох у зьнямелага натоўпу, над ёлкай, над плошчай Перамогі, над усім Віцебскам. І пра гэты ўчынак Сяргей ні разу не пашкадаваў, нават калі потым на яго руках зашчоўкнуліся кайданкі.

Сяргей Каваленка ўзьняў сьцяг ля будынку суду. 20 красавіка 2010

Сяргей Каваленка ўзьняў сьцяг ля будынку суду. 20 красавіка 2010

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG