Энтузіясты суполкі «Дармаед.by» пачалі перакладаць на беларускую шосты сэзон сэрыялу «Гульня тронаў» тэлеканалу HBO. Першы эпізод па-беларуску, «Чырвоная жанчына», ужо можна паглядзець у сацсетках. Праект, вядома, некамэрцыйны.
Як распавёў Свабодзе Андрусь Архіпенка, адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў праекту, уласна перакладам з ангельскай займаецца адзін чалавек, а агучваньнем — каля дзесяці:
«У першай сэрыі ёсьць нестыкоўкі, бо ня ўсіх прыцягнулі да агучваньня, не паглядзелі, які голас на каго кладзецца. Таму ў наступнай сэрыі будзем рабіць невялікую ракіроўку, зараз у некаторых герояў будуць іншыя галасы».
Зблыталі ролі Брыены Тарт і Сэрсэі Ланістэр, якіх павінны былі агучваць дзьве дзяўчыны, абедзьве па імені Марына — адна мякчэйшым голасам, другая грубейшым. Надалей галасы гераінь зьбіраюцца памяняць, кажа Архіпенка.
Агучваць сэрыял па-беларуску прыдумалі ў лютым, калі Архіпенка пераагучваў трэйлер фільма «Аватар» для «Тыдня беларускай мовы». Месяц таму адшукалі аднадумцаў-валянтэраў. Энтузіясты-«дармаеды» (сярод іх напраўду ёсьць беспрацоўны, але таксама студэнтка і праграмісты) зьбіраюцца агучыць цэлы шосты сэзон (які здымаецца і паказваецца проста цяпер), а ў міжсэзоньні зоймуцца папярэднімі сэзонамі. Пераклад першага эпізоду, кажа Архіпенка, рабіўся два дні, і тры дні заняло агучваньне. Гук пісалі з хатняй студыі Яўгена Барысіка з 8 да 12 вечара.
«Гэта самы вядомы сэрыял, ува ўсіх на слыху, — тлумачыць Архіпенка. — Таму вырашылі, што лепей пачаць зь яго, бо будзе ахопленая больш шырокая аўдыторыя. Праскоквалі нейкія думкі-прапановы зрабіць у вольным перакладзе — сем каралеўстваў „Гульні тронаў“ зрабіць на Беларусь, сем абласьцей ці рэгіёнаў нібы, жартаўлівы такі пераклад. Але гэты пераклад сур’ёзны, з арыгіналу, каб захаваць усе дыялёгі. Намагаемся рабіць пераклад больш прафэсійным».