Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заяўляе, што НАТО і Злучаныя Штаты далей падтрымліваюць Украіну ў яе супраціве агрэсіі Расеі. Ён заявіў пра гэта 4 красавіка ў Вашынгтоне на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з генэральным сакратаром НАТО Енсам Столтэнбэргам.
«Мы, як і раней, адзіныя ў падтрымцы Ўкраіны, улічваючы расейскае ўварваньне на яе тэрыторыю. Мы і надалей працуем у галіне навучаньня ўкраінскіх ваенных і ваенна-тэхнічнай падтрымкі абароннага патэнцыялу Украіны», — падкрэсьліў прэзыдэнт ЗША.
Абама таксама заявіў, што НАТО працягвае заставацца асновай бясьпекі ЗША і моцным саюзьнікам у барацьбе з тэрарызмам.
Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў агрэсіі на Данбасе. Масква адмаўляе ўдзел сваіх ваенных падразьдзяленьняў у гэтым узброеным канфлікце, пацьвярджаючы наяўнасьць на ўсходзе Ўкраіны расейскіх «добраахвотнікаў».