Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гады пасьля анэксіі Крыму: «Дэпрэсіўны рэгіён расейскай глыбінкі»


16 сакавіка 2014 году ў Крыме адбыўся так званы «рэфэрэндум» аб статусе паўвостраву.

Паводле афіцыйных вынікаў большасьць насельніцтва рэгіёну прагаласавала за ўваходжаньне Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Літаральна празь некалькі дзён Дзярждума Расеі прыняла пакет законаў аб далучэньні Крыму да Расеі. Як адзначалі незалежныя назіральнікі, рэфэрэндум праводзіўся ня толькі з парушэньнем міжнароднага права, але і Канстытуцый, як Украіны, так і Аўтаномнай рэспублікі Крым, якая існавала тады ў складзе Ўкраіны. Ад лютага 2014 году паўвостраў кантралявалі расейскія вайскоўцы, хоць афіцыйна гэта было прызнана толькі празь некалькі месяцаў. Міжнародная супольнасьць лічыць нелегітымным праведзенае 16 сакавіка 2014 году галасаваньне, а далучэньне дэ-факта Крыму да Расеі было прызнанае анэксіяй.

Прыхільнікі аддзяленьня Крыму ад Украіны і яго ўступленьня ў Расейскую Фэдэрацыю заяўлялі напярэдадні рэфэрэндуму, што гэты крок прывядзе да росквіту паўвостраву, рэальныя зарплаты і пэнсіі вырастуць, курортная зона будзе актыўна разьвівацца, бясьпека Крыму ўмацуецца. Пра тое, што сабой уяўляе Крым сёньня і ці апраўдаліся гэтыя чаканьні, распавядае рэжысэр-дакумэнталіст Валерый Балаян, які меў магчымасьць назіраць за сытуацыяй у Крыме ў дні яго анэксіі ў 2014 годзе і цяпер.

РС: Вы пабывалі ў Крыме напярэдадні другой гадавіны «рэфэрэндуму» пра ўваходжаньне Крыму ў склад Расеі. Якія вашы галоўныя ўражаньні? Ці зьмянілася неяк жыцьцё? Які настрой у насельніцтва?

Валерый Балаян: Агульнае ўражаньне даволі-такі сумнае. Па-першае, я перасякаў мяжу з боку Украіны. І мяне ўразіла ўзмацненьне жорсткасьці рэжыму праверкі людзей і аўтатранспарту, якое адбылося ў апошні час на расейскім баку. Ніколі раней не было, каб быў асабісты дагляд, сапраўдны ператрус. Людзей абшукваюць цалкам ня толькі мэталадэтэктарамі, але і прамацваюць кішэні. Такога я ня бачыў ніколі. На кожнага чалавека, які перасякае мяжу, па тры чалавекі, якія правяраюць. Чагосьці яны баяцца, ня ведаю. Асабісты ператрус кожнага, хто праходзіць мяжу.

Я пабываў у Сімфэропалі, у некалькіх пасёлках ў даліне Салгіру, якая пераважна заселеная татарскім насельніцтвам. Агульнае адчуваньне, што людзі вельмі запалоханыя. Усе баяцца — баяцца размаўляць на любыя тэмы, зьвязаныя з Расеяй, з уваходам Крыму ў яе склад.


Пешаходны пераход у Сімферапалі.

Нейкія больш-менш адкрытыя аповеды пра тое, што адбываецца, я чуў толькі ад людзей, якіх я даўно ведаю, якія мне давяраюць: ад знаёмых па дачы, па маёй былой кватэры... Агульны настрой даволі прыгнечаны. Дробны бізнэс, які існаваў, зачыніўся. Людзі кінулі ўсё. Таму што, з аднаго боку, адбыўся масавы адток турыстаў — два цалкам правальныя сэзоны. Проста няма нікога. Зь іншага боку, усе, хто займаўся дробным бізнэсам, зьвязаным з абслугоўваньнем турыстаў, скардзяцца на тое, што прадстаўнікі Паўночнага Каўказу, якія зьявіліся ў досыць вялікай колькасьці ў Крыме, бяруць усё пад кантроль. Раней плацілі даніну ўкраінскай міліцыі. Цяпер, з аднаго боку, гэта расейская паліцыя, з другога боку гэта тыя, каго ў Крыме называюць «чачэнцамі»... Але гэта прадстаўнікі ня толькі Чачні, але і Дагестану. Менавіта яны бяруць пад кантроль увесь дробны бізнэс. Колькасьць аўтамашын, якія звычайна паркуюцца каля дамоў і двароў, зьменшылася ў некалькі разоў. Відаць няўзброеным вокам, што многія пакінулі Крым.

Раней плацілі даніну ўкраінскай міліцыі. Цяпер, з аднаго боку, гэта расейская паліцыя, з другога боку гэта тыя, каго ў Крыме называюць «чачэнцамі»

Вельмі шкада пэнсіянэраў. У Сімфэропалі больш-менш сьвятло яшчэ даюць. А ў пасёлках на паўднёвым беразе Крыму там рэжым дзе 2 гадзіны праз 2 гадзіны, а дзе 4 гадзіны праз 4. З-за гэтага адключылі ліфты ў шматпавярховых дамах, а іх шмат. Проста каб людзі не завязалі ў іх. І вось гэтыя няшчасныя пэнсіянэры, якія засталіся, яны вымушаныя падымацца пешшу. Гэта ўсё вельмі сумна. Я, праўда, ня быў у Севастопалі. Можа быць, у Севастопалі па-ранейшаму іншыя настроі — гэта ж «горад рускай славы» і т. д. Але ў тых месцах, дзе я пабываў, Крым перастаў быць падобны на звычайны жывы квітнеючы край, які я прызвычаіўся бачыць на працягу 15 гадоў, калі там жыў. Цяпер гэта дэпрэсіўны рэгіён расейскай глыбінкі. Вось у што ён ператварыўся.

РС: Нейкая надзея ёсьць у тых, хто ўтрымлівае крымскія курорты? Кажуць пра тое, што будзе будавацца мост. Можа быць, яны зьвязваюць з гэтым нейкія надзеі? Можа быць, яны лічаць, што цяпер нейкі такі крызісны момант, таму што моцна усё зьмянілася, бо Крым дэ-факта увайшоў у склад Расеі? Можа быць, яны спадзяюцца, што сытуацыя неяк пераломіцца?

Валерый Балаян: Многія людзі зьвязваюць надзеі з узьвядзеньнем «Керчанскага мосту». Спадзяюцца і на новы энэргамост. Пуцін абяцаў, што будзе быццам бы ў канцы красавіка, у канцы травеня запушчаны новы. Можа быць, запуск энэргамосту нешта вырашыць. Што тычыцца «Керчанскага мосту». Я размаўляў з жыхарамі Керчы, якія жывуць там. І яны мне распавядалі, што яны бачаць, што, сапраўды, палі б’юць, што ён узводзіцца. Але ўсе вельмі моцна сумняюцца, што мост можа быць пабудаваны ў тыя тэрміны, якія названыя. А пакуль гэтай пераправы няма, то застаюцца паромы. У лютым-сакавіку вельмі моцныя вятры якраз у гэтым горле, які злучае Азоўскае і Чорнае мора. І гэтыя вятры прымушаюць адмяняць рэйсы некалькі разоў на тыдзень. Спыняецца паромная пераправа. І людзі суткамі стаяць. Паромная пераправа ня можа вырашыць праблему.

Адзін з нямногіх квітнеючых відаў бізнэсу ў Крыму - продаж і арэнда мабільных электрастанцый
Адзін з нямногіх квітнеючых відаў бізнэсу ў Крыму - продаж і арэнда мабільных электрастанцый


З-за таго, што поўная блякада адбылася з пастаўкай ўкраінскіх прадуктаў, я ўбачыў велізарнае зьбядненьне асартымэнту прадуктаў. Адзін-два віды малака, адзін-два віды кефіру. Прычым усе людзі скардзяцца, што гэта малако парашковае, ня натуральнае. Вельмі высокія кошты на прадукты. Яны супастаўныя з маскоўскімі коштамі. У асноўным гэта прадукцыя з Краснадару і прылеглых рэгіёнаў. Людзі адкрыта пра гэта не гавораць, але адчуваецца агульнае расчараваньне пасьля ўсіх абяцаньняў, якія былі дадзены, пасьля ўсіх надзеяў, якія людзі ўскладалі на далучэньне Крыму да Расеі... Напярэдадні «рэфэрэндуму» была масавая кампанія абяцаньняў аб павышэньні заробкаў, пэнсій. Ну, пэнсіі павысіліся, але ў гэтулькі ж разоў павысіліся і кошты. Пры тых ўкраінскіх цэнах на прадукты, якія былі, гэтыя пэнсіі былі б нядрэнныя. А цяпер пэнсіі сталі сярэднерасейскімі, але пры тых жа расейскіх цэнах. Гэта зусім іншая гісторыя.



РС: Гэта значыць, пакупніцкая здольнасьць пэнсіянэраў, якія складалі значную частку з тых, хто публічна падтрымліваў ўваходжаньне Крыму ў Расею, упала?

Валерый Балаян: Калі пэнсіянэр атрымліваў два гады таму 1200 ці нават 2000 грыўняў, у пераліку на расейскую — гэта было прыкладна 5-6 тысяч рублёў. Пры расейскіх пэнсіях ў 10 ці нават 15 тысяч рублёў пэнсіянэры моцна выйгралі б пры захаваньні ўкраінскіх коштаў на прадукты. І першыя месяцы, пачынаючы дзесьці са жніўня 2014 году і ўвосень, было вельмі нядрэнна ў гэтым сэнсе. Але калі адбылася блякада і ўкраінскія тавары наогул перасталі паступаць з мацерыка, з боку Украіны, то іх замянілі тавары расейскія, з расейскімі коштамі. Літар малака каштуе 70-80 рублёў, а пры Ўкраіне каштаваў 10 грыўняў, гэта значыць 30 рублёў у пераліку. Гэта значыць, узровень жыцьця пэнсіянэраў не павысіўся, а магчыма, што і ўпаў. Падзеньне колькасьці працоўных месцаў адбылося. Як мне адзін чалавек сказаў, які ў Керчы на судамэханічным заводзе працаваў: «Усё рэжуць на мэтал і вязуць. Усё, што працавала пры Украіне, зараз рэжацца на мэтал».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG