Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяты дзень сухой галадоўкі Надзеі Саўчанкі: «Яна вельмі хоча жыць». 9 сакавіка глядзіце жывую відэатрансляцыю з суду


Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якую абвінавачваюць у забойстве расейскіх журналістаў пад Луганскам летам 2014 году, ужо пяты дзень трымае сухую галадоўку. Сябры Грамадзка-назіральнай камісіі, якія наведалі яе ў турме, ахарактарызавалі стан Саўчанкі як задавальняючы.

8 сакавіка Саўчанку наведалі супрацоўнікі ўкраінскага консульства, якія паведамілі, што бачнага пагаршэньня здароўя Саўчанкі няма. Акрамя таго, украінскім дыпляматам удалося дамагчыся ад расейскіх уладаў абяцаньня, што ўкраінскія мэдыкі змогуць патрапіць да Саўчанкі 9 сакавіка.

9 сакавіка глядзіце на Youtube - відэатрансляцыю ўжывую з расейскага Данецку, дзе судзяць Надзею Саўчанку:

Надзея Саўчанка адмовілася прымаць ежу і вадкасьць 3 сакавіка, калі пасьля спрэчак бакоў судзьдзя Данецкага гарадзкога суду Растоўскай вобласьці Леанід Сьцепаненка рэзка перапыніў пасяджэньне, адклаўшы апошняе слова Саўчанкі на 9 сакавіка. Саўчанка вылучыла толькі адно патрабаваньне — неадкладна вярнуць яе ва Ўкраіну.

За мінулыя пяць дзён з пачатку галадоўкі Саўчанкі ў СІЗА Новачаркаску яе наведалі адвакаты, чыноўнікі Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў, сябры Грамадзкай назіральнай камісіі па Растоўскай вобласьці, сьвятар, украінскія дыпляматы. Яны спрабавалі ўгаварыць украінку спыніць галадоўку. Паводле намесьніка старшыні Грамадзкай назіральнай камісіі па Растоўскай вобласьці Юрыя Блахіна, Саўчанка выглядала бадзёра і нават жартавала.

Юрый Блахін: Я гаварыў зь ёй пра юрыдычныя аспэкты: пра тое, што ўсе працэсы па яе абмене або памілаваньні магчымыя толькі пасьля ўступленьня прысуду ў законную сілу. На яе гэта, натуральна, не падзейнічала: яна ўсё гэта ведае, але не давярае гэтай сыстэме. Надзея пачала размову з жартаў, калі ўбачыла сьвятара, спытала: «Ці не адпяваць вы мяне прыйшлі? Яшчэ рана». Яна была вельмі таварыская, з задавальненьнем пагутарыла са сьвятаром, з намі. Падарыла карцінку для сьвятаровай маці. Была бадзёрая і аптымістычная.

РС: Але як мэдыкі ў СІЗА ацэньваюць яе стан? Якія зь ёй праводзяць працэдуры?

Юрый Блахін: Яе двойчы аглядаюць лекары. Ёсьць заключэньне мэдыкаў пра тое, што яе стан задавальняючы, яна важыць 69 кг, ціск у норме. Пакуль, дзякуй Богу, сур’ёзных зьменаў, якія адбіліся б на стане здароўя, не адбылося. Галоўны пасыл Надзеі быў у тым, што яна не зьбіраецца паміраць. Сьвятару яна сказала, што яна не самагубца. Яна вельмі хоча жыць. Але яна паказвае, што ўсё ў руках суду, і хоча паскорыць вынясеньне прысуду.

РС: Вы спрабавалі адгаварыць Надзею ад сухой галадоўкі. Што яна вам на гэта адказвала, як абгрунтоўвала сваю пазыцыю?

Юрый Блахін: У розных калегаў была розная тактыка размовы зь ёй. Але з усіх гутарак стала ясна: яна вельмі хоча жыць. Мы спрабавалі пераканаць яе ў тым, што вельмі шмат людзей сочаць за яе лёсам, што яна адказная за іх, у тым ліку і за людзей у Расеі, для якіх яна стала сымбалем, якія заклапочаныя яе станам здароўя і хочуць справядлівага суду ў адносінах да яе. І дзеля іх яна павінна быць здаровай і выжыць. Яна згаджалася з гэтым, але мы ня можам сказаць, якое рашэньне яна прыме. Больш за тое, мы падкрэсьлівалі, што гэта яе рашэньне, але прасілі яе ўлічваць і гэтыя моманты. Будзе вельмі прыкра, калі яна не захавае здароўе. Яна сказала, што разумее, колькім людзям абавязаная, і ўсьведамляе, што шмат людзей пра яе гаворыць і памятае.

РС: Як супрацоўнікі СІЗА ўспрымаюць яе галадоўку, наколькі яны заклапочаныя яе станам?

Юрый Блахін: У СІЗА кантралююць любую галадоўку, але тут, як вы разумееце, ёй нададзена асаблівая ўвага. Перад нашым наведаньнем ад яе сышлі консулы Ўкраіны. Супрацоўнікі СІЗА, вядома, занепакоеныя і з-за гэтай увагі, яны разумеюць, што за іх дзеяньнямі назірае ледзь ня ўся сусьветная супольнасьць. Таму яны спрабуюць выконваць нормы закону, але разам з тым паводзяць сябе вельмі карэктна і далікатна. Але да Надзеі данесьлі думку, што паміраць ёй ніхто ня дасьць. Паводле закону, у выпадку абвяшчэньня галадоўкі зьняволены знаходзіцца пад штодзённым кантролем мэдыкаў і пры неабходнасьці супрацоўнікі павінны зьвярнуцца да прымусовага кармленьня. Супрацоўнікі адсочваюць яе стан і заклапочаныя тым, каб усё было карэктна. Яны разумеюць, што кожнае іх дзеяньне будзе ацэньвацца ня толькі юрыстамі, але і журналістамі, публікай.

***

З пачатку сухой галадоўкі сусьветная супольнасьць пільна сочыць за станам Надзеі Саўчанкі. У выхадныя ў інтэрнэце пачаўся збор подпісаў пад «Адкрытым лістом да эўрапейскіх лідэраў» з заклікам «распачаць рашучыя дзеяньні» па вызваленьні ўкраінскай лётчыцы. У Кіеве, Менску, Празе каля будынкаў амбасадаў Расеі прайшлі мітынгі з патрабаваньнем вызваліць Надзею Саўчанку. 7 сакавіка Эўразьвяз распаўсюдзіў заяву з аналягічнымі патрабаваньнямі, адзначыўшы, што «вызваленьне Саўчанкі адпавядала б пакету мераў па рэалізацыі Менскіх пагадненьняў». Паводле «Нямецкай хвалі», дэпутаты Эўрапарлямэнту маюць намер ініцыяваць «сьпіс Саўчанкі», паводле аналёгіі са «сьпісам Магніцкага».

У Маскве ўвечары 7 сакавіка каля будынку ФСБ на Лубянцы таксама прайшла акцыя ў падтрымку Надзеі Саўчанкі. Паліцыя затрымала некалькіх актывістаў. Таксама ў сталіцы Расеі на адным з прыпынкаў грамадзкага транспарту зьявіўся плякат з выявай Саўчанка і заклікам «Жыві».

9 сакавіка, у дзень, калі Надзея Саўчанка нарэшце мае выступіць у Данецкім гарадзкім судзе з апошнім словам, акцыі ў падтрымку ўкраінскай лётчыцы пройдуць па ўсім сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG