Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Times: У Сырыі Пуцін паўтарае схему Крыму


Партрэты Башара аль-Асада і Ўладзімера Пуціна, якія трымалі акторы падчас акцыі пратэсту супраць падзеяў у Сырыі каля Рады Бясьпекі ААН 24 студзеня 2012 году
Партрэты Башара аль-Асада і Ўладзімера Пуціна, якія трымалі акторы падчас акцыі пратэсту супраць падзеяў у Сырыі каля Рады Бясьпекі ААН 24 студзеня 2012 году

Журналіст брытанскага выданьня параўноўвае дзеяньні Пуціна ў Крыме і ў Сырыі: «Тады, як і цяпер, інтэрвэнцыя праводзілася ціхай сапай і была прэлюдыяй да палітычнага падзелу краіны».

«Салдаты ў цывільным, дастаўка замаскаванай ваеннай тэхнікі, паўночныя палёты — пранікненьне Расеі ў Сырыю пачынае нагадваць раньнія этапы мінулагодняй анэксіі Крыму. Тады, як і цяпер, інтэрвэнцыя праводзілася ціхай сапай і была прэлюдыяй да палітычнага падзелу краіны», — піша Роджэр Бойз у «The Times».

«У бліжэйшыя паўгады будзе гульня ў два этапы, — мяркуе аўтар. — Першы — спусьціць на тармазах украінскі канфлікт, але замарозіць яго асноўныя напрамкі, каб можна было ў любы момант вярнуць яго да жыцьця». Гэта патрэбна, каб дамагчыся адмены антырасейскіх санкцыяў у студзені, адзначае Бойз.

Пасьля гэтага «Расея разьлічвае перайсьці да другога этапу — пераключыцца на ўсходне-заходняе супрацоўніцтва ў Сырыі. Сусьветным лідэрам (на Генасамблеі ААН) у Нью-Ёрку яго прадставяць як агульнае дабро», гаворыцца ў артыкуле.

На думку журналіста, Пуцін заявіць, што хваля мігрантаў выкліканая парушэньнем парадку ў гэтай дзяржаве, што для перамогі над джыхадзістамі трэба дапоўніць паветраныя ўдары ўкамплектаванай сухапутнай арміяй і што армія Асада можа зрабіць гэтую працу з дапамогай расейскіх узбраеньняў і ваенных дарадцаў.

Некаторыя эўрапейскія палітыкі павераць прэзыдэнту Расеі, аднак скептыкі справядліва палічаць яго абяцаньні чарговай хітрасьцю, піша Бойз, заклікаючы не забываць «важныя ўрокі Ўкраіны».

«Гаворка вядзецца пра прамую заваёву і стварэньне крызісаў, якія дазваляюць Пуціну захапіць перавагу, як толькі ўзьнікае магчымасьць. Досьвед узаемадзеяньня зь ім з тых часоў, як ён пасяліўся ў Крамлі ў 2000 годзе, паказвае, што яго прапановы міру — ня больш чым тактыка адцягваньня», — рэзюмуе аўтар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG