Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Аксана Спрынчан


Аксана Спрынчан
Аксана Спрынчан

Нарадзілася 23 жніўня не на моры, хоць і на поўдні — у Лунінцы. Таму і лунаю. Пашчасьціла пажыць 13 гадоў да Чарнобыля. Вучылася на філфаку БДУ, у асьпірантуры Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі, Беларускім Калегіюме ў месьце, што паўстала на рацэ Менка. Таму і не разьменьваюся. Пішу і друкуюся з 21 стагодзьдзя. Аўтарка кніг паэзіі «Вершы ад А.» (2004), «ЖываЯ» (2008), «Нелінейнае» (2012), SMS-п’есКІ з антрактам-размовай праз тэлефон «Дарога і Шлях», створанай разам з філёзафам Алесем Анціпенкам (2009), «Незвычайнай энцыкляпэдыі беларускіх народных інструмэнтаў», створанай разам з музыкам і гісторыкам Ярашам Малішэўскім (2010), кнігі для дзетак «Таташ Яраш, мамана Аксана і дачэта Альжбэта. Поўны эксклюзіў» (2013). Працавала вядучай навуковай рэдактаркаю рэдакцыі літаратуры і мастацтва выдавецтва «Беларуская Энцыкляпэдыя» імя Петруся Броўкі. З 2006 у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў (2005). Ляўрэатка прэміі «Блакітны сьвін» (2006). Спэцыяльны прыз журы міжнароднай прэміі «Садружнасьць дэбютаў» «За філязофскую лірыку» (2008). Пераможца конкурсу «Літаратура — дзецям» (2009). Калекцыяную жабак, якіх уважаю за сымбаль Беларусі. Гаспадыня Лысай Гары. Дырэктарка Паэтычнага тэатру «Арт.С». Жыву паміж Лунінцам і Лысай Гарою, якая для мяне вышэйшая за Парнас. Закаханая.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Для сябе і тых, хто захоплены бэрмудзкім трыкутнікам Беларусі, Мовы і Паэзіі.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

У дарозе, на дарогах Беларусі, у Лунінцы і на Лысай Гары.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Ладзьдзя роспачы» Ўладзімера Караткевіча.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Часам Гервасій Выліваха, часам Каралеўна-жабка.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Беларускія паэты ад Якуба Коласа да Алеся Разанава.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Чытаю «Книга веселої мудрості», выдадзеную ў 1968 годзе ў Кіеве, яе і Тараса Шаўчэнку вельмі любіла чытаць мая прабабуля Любоў. (Адказ зь яе на пытаньне № 2: «— Я завжди пишу вірші тільки на березі моря! — А ти у відкритому морі спробуй, глибше буде!») і зусім невясёлую кнігу эсэістыкі Ніла Гілевіча «Ў віры быцьця» (2015). Хоць апошнім часам мару чытаць толькі паэзію і ўспаміны.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На ўкраінскай (хоць і не размаўляю, але замежнай не лічу, бо продкі па мячы з Украіны, і прапрадзед, і бабуля пісалі творы па-ўкраінску), на польскай.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

З дарослых — «ЖываЯ», зь дзіцячых — «Таташ Яраш, мамана Аксана і дачэта Альжбэта. Поўны эксклюзіў», з напісаных у суаўтарстве — SMS-п’есКА «Дарога і Шлях» (разам з Алесем Анціпенкам).

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Як і заўжды — беларускую.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

Калі цалую лысагорскія камяні, якія памятаюць ахвярапрынашэньні Рагнеды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG