Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аўтабіяграфіі Нямцоў пісаў, што Кадыраў пагражаў яго забіць


Рамзан Кадыраў на прэсавай канфэорэнцыі ў Грозным у сьнежні 2014 году.
Рамзан Кадыраў на прэсавай канфэорэнцыі ў Грозным у сьнежні 2014 году.

У кнізе «Споведзь бунтара» Барыс Нямцоў распавёў пра сваё сутыкненьне з цяперашнім кіраўніком Чачні Рамзанам Кадыравам.

Публікуем фрагмэнт главы «Чачэнскі вузел», у якой Барыс Нямцоў апісвае знаёмства з цяперашнім кіраўніком Чачні Рамзанам Кадыравым.

«З цяперашнім прэзыдэнтам Чачні Рамзанам Кадыравым я пазнаёміўся ў даволі нэрвовай абстаноўцы. Яго бацька, нябожчык Ахмад Кадыраў запрасіў мяне прыехаць на зьезд чачэнскага народу. Зьезд праходзіў у Гудэрмесе. Сьнежань 2002 году. Актыўная фаза другой чачэнскай вайны скончылася, маштабных вайсковых апэрацый войска не ўжо праводзіла, але сытуацыя заставалася ў рэспубліцы больш чым напружаная.

На зьезьдзе абмяркоўвалася Канстытуцыя Чачні. Як прынята ў чачэнцаў, у зале сядзелі старэйшыны, дзеячы навукі і культуры. Усе радаваліся і ўшаноўвалі уласна Ахмата Кадырава, віншуючы яго з тым, што Канстытуцыя, а ў ёй прадугледжвалася прэзыдэнцкая форма кіраваньня, — гэта менавіта тое, што трэба чачэнскаму народу, і што яна гарантуе мір і стабільнасьць у рэспубліцы. З Масквы на зьезд прыляцеў толькі я як кіраўнік СПС і парлямэнцкай фракцыі.

Нябожчык Ахмад Кадыраў запрасіў мяне ў прэзыдыюм і даў слова. Я адразу папярэдзіў, што буду выступаць зь ня вельмі папулярных пазіцыяў. Адразу ж па залі пайшоў пагрозьлівы гул, хоць я яшчэ толкам нічога не пасьпеў сказаць. Было зразумела, што зьезд выразна зрэжысыраваны. Усе павінны былі падтрымаць кадыраўскую Канстытуцыю і яго як прэзыдэнта. Сутнасьць майго выступу зводзілася да таго, што ў традыцыях чачэнскага народа — калектыўная сыстэма кіраваньня. У Чачні ніколі не было прэзыдэнта. Мая думка зводзілася да таго, што трымаючыся чачэнскіх традыцыяў, трэба выключыць пасаду прэзыдэнта і сфармаваць парлямэнт, а потым ўрад, маючы на ўвазе нейкі кампраміс паміж рознымі групамі, у тым ліку і сэпаратыстамі.

У залі падняўся шум, гвалт. Ахмад Кадыраў, да яго гонару, усіх тут жа супакоіў, сказаўшы прыкладна наступнае: «Што вы на яго крычыце? Мы ж чачэнцы. І госьця павінны прымаць з уласьцівай нам гасьціннасьцю, а не ладзіць такое ». Але ў залі знайшліся людзі, якія мяне падтрымалі. Напрыклад, Беслан Гантаміраў, былы мэр Грознага.

Калі я выйшаў з залі, да мяне падышоў чалавек з бялявымі вачыма і сказаў, што за такія гаворкі мяне трэба забіць. Я спытаў: «Хто вы?» Ён дастаў і прад’явіў мне пасьведчаньне ці то падпалкоўніка ФСБ, ці то палкоўніка. Гэта быў Рамзан Кадыраў. Не магу сказаць, што я вельмі спалохаўся, таму што тут жа чачэнцы, якія былі вакол, сталі казаць, што Рамзан пажартаваў. Але ў яго вачах я ніякага жарту не заўважыў. У яго вачах я ўбачыў нянавісьць.

Мы выйшлі на вуліцу ў атачэньні шматлікай аховы. Падышоў Ахмад Кадыраў. Ён трымаўся спакойна, не спрачаўся, не пярэчыў, толькі сказаў, што паважае мяне за сьмеласьць, але што чачэнская сытуацыя цяпер такая, што павінна быць надзвычайнае кіраваньне, а без прэзыдэнта гэта немагчыма зрабіць. Якраз амаль за месяц да зьезду — 23 кастрычніка 2002 году — у цэнтры Масквы атрад тэрарыстаў-сьмяротнікаў захапіў у закладнікі больш за дзевяцьсот гледачоў і артыстаў м’юзыкла «Норд-Ост». Ахвярамі тэракту сталі 130 чалавек, пацярпелі больш за 700 чалавек. Пакончыць з тэрорам можа толькі моцная ўлада, а для гэтага неабходныя спэцыяльныя паўнамоцтвы. Даволі распаўсюджаны пункт гледжаньня. Потым ён даў мне гіганцкую ахову, калі даведаўся, што яго сын там нарабіў. І з гэтай аховай мы зьехалі ў Інгушэтыю".

Аўтабіяграфія расейскага апызыцыйнага палітыка Барыса Нямцова, якога забілі 28 лютага, выйшла ў 2007 годзе ў Маскве. Вытрымкі з кнігі можна прачытаць тут.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG