Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна сёньня прамаўчаць?


Ала Петрушкевіч
Ала Петрушкевіч

Ала Петрушкевіч

Мне гэта баліць. Пачала пісаць даўно. Адразу, як зьявіўся «Палігон». Ня ведала, ці закончу. Неяк безнадзейна дастукацца да тых «монстраў», якімі бачацца мне з Гародні маладыя яшчэ творцы.

Калісьці, у мінулым стагодзьдзі, дакладней, у 1998 годзе, напісала тэкст з такой, як цяпер, назвай. Ратавала «выкінутых» са школьнае праграмы Арсеньневу, Геніюш, Сяднёва. Мой артыкул стаўся адзіным. Спадзявалася, што будзе між многіх. Яго надрукавалі. Адразу ж. У Ліме. Зразумела, тады ў Ліме быў іншы рэдактар, іншыя парадкі. Праўда, назву зьмянілі — «Ці дажывём?»

Сёньня таксама не магу прамаўчаць.

Пачыналася, як здавалася аўтарам, з бяскрыўдных вершыкаў, такога моладзевага «сьцёбу»: «Мой родны кут, як ты мне мілы! Стаяць у табе не маю сілы». Мілая Віка Трэнас не зразумела мудрага Рыгора Барадуліна, ягонае просьбы не друкаваць такое. А далей былі хлопчыкі-копчыкі. Бо як жа мы — такія маладыя, такія геніяльныя ды не выправім іх! Што нам тыя замшэлыя клясыкі?! Яны ж яшчэ і Сталіна ўсхвалялі! І вось ужо паўстае «Гамбурскі рахунак», супраць якога ў сваю чаргу рахункі выстаўляць пачалі. Так, аўтар таленавіты. Так, ён зь іншага, новага ракурсу глянуў на айчынную клясыку. Але мяне, літаратуразнаўцу з багатым досьведам, бянтэжыла наступнае: як аўтар можа за адзін тыдзень прачытаць усяго Купалу, Гарэцкага, Чорнага, і выдаць свой тэкст-прысуд? Бо інакш нельга. Па сваім досьведзе ведаю: на стварэньне хай сабе невялікага эсэ, якое прэтэндуе на ацэнку творчасьці пісьменьніка, падрыхтоўчая праца мусіць заняць некалькі месяцаў. А калі гэта яшчэ і ацэнка асобы... Перачытаць адно тое, што напісана Купалам і пра Купалу, ня хопіць і году. «А навошта мне гэта лухта?» — напэўна, запярэчыць Бахарэвіч. «Каб ведаць, што было да Вас», — усьміхнуўшыся з вышыні сваіх гадоў і літаратурнага досьведу, адкажу яму. Усьміхнуўшыся, бо зусім не маю перад сабою ворага, а беларускага пісьменьніка, сябра таго ж СБП.

Але ж — аўтарскае права на сваё бачаньне іншых аўтараў. Яны ж усяго — таксама аўтары. А ніякія ня геніі. Можна іх з п’едэсталаў пасунуць... Што на такое скажаш? Можна было і прамаўчаць. Праўда, не зразумелая пазыцыя РС, якое быццам мэту мела высакародную — абудзіць цікавасьць да беларускай клясыкі. Абудзілі? Апытаньні гавораць пра іншае. Пра тое, што тутэйшыя нават і не прыкмецілі таго рахунку. Бо большасьць з іх і РС не прыкмячае. Затое балюча разануў ён па беларусах, якія і без рахунку клясыку чытаюць. Увесьці ў вушы тутэйшаму зносаку такую «праўду» пра Купалу — тое самае, што скінуць яго яшчэ раз з высокага паверха ў лесьвічны пралёт. Тутэйшыя будуць супраць? Хорам крычаць будуць: расьпяць! Як мне балюча чуць ад тых, што ня так і даўно з усіх бакоў савецкае імпэрыі ў Гародню панаехалі, пагардлівае, вуснаўкрыўлянае — Калупала. Гэта тое ж, што і Каян Лупака. Толькі РС яны не слухаюць. То самім «вобраз» тварыць давялося.

Адказ на пытаньне, адкуль столькі нелюбові, якая скразіць з кожнага тэксту і якую аўтар не зьбіраецца хаваць, ва ўступе «За што нас палюбіць бібліятэкар». Тут няпроста знайсці адказ на пастаўленае пытанне, затое лёгка зразумець, адкуль такія тэксты. Бо пачыналася ўсё не з любві. Пачыналася з агіды. Да Жабы. Як я разумею Альгерда Бахарэвіча! Якая ж шчаслівая, што маёй настаўніцай беларускай літаратуры была ня Жаба, а мама. І ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Бо вучыла нас яшчэ задоўга да школьнага ўзросту, чытаючы завейнымі зімовымі вечарамі творы Купалы, Коласа, Маўра. Колькі слухалі «Бандароўну», столькі плакалі. А тут — Жаба. Бо нічога, апроч агіды, і ў маёй душы гэтыя істоты не выклікаюць. Не змагла змяніць стаўленьне да іх нават казка «Царэўна-жаба».

Прапаную зьвярнуцца да крытыкі Купалы асобай, супраць якое і ў «Гамбурскім рахунку» злога слова не знайшлося. Ларыса Геніюш прапанавала праўдзівую паэтычную дыскусію, у якой выказала нязгоду зь некаторымі матывамі творчасьці песьняра. Асабліва ў гэтым пляне вылучаецца верш «Купала, ты з цемры нас вёў да сьвятла...», напісаны ў пачатку 80 гадоў, адшуканы ў адным з лістоў. У пачатку твора паэтка выказвае глыбокую пашану народнаму песьняру, разумеючы, што ягоная творчасьць стала той яркаю паходняй, што асьвятляла шлях у цемры нацыянальнага нябыту, нядолі народнай:

Купала, ты зь цемры нас вёў да сьвятла,
над доляй народнаю плакаў,
я сёньня табе пакланіцца прыйшла,
схіліць сваю голаў з падзякай.

Але далей Ларыса Геніюш супрацьпастаўляе сьлёзнай жалейцы народнага песьняра сваю жыцьцёвую пазыцыю, той стэрэатып паводзінаў, які быў выпрацаваны з маленства і якому ня здрадзіла, нягледзячы на надзвычай суровыя выпрабаваньні, што выпалі на яе долю:

Я змалку прывыкла дастойна ісьці,
ды ўсё ж не заплачу з табою.
Мне — іншая доля ў нялёгкім жыцьці,
Купала каханы, я — з бою!

Гэтая думка асэнсоўваецца, падкрэсьліваецца паэткай у адным з лістоў: «Вось розьніца між Купалам і мною. Я — задзіра, і я не стагну і ня плачу». А Купалава ліра і сапраўды часта плакала, енчыла, стагнала, часам зьбівалася на крык.

Калі Ларыса Геніюш не згаджалася з тым, што пісалі пра Вялікага Паэта, сьмела кідалася ў схватку. Не ў літаральным сэнсе, зразумела. Пісала пра тое ў лістах. Абараняла, абуралася: «Кароткія рукі..., каб дакранацца імі да генія Купалы. Ён сам пра сябе гаворыць сваімі творамі. Гаворыць дастойна». Ня ведала пра ягоную творчасьць 30-х гадоў? Ведала. Але была мудрай, была сапраўднай верніцай, ведала: не судзіце! Не тое, што сёньняшнія крытыкі Купалы. Няма на іх Ларысы Геніюш.

Сёньня зьяўляецца ўжо нешта такое, пра што маўчаць ніяк не выпадае. Бо жахліва. Бо балюча. Чаму? Асобы, якія ёсьць сябрамі Саюза БЕЛАРУСКІХ пісьменьнікаў, для якіх Беларусь — сьвятое, раптам пачынаюць зьневажаць адзін аднаго, быццам у іх не адзін вораг — сілы антыбеларускія, ворагі беларушчыны. Быццам усе яны не беларусы. Размова не пра мову. Яна можа быць і польскай, і літоўскай, і расейскай... Мы, беларусы беларускія, талерантныя. Размова пра іншае, пра шанаваньне духоўных скарбаў, праз якія мы прад сьветам сьцьвярджаем сваё, пакаленьнямі да нас створанае. Не ведаю, якім патрэбна быць невідушчым (не пра зрок ідзецца), каб не бачыць красы нашых вышыванак.

«Новае слова ў літаратуры» — якая Беларусь? Палігон! Чаму маладому, ні ў чым не дасьведчанаму аўтару, якому давялося «мэтра» наймаць, каб гістарычныя даведкі атрымоўваць, менавіта ў грэка-каталіцкую царкву каменем кінуць захацелася? Вось жа, сёньня гэта адзіная беларуская царква ў Беларусі. Падаецца, адказ у гэтым.

Я літаратарка, разумею ролю ўмоўнасьці, домыслу, шаную права аўтара тварыць, бачыць і разумець па-свойму тое, што было і што магло б быць. Але чаму павінна Беларусь была б стаць палігонам? Ды з такімі героямі?

Так, тут будзе палігон. Ці Расея-Кітай, як у рамане Марціновіча «Мова». І размаўляць будуць адпаведна, як у гэтым рамане. Думаеце, аўтар выдумаў, што мова беларуская можа стаць наймацнейшым наркотыкам, безь якога жыцьця не ўявіць? Не. Сьведчу пра тое. Калі выступаю на розных імпрэзах, падыходзяць людзі з тварамі прасьветленымі, з усьмешкай такою шчыраю і гавораць пра незвычайную прыгажосьць мовы нашае, пра тое, як кранае яна іх. Ці ж не той стан у герояў Марціновіча? Ды што пасьля імпрэзаў? Там усё ж людзі не выпадковыя. На вуліцы колькі захопленых словаў на адрас мовы нашае. Які цуд! Гэта ў Беларусі яшчэ нехта гаворыць?! Як хораша!

Шчасьлівая, што мела аўдыторыю, якой шмат гадоў даводзіла, хто мы, што ёсьць нашым Скарбам, як шанаваць яго трэба. Бо інакш у каго ператворымся? У тутэйшых, што забыліся, кім ёсьць. І словы мае, надзею маю, не на каменную глебу падалі. Сьведчаньнем таму верш мае былое студэнткі Вікторыі Смолкі:

Не Беларусы, тутэйшыя проста,
Плачка па вас сьлёзы лiла —
Тая, што ў бела-блакiтных нябёсах
Над Беларусьсю самотна плыла.

Хто Яна? Птушка з журботнага краю,
Божы Анёл цi Радзiмы душа?
Горка сьпявала Яна: «Памiраю.
Толькi паплачу па вас я сьпярша.

Будзе сьляза мая дожджыкам змыта...
Так, я памру, як Хрыстос на Крыжы,
Дзеля таго, каб тутэйшы Мiкiта
Не забiваў Беларускай Душы —

У лёсе сваiм на зямлi i пад Богам,
Там, адкуль вочы валошак глядзяць,
Там, дзе ля Cьветлай на Неба дарогi
Колас, Купала i Чорны стаяць...

Могуць запярэчыць мне сталічныя мэтры, якія прапіску менскую спрадвеку маюць: чаго той пані зь нейкае правінцыйнае Гародні ды ў нашу «дыскусію» ўмешвацца. І рацыі мець ня будуць. Мы, гарадзенцы, жывем у каралеўскім месьце. І ня лічым, што менская прапіска ёсьць перавагай прад кожнаю іншаю: наваградзкаю, шчонаўскаю, вілейскаю... Менск ператварыўся ў пачварнага монстра, які паглынае ўсё навокал, які сьсе кроў з беларускіх абшараў. І ўжо хіба захлынаецца. І баліць мне, што беларускія пісьменьнікі таксама захлынаюцца ад нянавісьці да беларускага. Можна маўчаць?..

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG