Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Казюкі» ў Горадні: «Пагоня» на шчасьце


«Казюкі» ў Горадні: «Пагоня» на шчасьце
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:34 0:00
Наўпроставы лінк

«Казюкі» ў Горадні: «Пагоня» на шчасьце

У Горадні адбылося традыцыйнае сьвята-кірмаш «Казюкі», у якім бралі ўдзел многія народныя майстры. Сёлета яно было зладжана на вуліцы Савецкай, і многія з гарадзенцаў казалі, што тут, сярод старых камяніц на вузенькай вулачцы, утульней, чым на ранейшым звыклым месцы — на Савецкай плошчы.

Вось першыя майстры з Карэліцкага раёну, у іх на сталах вырабы з саломкі, розныя драўляныя рэчы. Гутару са спадарыняй, яна кажа, што людзі падыходзяць, цікавяцца, але пакуль нічога не набылі. Цікаўлюся ў спадарыні — ці можна наагул сёньня пражыць такім рамяством?

Спадарыня: «Думаю, што ня вельмі, бо гэта запатрабавана толькі падчас такіх кірмашоў, сьвятаў. А так то болей нічога не адбываецца...»

Побач спадар Цімур, ён займаецца разьбой па дрэве, жыве ў вёсцы Ярэмічы. Кажа, што прадае свае працы ня толькі ў Беларусі, але нават і ў Расеі, і пераважна з гэтага жыве.

Спадар: «Беларусы ня вельмі купляюць сувэніры. Больш тыя, хто цікавіцца беларускай культурай, і часта гэта не беларусы. Магчыма, гэта з-за фінансавых магчымасьцяў».

Карэспандэнт: «А што для вас азначае сьвята Казюкі?»

Спадар: «Для мяне гэта папросту кірмаш, дзе я магу прадаць свае працы. Я тут першы раз».

Карэспандэнт: «А вы ведаеце, у гонар каго гэтае сьвята?»

Спадар: «Ня ведаю. Мяне сюды проста запрасілі выставіць свае працы, і ўсё...»

А вось у спадара Сяргея Чукава — гербы беларускіх гарадоў і некалькі розных гербаў «Пагоня». Спадар Чукаў родам з Сыбіры, жыве ў Горадні. Ён скульптар і кажа, што зарабляе гэтым на жыцьцё. Герб «Пагоня», паводле яго, на падобных кірмашах звычайна раскупляюць.

Спадар: «А гэта ўсё з часоў Вітаўта, ня тое, што цяпер усё электроннае. Гэта старажытнае і, на жаль, забываецца, а гэта ж наш гонар».

Карэспандэнт: «А чаму вы на «Пагоні» пішаце: «На шчасьце»?

Чукаў: «А мне здаецца, што менавіта на шчасьце яна нам дадзена. І тут, паглядзіце, яна мэталёвая з пазалочанай фарбай, хоць больш чамусьці купляюць са срэбнай фарбай».

Сталая спадарыня прадае прыгожыя букеты сухіх кветак. Распавядае, што рабіць іх нялёгка, але яна любіць гэта зь дзяцінства. Цікаўлюся — ці нехта пераймае яе рамяство?

Спадарыня: «Ведаеце, толькі сястры нявестка, а так я б не сказала. Толькі дай гатовае, каб было. Моладзь ня хоча гэтым займацца, кажуць, што гэта сьмецьце. Вунь, унук крычыць, каб не заходзіла да яго ў пакой і не нанасіла сьмецьця».

Цікаўлюся ў гараджан — як ім сёлета падабаецца сьвята?

Спадар: «Нешта сьціплы ў гэтым годзе „Казімір“, раней было неяк больш рамесьнікаў, і на плошчы ўсё адбывалася, і болей музыкі было. І яшчэ адна адметнасьць: беларускія сувэніры пачалі замяняцца кітайскімі».

Іншы спадар: «Глядзеў абрус на стол, але бачу, што большасьць іх з Кітая. Яны не ручной работы, як рэклямуецца. На іх надпісы, што зроблена ў Кітаі, а ня прозьвішча майстра, які іх рабіў».

А вось гарадзенскі мастак Алесь Сураў кажа, што наагул добра, што сьвята перанесьлі на вуліцу Савецкую, што ў гэтым годзе ўрэшце пашэнціла з надвор’ем, — але асаблівага настрою ў яго чамусьці таксама няма.

Сураў: «Ня ведаю, але тут нейкі сумны народ ходзіць. Магчыма, не хапае шапікаў з кавай, з гарачым віном, болей музыкаў, а то тут нейкая афіцыялка грыміць, зараз будуць песьні пра партызан і «Молодость моя — Белоруссия» будуць круціць як песьню сьвятога Казіміра.

Паводле легенды, Сьвяты Казімір жыў у Горадні і памёр тут, яму было каля 26 гадоў. Але пахавалі яго ў Вільні, там ёсьць касьцёл, названы ягоным імем. Апавядалі, што ягонае цела аказалася нятленным. У 1521 годзе папа Рымскі Леан Х кананізаваў яго.

У міжваенны час у Горадні існавала вуліца Сьвятога Казіміра. На пачатку 1990-х гадоў, калі Беларусь стала незалежнай, тапанімічная камісія прапаноўвала невялікую вуліцу Кастрычніцкую ў самым цэнтры гораду назваць вуліцай Сьвятога Казіміра. Але гэтая прапанова не знайшла падтрымкі ў дэпутатаў гарсавету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG