Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дазволеныя месцы перадвыбарных сустрэч: бязьлюдныя паркі й засьнежаныя стадыёны


На Гомельшчыне раённыя выканаўчыя камітэты па ўзгадненьні з выбарчымі камісіямі вызначылі месцы кандыдатам у дэпутаты для сустрэч з выбарцамі і масавай агітацыі. Гэта пераважна засьнежаныя стадыёны й паркавыя зоны ля пустуючых летніх атракцыёнаў.

У горадзе Калінкавічы сфармавана 24 выбарчыя акругі. Але райвыканкам вызначыў толькі два месцы, дзе кандыдаты ў дэпутаты могуць ладзіць пікеты, мітынгі й сустракацца з выбарцамі. Гэта гарадзкі парк паміж атракцыёнамі й возерам і на пляцоўцы каля аўтадрому на тэрыторыі былога вайсковага гарадка.

Гадаць, як будуць дабірацца сюды выбарцы, напрыклад, з вуліцы Сасновай альбо Маладзёжнай і ці будуць увогуле, не выпадае.

Мясцовы грамадзкі актывіст Дзяніс Рабянок на такі «клопат» выканкаму наконт масавай агітацыі выбарцаў кажа:

«Улады баяцца любой, нават самай мінімальнай актыўнасьці грамадзянаў. Бо любая, скажам так, вулічная акцыя для іх сьмерці падобная. Нават горш, чым Майдан. Яны ж нездарма вызначылі такія месцы, дзе ўзімку калі два чалавекі за дзень пройдзе, то добра. Гэта спэцыяльна робіцца, каб, ня дай бог, хто не пабачыў, што ёсьць людзі, якія выступаюць супраць сёньняшняй улады. Вось гэтага яны й баяцца».

На думку суразмоўцы, улады заклапочаныя толькі фармальным бокам арганізацыі масавай перадвыбарчай агітацыі, бо, па сутнасьці, сваімі рашэньнямі яны зводзяць такую агітацыю да нуля:
Нават калі чалавек будзе ведаць, што магчымы кандыдат там будзе нешта ладзіць, то ніхто туды спэцыяльна ня пойдзе, тым больш у зімовае надвор’е.

«Нават калі чалавек будзе ведаць, што магчымы кандыдат там будзе нешта ладзіць, то ніхто туды спэцыяльна ня пойдзе, тым больш у зімовае надвор’е. Ва ўсіх нармальных эўрапейскіх краінах такія месцы вызначаюцца ў самым цэнтры гарадоў. У нас гэта павінна быць плошча Леніна — там, дзе людзі ходзяць, а не на нейкіх там могілках ці каля возера».

Выбарцам Рэчыцы, у адрозьненьне ад Калінкавічаў, пашэнціла крыху болей. Тут вызначана тры месцы для сустрэч гараджанаў з кандыдатамі ў дэпутаты па-за межамі памяшканьняў. Гэта парк і дзьве пляцоўкі — ля цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня і дзіцячай музычнай школы.

Магчымая кандыдатка ў дэпутаты Рэчыцкага раённага савету, сябра Сацыял-дэмакратычнай партыі й кампаніі «Гавары праўду» Алена Лінкевіч так камэнтуе рашэньне выканкаму наконт трох месцаў для масавай агітацыі:

«Парк — гэта зусім іншая акруга, музычная школа — таксама не ў маёй акрузе. І трэцяе месца — гэта ля вытворчага дрэваапрацоўчага прадпрыемства, дзе клюб і Ленін стаіць. Але й гэтае месца ў маю акругу не ўваходзіць. Мне, атрымліваецца, няма дзе сустракацца з выбарцамі. Магчыма, улады баяцца, што ў выбарцаў прачнецца цікавасьць: ага, ёсьць і альтэрнатыва».

Падобная сытуацыя зь месцамі для масавай агітацыі і ў Рагачове. У райцэнтры іх таксама толькі тры — у парку, ля гандлёвага дому «Дружба» і гарадзкога Дому культуры.
Вызначэньня ўладамі месцаў, дзе павінна весьціся агітацыя, не павінна быць у прыродзе

Прэтэндэнт на дэпутацкі мандат ад партыі левых «Справядлівы сьвет» Міхаіл Міронаў з Рагачова лічыць, што пастановамі пра абмежаваньне сустрэч з выбарцамі выканкамы парушаюць ня толькі выбарчае заканадаўства, але й Канстытуцыю:

«Вызначэньня ўладамі месцаў, дзе павінна весьціся агітацыя, не павінна быць у прыродзе. Народ — носьбіт улады. Структуры ўладныя — гэта слугі народу. Слугі павінны прыслужваць народу, а ня ўказваць. Гэта дзікасьць, каб указваць людзям, дзе яны могуць зьбірацца й весьці дыялёг. Гэтая мера скіраваная на тое, каб у людзей было менш кантактаў з кандыдатамі, якія балятуюцца. Там, дзе шматлюдна, пачынаецца палітыка, бо людзі стаміліся ад такога жыцьця».

Гомельскі праваабаронца й юрыст Леанід Судаленка дадае:

«Выканкамы павінны ствараць умовы для вольнага і ўсебаковага абмеркаваньня кандыдатаў, праблемаў, якія ёсьць у выбарчых акругах. Абмяжоўваючы месцы сустрэчаў з кандыдатамі, улады парушаюць найперш 45 артыкул Выбарчага кодэксу, якім акурат і вызначана свабоднае і ўсебаковае абмеркаваньне перадвыбарчых праграмаў кандыдатаў. Але, як бачым, яны гэтага ня робяць. Напэўна, ня чулі слоў кіраўніка дзяржавы, які напярэдадні гэтых выбараў заяўляў, што яны будуць «супэрдэмакратычнымі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG