Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Засталося ўвесьці падатак на бел-чырвона-белыя аўто


Як пераканаўся наш карэспандэнт Ігар Карней, ажыятаж з праходжаньнем тэхнічнага агляду ў апошнія дні году, які быў выкліканы ўвядзеньнем транспартнага падатку, мінуўся.

Пасьля сьвятаў сытуацыя стабілізавалася: чэргаў няма: плаці па тарыфах і праходзь вызначаныя працэдуры. Напрыканцы мінулага году кіроўцы спрабавалі некалькі разоў наладзіць акцыі пратэсту супраць новага падатку, аднак ніякага ўплыву на рашэньне ўладаў гэта не аказала.

Асноўны ажыятаж на станцыях прыпаў на пэрыяд з 15 да 31 сьнежня, калі аўтаўладальнікі вырашылі прайсьці тэхагляд да ўвядзеньня дзяржпошліны: на станцыі дыягностыкі толькі ў Менску прыехала машынаў удвая больш, чым звычайна — каля 200 тысяч супраць 100 тысяч.

Значная частка аўтааматараў пастаралася ўскочыць у апошні вагон, каб адцягнуць аплату хоць бы да канца 2014-га. Пасьля Новага году ахвотных плаціць дзяржаве істотна паменела. Рэдкія наведнікі матывуюць візыт спадзяваньнем зэканоміць прынамсі на далейшым росьце базавай велічыні. Па разьліках кіроўцы «Хонды» спадара Андрэя, які прынёс квітанцыю, што сплаціў 1 мільён 300 тысяч рублёў (аўто маладзейшае за 10 гадоў, таму трэба плаціць дадатковую стаўку наперад), з павелічэньнем базавай велічыні нават на 20 тысяч эканомія складзе 200 тысяч рублёў:

Кіроўца «Хонды»: «Вядома, усё гэта ня вельмі добра, хоць у большай ступені гэта адаб’ецца на ўладальніках вялікіх машынаў — сума платы залежыць ад клясы аўтамабіля, правільна? Асабіста я заўсёды аддаю перавагу невялікім, сярэднім машынам, каб было эканамічна. Але для ня вельмі забясьпечаных людзей дадатковы збор будзе ўсё ж дастаткова адчувальны».

Іншыя кіроўцы таксама не хаваюць незадаволенасьці дадатковым абкладаньнем аўтатранспарту. На думку суразмоўцаў, такім чынам улады проста расьпісваюцца ў няздольнасьці папоўніць бюджэт за кошт рэальнай эканомікі:

Кіроўца «Пэжо»: «Вядома, народ паступова прызвычаіцца. Але, на маё глыбокае перакананьне, гэта проста збор грошай, нічога больш. Прынамсі, ні да чога лепшага гэта не прывядзе. Толькі па кішэні нашай б’е, што тут яшчэ казаць? Таму я супраць такіх навацыяў».

Кіроўца «Форда»: «Я лічу, што гэта няправільна. Трэба дамагацца таго, каб пасьля ўступленьня ў Мытны саюз, наадварот, зьніжаць цэны на аўтамабілі, зьніжаць растаможку, адмаўляцца ад усялякіх транспартных пабораў. А ў выніку атрымліваецца зусім інакш: шалёная растаможка, транспартны падатак, утылізацыйны збор. Пры гэтым дарогі лепшыя не становяцца, коркі на дарогах павялічваюцца. Відавочна, нічога гэта не памагае».

Кіроўца «Фольксвагена»: «Я ўвогуле не разумею, куды накіроўваецца гэты транспартны падатак, гэта ўвогуле пакрыта таямніцай. То бок мэта гэтага пабору, інакш ня скажаш, на якія канкрэтна задачы ён пойдзе зь бюджэту — для звычайнага чалавека гэта абсалютна не зразумела».
Адмоўнае, натуральна, стаўленьне, бо што ж гэта за жыцьцё, калі паўсюль і навокал адны падаткі?

Кіроўца «Опэля»: «Адмоўнае, натуральна, стаўленьне, бо што ж гэта за жыцьцё, калі паўсюль і навокал адны падаткі? Грошай у дзяржавы, напэўна, мала, як заўсёды, не хапае. Нам таксама не хапае грошай, але хто-небудзь у нас пра гэта пацікавіўся? Таму ўсё зразумела і бяз словаў — мы супраць».

Кіроўца «Крайсьлера»: «Наша стаўленьне такое: чым меншы падатак — тым лепш. Калі пабачым, што нешта рэальна паляпшаецца, — тады можна і заплаціць. Але на дадзены момант ні інфраструктура, ні дарогі, як мне падаецца, не адпавядаюць памерам падаткаў».

Кіроўца «Нісана»: «Мы купляем машыну, плацім падаткі з заробку, з бэнзіну і г. д. Пры гэтым дарогі лепшымі не становяцца, экалёгія лепшай не становіцца, тыя ж аўтамабілі больш даступнымі таксама не становяцца. Дык за што мы тады ўвогуле плацім? Поўны ідыятызм!»

Аўтааматар са стажам Алег Маркевіч узначальваў праваабарончую Асацыяцыю ўладальнікаў і кіроўцаў аўтатранспарту, пакуль Міністэрства юстыцыі яе не зьліквідавала. Тым ня меней ён працягвае кансультаваць калегаў у спрэчных пытаньнях і лічыць, што ўвядзеньне транспартнага пабору ў Беларусі нічым не апраўданае:
Алег Маркевіч пра транспартны падатак
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:52 0:00
Наўпроставы лінк

«Пачнём з таго, што ніякай патрэбы для грамадзянаў Беларусі ў гэтым падатку няма. А вось карысьлівыя інтарэсы тых, хто трымаецца за ўладу, прасочваюцца яўна: бяздарная эканамічная палітыка просіць усё больш і больш грошай. Прыкра казаць, але такое адчуваньне, што калі нашаму ўраду даць у арэнду пустэльню Сахару, то праз пару гадоў туды давядзецца завозіць пясок. Вось такая ў нас палітыка, такія кіраўнікі. Увогуле замах пайшоў на самыя бедныя пласты насельніцтва, на людзей, якія выяжджаюць на дарогу, можа, раз на тыдзень, пераважна летам, каб вырашыць сваю прадуктовую праграму на дачы. Па гэтай катэгорыі ўдар ужо нанесены. Паводле статыстыкі, прыкладна 4 тысячы кілямэтраў за год яны наезьдзяць. Дык вось гэтую лічбу падзяліце на памер падатку — і даведаецеся, колькі на выхадзе атрымаецца літар бэнзіну. Будзе больш, чым у Эўразьвязе. А той, хто езьдзіў свае 25 тысяч кілямэтраў ці болей, атрымае дадаткова 200–300 рублёў на літар, і яму будзе не балюча».

Карэспандэнт: «Што яшчэ могуць прыдумаць улады, каб чарговым разам „падаіць“ аўтамабілістаў? Ці ўсе задумы ўжо рэалізаваныя?»

«Думаю, што могуць увесьці падатак на „шыкоўныя“ машыны — то бок прадстаўнічыя ці прэміюм-клясу. Дарэчы, на такіх збольшага езьдзяць самі чыноўнікі, але ім у гэтым сэнсе баяцца няма чаго. Могуць падняць „кубікі“: скажам, машына ад 1500 сантымэтраў кубічных будзе лічыцца з залішняй нагрузкай на глебу і абкладацца па поўнай праграме. А могуць нават і на колер: у каго прысутнічаюць бел-чырвона-белыя адценьні, той будзе плаціць у тры разы больш па ўсіх тарыфах».

Ад 1 студзеня 2014 году ўведзеная дзяржаўная пошліна на выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Аплата прывязаная да тэхагляду, а тыя, хто праходзіць працэдуру раз на два гады, мусяць плаціць у падвойным памеры. Стаўкі наступныя:

• аўто з максымальнай масай ня болей за 1,5 тоны — 3 базавыя велічыні (390 тысяч рублёў);

• з масай звыш 1,5 тоны, але ня болей за 2 тоны — 5 базавых велічыняў (650 тысяч рублёў);

• з масай звыш 2 тон, але ня болей за 3 тоны — 7 базавых велічыняў (910 тысяч рублёў);

• з масай звыш 3 тон — 10 базавых велічыняў (1 мільён 300 тысяч рублёў).

Адмыслоўцы прагназуюць, што нямала аўтааматараў будуць ігнараваць станцыі дыягностыкі, каб не плаціць транспартнага падатку. Паводле зьвестак Дзяржаўтаінспэкцыі, прыкладна 20% транспартных сродкаў езьдзяць па беларускіх дарогах без тэхагляду. З улікам новых абставінаў у 2014 годзе колькасьць адмоўнікаў можа павялічыцца адразу да 40%. Прынамсі, пакуль выгадней некалькі разоў сплаціць штраф, чым дзяржпошліну: 130 тысяч рублёў адміністрацыйнага спагнаньня супраць 910 тысяч пошліны за аўто масай звыш 2 тон.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG