Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карняенка і Лябедзька зьбіралі подпісы ў цэнтры Менску за адмену аўтападатку


Анатоль Лябедзька зьбірае подпісы
Прыблізна 100 подпісаў за адмену аўтамабільнага падатку і адстаўку ўраду сабралі за гадзіну ў цэнтры Менску лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сустаршыня кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка.

Палітыкі праводзілі збор подпісаў 5 студзеня з 12.00 да 13.00 на плошчы Якуба Коласа і ў раёне Камароўскага рынку. За гэтым працэсам назіралі беспрэцэдэнтная колькасць супрацоўнікаў міліцыі і спэцслужбаў, якія, аднак, не перашкаджалі гэтаму. Не менш як дзесяць чалавек у цывільным пастаянна суправаджалі Лябедзьку і Карняенку, частка з іх непарыўна вялі відэаздымку, а на прылеглых вуліцах дзяжурылі машыны ДАІ і знаходзіліся некалькі міліцэйскіх аўтобусаў. Да месца правядзення акцыі палітыкаў ад самога дома суправаджалі супрацоўнікі спэцслужбаў (Лябедзька жыве ў Менску, Карняенка — у Фаніпалі).

«Улады правялі сапраўдную спэцаперацыю па назіраньні за зборам подпісаў. Напэўна, безь міліцыі і камэраў людзі б больш актыўна ставілі свае подпісы. Але нават у такіх умовах утвараліся невялікія чэргі ахвотных падпісацца, прычым падпісваліся ня толькі менчукі, але і жыхары іншых гарадоў Беларусі. Гэта гаворыць пра тое, што праблема закранае ня толькі сталіцу, але і ўсю Беларусь», — сказаў Лябедзька

Ён таксама паведаміў, што збор подпісаў за адмену падатку праводзіцца ўжо ў трэці раз. Таму ўсяго ўжо сабрана некалькі тысячаў подпісаў.

Як паведаміў Карняенка, пакуль ня ставіцца мэта сабраць, да прыкладу, мільён подпісаў. «Гэта, хутчэй, дэманстрацыйная, сымбалічная акцыя з мэтай паказаць, што людзі не баяцца адкрыта выказваць нязгоду зь дзеяньнямі ўладаў», — сказаў ён.

Нагадаем, раней плянавалася правесьці 5 студзеня з 12.00 да 13.00 аўтапрабег па праспэкце Незалежнасьці супраць увядзення аўтазбору. Аднак Менгарвыканкам адмовіў у яго правядзеньні. У якасці прычын адмовы названа тое, што Лябедзька ня можа быць заяўнікам, бо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, а таксама адсутнасьць у заяўцы «неабходных зьвестак» — у ёй не былі ўказаны пашпартныя дадзеныя ўсіх удзельнікаў прабегу і аўтамабілі. Апрача таго, зазначылі ў гарвыканкаме, аўтапрабег прайшоў бы блізу адміністрацыйных будынкаў, дзе правядзеньне масавых мерапрыемстваў забаронена.

У сувязі з забаронай аўтапрабегу і было вырашана арганізаваць збор подпісаў.

Рашэньне ўвесьці з 2014 года падатак за допуск аўтамабіляў да ўдзелу ў дарожным руху было прынята парлямэнтам у сьнежні і ўхвалена Лукашэнкам. Памер падатку складае ад 3 да 25 базавых велічыняў (зараз ад 390 тыс. да 3 млн. 250 тыс. рублёў), у тым ліку для фізычных асобаў на легкавыя аўтамабілі — ад 3 да 10 базавых велічыняў (ад 390 тыс. да 1,3 млн.). Прадугледжана самастойная выплата падатку да праходжаньня тэхагляду.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG