Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтамабіль для беларуса зноў становіцца раскошай


Утылізацыйны збор на аўтамабілі, які ад 1 студзеня 2014 году ўводзіць Расейская Фэдэрацыя, падхоплівае і Беларусь.

Як прагназуюць экспэрты, абкладаньне аўтамабілістаў згаданым зборам у спалучэньні з высокім мытам, падаткам на дададзеную вартасьць і аплатай дазволу на ўдзел у дарожным руху можа прывесьці да поўнага абвалу аўтарынку.

Уніфікаванае з Расеяй у 2011 годзе мыта ўжо падвоіла кошты на некаторыя аўтамабілі, а цяпер марам бальшыні беларусаў пра «аўтаапгрэйд» ня суджана збыцца ўвогуле. І калі Расея ўтылізацыйным зборам абараняе ўнутраных вытворцаў, то Беларусь плаціць за прыемнасьць быць у «мытным клюбе».

Утылізацыйны збор у Беларусі ўводзіцца паводле расейскага ўзору. Праўда, з шэрагам «сувэрэнных» выняткаў, якія скіруюць мільёны даляраў у расейскую казну. Агульнае ў тым, што памер стацыянарнай стаўкі памнажаецца на каэфіцыент разьліку, які залежыць ад узросту, аб’ёму рухавіка і прызначэньня аўтамабіля. Пры гэтым адметна, што для Беларусі стаўка падаецца ў нацыянальнай валюце Расеі: 20 тысяч расейскіх рублёў для легкавікоў, 150 тысяч — для грузавых і камэрцыйных аўто. Ад збору будуць вызваленыя «айчынныя» вытворцы — «Geely», «Zotye», рэшткі «Саманду» і МАЗ.

Старшыня праўленьня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч прагназуе, ува што могуць выліцца новыя захады для вялікай арміі мясцовых аўтааматараў:

«Утылізацыйны збор прывядзе да нязначнай зьмены кошту аўтамабіляў, якія
каб сёньня набыць новае аўто, паловай яго кошту трэба падзяліцца зь дзяржавай
завозяцца з далёкага замежжа. Прывядзе да падаражэньня ў памеры да 1000 даляраў машын з аб’ёмам рухавіка ад 1 да 2 літраў і больш сур’ёзнага падаражэньня — больш за 3000 даляраў — зь літражом ад 3 літраў. Гэта што да ставак на машыны да 3 гадоў эксплюатацыі. Калі гаварыць пра ўжываную тэхніку, то ўтылізацыйны збор будзе на парадак большы па ўсіх пазыцыях. Таму стаўка збору пры ўвозе юрыдычнымі асобамі тэхнікі, якая была ў карыстаньні, зробіць такі бізнэс нявыгадным. Перадусім гэта тычыцца ўжываных аўтамабіляў у сэгмэнце звыш 3 гадоў. Адпаведна, для простага грамадзяніна пасьля 1 студзеня лепш купляць новы аўтамабіль або ў аўтадылера, або ехаць за мяжу і ўвозіць яго самастойна. Той факт, што за апошнія некалькі гадоў і новыя, і ўжываныя аўтамабілі падаражэлі практычна ў 1,5 раза адносна таго, што было да Мытнага саюзу, сьведчыць пра адно: каб сёньня набыць новае аўто, паловай яго кошту трэба падзяліцца зь дзяржавай. Па сутнасьці, так яно і ёсьць».

Паводле спадара Міхневіча, затраты дылераў на сплату ўтылізацыйнага збору за адзін аўтамабіль складуць ад 800 да 3300 даляраў. І калі ў наступным годзе мясцовыя кампаніі выйдуць хоць бы на палову ад паказьнікаў 2013-га, па выніках якога гандляры мяркуюць адрапартаваць пра 30 тысяч прададзеных аўто, агульная сума дадатковага збору складзе каля 50 мільёнаў даляраў. І яе давядзецца перакласьці на спажыўцоў.

Адкуль увогуле паўстала неабходнасьць уводзіць чарговы пабор? Патрэбы Расеі, якія аўтаматычна кладуцца на плечы беларусаў, камэнтуе аўтамабільны аглядальнік Іван Крышкевіч:

«Сытуацыя наступная: калі Расея рыхтавалася ўступаць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, у Маскве сутыкнуліся з тым, што даводзілася зьніжаць мыта. У тым ліку — на аўтамабільную тэхніку. Але на той момант лабіраваньнем
трэба бізнэс „адбіваць“ і акупляць»
займаліся ўжо ня толькі расейскія вытворцы — АўтаВАЗ, ГАЗ, ЗІЛ — але і замежныя вытворцы, якія ўклалі немалыя сродкі, каб адкрыць прадпрыемствы ў Расеі. Гэта тыя ж „Форд“, „Фальксваген“, „Таёта“ і г.д. То бок яны ўклалі досыць шмат сродкаў, каб наладзіць вытворчасьць сваіх аўтамабіляў у Расеі. Адпаведна, ім ужо і самім было б цікава, каб захоўвалася мыта, якое б абараняла ня толькі расейскіх, але і замежных вытворцаў, якія наладзілі зборку аўто ў Расеі, як мінімум з машын, якія былі ў карыстаньні. То бок у большай ступені нават ня з новых машын-іншамарак, колькі са сьвежых іншамарак — 3—5-гадовых аўтамабіляў. З таго пункту гледжаньня, што грошы ўкладзеныя, вытворчасьць працуе, трэба бізнэс „адбіваць“ і акупляць».

У выніку рэзкага падвышэньня мыта ў 2011 годзе беларускія пакупнікі паступова пераарыентаваліся на Расею: аўтамабілі сярэдняга цэнавага сэгмэнту, увезеныя з Расеі бяз сплаты мыта, ужо складаюць да 80% беларускага рынку новых аўто. Але рознасьць мэханізмаў спагнаньня дадатковых плацяжоў у Расеі і Беларусі можа прывесьці да значнага росту імпарту ўжыванай аўтатэхнікі на беларускі рынак. Розьнічныя кошты аўтамабіляў на расейскім рынку не павялічацца на памер утылізацыйнага збору, бо пры продажы на экспарт збор не спаганяецца. Да таго ж расейскім вытворцам урад кампэнсуе страты ад сплаты збору. Адпаведна, у фізычных асобаў зьяўляецца стымул набываць аўто менавіта ў Расеі.

Пра гэта сьведчыць і просты разьлік: збор у памеры 90 даляраў на машыну, старэйшую за 3 гады, у Расеі — супраць 1500 даляраў за новую з аб’ёмам рухавіка звыш 2 літраў у Беларусі. Паводле папярэдніх падлікаў, калі цягам гэтага году неарганізаваны ўвоз аўтамабіляў фізычнымі асобамі мае перавысіць 60 тысяч адзінак (супраць 42 тысяч летась), пры двухразовым павелічэньні ўвозу ўжываных аўто адток валюты ў 2014-м можа скласьці рэкордныя 1,5 мільярда даляраў.

Выглядае, што абяцаныя выгоды Мытнага саюзу для аўтамабільнага рынку Беларусі абарочваюцца суцэльнымі стратамі. Спачатку непад’ёмнае мыта, потым утылізацыйны збор, нарэшце — транспартны падатак, якім з наступнага году за расейскім прыкладам беларускія ўлады маюць абкласьці ўсіх аўтамабілістаў. Аўтамабільны аналітык Віктар Аўласенка лічыць, што іншага варыянту падобнае сяброўства і не прадугледжвала — калі хочаш задарма атрымліваць энэргарэсурсы, даводзіцца чымсьці ахвяраваць:

«Вядома, з гледзішча шараговага беларуса, дакладней — аўтамабіліста, паводле азначэньня немагчыма ўбачыць нейкія плюсы ў Мытным саюзе. Бо з-за яго падвысілі мыта, зьмянілі падатак на дададзеную вартасьць, вырасьлі цэны на новыя аўтамабілі, скокнулі цэны на аўто ня толькі новыя, а і ўжываныя. Зь іншага боку, людзі не разумеюць, што Мытны саюз мае свае выразныя плюсы для ўсёй беларускай эканомікі. Справа ў тым, што беларускія вытворцы, той жа МАЗ, атрымліваюць пэўныя дывідэнды ад таго, што працуюць у адзінай эканамічнай прасторы з Расеяй. Зноў жа, свае дывідэнды атрымліваюць перавозчыкі, бо зьяўляюцца магчымасьці будоўлі лягістычных цэнтраў. Іншымі словамі: мы хочам, каб у нас было таннае мыта, але разам з тым хочам, каб і бэнзін каштаваў па 90 цэнтаў, і каб газ быў па 130 даляраў за тону. Вось вам і парадокс: хочам асаблівых умоваў з боку Расеі, але пры гэтым ня хочам нічога за гэта плаціць. Надышоў час нейкім чынам за гэта расплачвацца, у дадзеным выпадку — праз пошліны».

У адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам сплата ўтылізацыйнага збору будзе ажыцьцяўляцца ад 1 студзеня 2014 году па краіне прызначэньня, у выніку чаго ў беларускі бюджэт будзе сплочвацца збор на тэхніку, увезеную на тэрыторыю краіны і пастаўленую на ўлік у Беларусі. Пры гэтым з транспартных сродкаў, вырабленых у Беларусі і пастаўленых на расейскі рынак, збор будзе спаганяцца ў бюджэт Расеі. Пры любым раскладзе, як канстатуюць адмыслоўцы, беларусы застаюцца ў пройгрышы.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG