Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і Беларусь пачалі дэмаркацыю сумеснай мяжы


Першыя памежныя знакі на ўкраінска-беларускай мяжы ў Чарнігаўскай вобласьці былі ўрачыста адкрытыя ў сераду пры ўдзеле міністра замежных спраў Украіны Леаніда Кожара і кіраўніка МЗС Беларусі Ўладзіміра Макея.

«Мы разьлічваем, зыходзячы з досьведу ўладкаваньня мяжы на іншых участках, за 5–7 гадоў справіцца з гэтай задачай», — сказаў Уладзімір Макей.

Паводле ягоных слоў, гэта будзе няпростая праца, бо ўкраінска-беларуская мяжа разьмешчана на балоцістай і лясістай мясцовасьці, а таксама праходзіць праз чарнобыльскую зону.

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Украіны Леанід Кажара аптымістычна настроены што да хутчэйшага завяршэньня дэмаркацыйных працаў на мясцовасьці, якія, паводле ягоных словаў, будуць ажыцьцяўляцца за сродкі, выдзеленыя зь дзяржбюджэтаў Украіны і Беларусі:

«Мяжа вельмі працяглая, досыць складаная, ёсьць і чарнобыльская зона. Я думаю, што абедзьвюм дзяржавам па сілах ажыцьцявіць гэта ў самыя кароткія тэрміны», — цытуе кіраўніка МЗС Украіны Інтэрфакс.

Беларусь і Ўкраіна ішлі да першага памежнага слупа 16 гадоў

У ліпені 2013-га Беларусь і Ўкраіна абмяняліся ратыфікацыйнымі граматамі па дамове аб дзяржаўнай мяжы.

Сама дамова была падпісаная ў 1997 годзе.

Вярхоўная Рада Ўкраіны ратыфікавала пагадненьне яшчэ ў тым жа 1997-м, а беларуская Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу — у 2010 годзе.

Беларусь адмаўлялася абменьвацца ратыфікацыйнымі граматамі — такі абмен неабходны, каб дамова пачала дзейнічаць.

Менск патрабаваў ад Кіева 134 мільёны даляраў, якія яшчэ з 1992 году Беларусі нібыта завінаваціліся ўкраінскія суб’екты гаспадарчай дзейнасьці. Але так і не атрымаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG