Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь завяршае дэмаркацыю балтыйскай мяжы


6 сьнежня ў Нацыянальным гісторыка-культурным запаведніку Нясьвіж адбудзецца цырымонія падпісаньня выніковых дакумэнтаў дэмаркацыі стыку дзяржаўных межаў Беларусі, Латвіі і Расеі.

У імпрэзе будуць удзельнічаць начальнік упраўленьня дэлімітацыі і дэмаркацыі мяжы Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандар Архіпаў, дырэктар юрыдычнага дэпартамэнту МЗС Латвіі Ірына Мангуле і пасол па асобых даручэньнях МЗС Расеі Аляксей Обухаў.

Як паведаміў прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь Аляксандар Цішчанка, гэта апошні знак на межах з краінамі Балтыі, фактычна гэта — завяршэньне працэсу дэмаркацыі ў прыбалтыйскім кірунку.

З Латвіяй дэмаркацыя мяжы завершана ў 2006 годзе, зь Літвой — у 2008 годзе.

Мяжа з Польшчай таксама дэмаркаваная, але пэрыядычна адбываюцца дробныя ўдакладненьні.

На мяжы з Украінай дэмаркацыі яшчэ не было. Мяжа гэтая даволі працяглая — 1084 кілямэтры. Яшчэ два гады таму тагачасны старшыня Памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі заявіў: «З Украінай нас чакае працяглы працэс усталяваньня дзяржаўнай мяжы. Гэта зойме гадоў дзесяць».

Беларусь мае пяць стыкаў дзяржаўнай мяжы з сумежнымі дзяржавамі. Стык з Латвіяй і Літвой — дэлімітацыя і дэмаркацыя завершаны ў 2001 годзе, усталяваны памежны знак «Людзьвінава». Стык зь Літвой і Польшчай — дэлімітацыя завершана 16 верасьня 2009 году, дэмаркацыя — сёлета 30 траўня, усталяваны памежны знак «Марыха». На стыку з Латвіяй і Расіяй дэлімітацыя завершана 28 студзеня 2010 году. 6 сьнежня на стыку дзяржаўных межаў усталююць памежны знак «Няверыца».

Што да стыкаў з Польшчай і Ўкраінай, Расеяй і Ўкраінай, вядуцца кансультацыі па заключэньні адпаведных міжнародных дамоў пра іх усталяваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG