Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт. Праціўнікі Лукашэнкі зьяжджаюць


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Новае верасьнёўскае апытаньне НІСЭПД дазваляе па-новаму паглядзець на некаторыя грамадзка-палітычныя працэсы ў Беларусі. З часу мінулага чэрвеньскага дасьледаваньня грамадзкай думкі ў краіне адбыліся дзьве важныя падзеі. Па-першае, пачаў заўважна слабець беларускі рубель, што ўзмацніла дэвальвацыйныя чаканьні, насельніцтва стала больш купляць валюты. Другое — гэта калійная вайна, якая яшчэ ня скончылася. Абедзьве гэтыя падзеі паўплывалі на грамадзкія настроі.

Больш за 62% насельніцтва сочаць за абменным курсам рубля да даляра. І гэта тлумачыць, чаму, нягледзячы на падвышэньне сярэдняга заробку сёлета да больш як 600 даляраў, эканамічнае самаадчуваньне грамадзян пагаршаецца. Людзі ж глядзяць ня толькі ў сваю кішэню, але і на абменны курс. Каб пасьпець да значнага падзеньня рубля ўратаваць свае даходы. Бо маюць у гэтым пляне нэгатыўны жыцьцёвы досьвед. І іх не саб’еш разважаньнямі, што дэвальвацыі ня будзе, бо сваім вачам яны давяраюць больш.

А вось калійная вайна спрычынілася да таго, што за аб’яднаньне Беларусі з Расеяй гатовыя галасаваць толькі 27,6%. Гэта рэкордна нізкі паказчык.

Яшчэ адным вынікам калійнай вайны стаў, як і прадказвалі экспэрты, рост рэйтынгу Лукашэнкі. За яго гатовыя галасаваць 42,6%. Рэйтынг кіраўніка Беларусі зноў адрываецца ад эканамічнай сытуацыі і сацыяльнага самаадчуваньня насельніцтва, як гэта назіралася ў 1990-я гады.

Хоць палова насельніцтва хацела б кардынальных перамен у краіне, толькі чвэрць лічыць, што яны магчымыя.
Акрамя калійнай вайны, гэта вынік фаталізму, які ўладам удалося навязаць грамадзтву. Хоць палова насельніцтва хацела б кардынальных перамен у краіне, толькі чвэрць лічыць, што яны магчымыя. Мусіць, гэта самы трагічны вынік панаваньня Лукашэнкі. Дзейнага кіраўніка Беларусі бальшыня бачыць як прыродную зьяву, на якую немагчыма ўплываць.

Яшчэ адна цікавая выснова. Электарат гатовы падтрымаць Лукашэнку не таму, што той здольны разьвязаць праблемы, якія найбольш хвалююць людзей. Якраз у гэтым пляне рэспандэнты пэсымістычныя. І ня толькі таму, што ня бачаць альтэрнатывы. Галоўны фактар, які штурхае грамадзян галасаваць за Лукашэнку, трохі іншы. Людзі бачаць у ім моцнага лідэра. Для іх гэта важней, чым эфэктыўнасьць палітыка. 54% апытаных хацелі б «моцнай рукі». Лідэру могуць дараваць шмат што, але ня слабасьць. У 2011 годзе рэйтынг Лукашэнкі абваліўся да 20,5% ня толькі з-за велізарнай інфляцыі і дэвальвацыі, але і з-за паралічу дзяржаўнай улады, якая некалькі месяцаў не магла прыняць ніякага рашэньня адносна фінансавай палітыкі.

І яшчэ адзін важны вынік верасьнёўскага дасьледаваньня НІСЭПД, які цягне на сэнсацыю. Людзям задавалі пытаньне: «Ці працуе цяпер хто-небудзь з чальцоў вашай сям’і за мяжой?» І высьветлілася, што за мяжой працуе 25,8% насельніцтва! Кожны чацьвёрты! І каля 40% хацелі б выехаць за мяжу на сталае месца жыхарства. Беларусь ператвараецца ў краіну мігрантаў.

Гэта азначае, што большасьць незадаволеных зьехала. Засталіся тыя, хто ці задаволены, ці неяк адаптаваўся. Гэтым часткова тлумачыцца падзеньне рэйтынгу апазыцыі. Праціўнікі Лукашэнкі і прыхільнікі дэмакратыі проста масава зьяжджаюць з краіны. І можна выказаць думку, што чым большая будзе працоўная эміграцыя, тым вышэйшы акажацца рэйтынг Лукашэнкі. Беларусь ідзе шляхам Малдовы, дзе каля паловы працаздольных сталі гастарбайтэрамі, а тыя, хто застаўся — сацыяльныя аўтсайдэры, пэнсіянэры — шмат гадоў галасавалі за камуністаў на чале з Вароніным.

Менавіта фактар міграцыі можа патлумачыць той парадокс, амаль скандал, які ўзьнік год таму, пасьля парлямэнцкіх выбараў. Назіральнікі паўсюль фіксавалі нізкую яўку, вялікую колькасьць незапоўненых графаў у сьпісах выбарцаў — а паводле НІСЭПД, у выбарах удзельнічала амаль столькі людзей, колькі давала Ярмошына.

Справа ў тым, што гэтыя 26% мігрантаў захаваліся ў сьпісах выбарцаў. А апытаньне праводзілася сярод тых, хто застаўся ў краіне. Вось і выйшаў такі дысананс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG