Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт. Каб не зрыналі прэзыдэнтаў


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

У інтэрвію казахстанскаму тэлеканалу 24KZ напярэдадні візыту ў Астану Лукашэнка выклаў сваё бачаньне будучыні Эўразійскага саюзу.

Як і можна было чакаць, кіраўнік Беларусі выступае супраць ператварэньня эканамічнага саюзу ў палітычны, супраць увядзеньня адзінай валюты, супраць стварэньня наднацыянальных органаў. Больш за тое, зь ягоных словаў можна зразумець, што ён крытычна ставіцца да ўніфікацыі макраэканамічнай сфэры, без чаго эканамічны саюз немагчымы.

Гэта лягічна, бо аўтарытарныя кіраўнікі ня любяць дзяліцца ўладай. А аб’ядноўваюцца тры дзяржавы з аўтарытарнымі рэжымамі.

Супраць чаго — зразумела. А за што выступае Лукашэнка, што хоча атрымаць беларускі бок? Вось ягоны галоўны тэзіс:

«Роўныя ўмовы гаспадараньня. Таму тое, што абяцана Беларусьсю, Казахстанам і асабліва Расеяй — гэта цэнтральны гулец, адкрыта скажам, на гэтай прасторы, — усё павінна быць рэалізавана».

У перакладзе зь бюракратычнай мовы на звычайную гэта азначае, што Менск хоча, каб РФ прадавала энэргарэсурсы ў межах саюзу па ўнутрырасейскіх цэнах. Бо сёньня, напрыклад, газ прадаецца ў Расеі па цане менш як 100 даляраў за 1 куб м, а Беларусь купляе па 163–165 даляраў (у наступным годзе — 175 даляраў). Расея абяцала перайсьці з 2015 году на роўнадаходныя цэны, гэта зафіксавана ў пагадненьні 2010 г. То бок кошт газу для Беларусі павінен быць большым толькі на суму транспартных выдаткаў. Аднак нядаўна Пуцін абвясьціў, што пераход на такі мэханізм фармаваньня газавых цэнаў адсоўваецца на пяць гадоў. Адсюль папрок Лукашэнкі Маскве: тое, што абяцана, асабліва Расеяй, — усё павінна быць рэалізавана. А бяз гэтага які саюз?
Найбольш Лукашэнку хвалюе лёс прэзыдэнтаў, якіх адлучаюць ад улады. Ён любую сытуацыю прымярае на свой лёс

Усё гэта азначае, што паўнавартасны Эўразійскі эканамічны саюз у тым выглядзе, як ён быў першапачаткова задуманы, правісае.

Больш цікавым у гэтым інтэрвію выглядае крытыка на адрас ЗША за палітыку адносна Сырыі. Лукашэнка выступае супраць ваеннай акцыі Злучаных Штатаў. Дзяржаўныя мэдыі Беларусі хаваюць той факт, што за амэрыканскае ўмяшаньне ў Сырыю выступаюць амаль усе арабскія краіны. А ў ААН супраць рэзалюцыі, якая патрабуе ад дыктатара Асада спыніць рэпрэсіі, галасавалі Кітай, Расея, Іран, Вэнэсуэла, Куба, Паўночная Карэя, Балівія, Эквадор, Нікарагуа, Зімбабвэ. І Беларусь. Цікавая кампанія.

І тут упершыню Лукашэнка абрынуўся на цяперашняга прэзыдэнта ЗША. Папярэдняга амэрыканскага кіраўніка Джорджа Буша беларускі лідэр бэсьціў рэгулярна. А цяперашняга прэзыдэнта пакуль пэрсанальна не чапаў. І вось нарэшце.

«І наагул мяне Абама зьдзіўляе. Яшчэ нядаўна чарнаскурыя людзі ў Амэрыцы рабамі былі, а сёньня пра выключнасьць нейкую заяўляюць. Я ніколі ня думаў, што чалавек, які выйшаў з гэтых бедных слаёў, зможа наагул рыторыку такую ў сьвеце праводзіць...» — сказаў беларускі лідэр.

Маўляў, якая можа быць выключнасьць у чарнаскурых? Як вядома, для Лукашэнкі паняцьце паліткарэктнасьці не існуе. Ён чалавек шчыры і кажа тое, што думае. Дасюль у Ізраілі памятаюць ягоны аповед, як брудна жылі габрэі ў Бабруйску.

Але ключавая фраза пра тое, чаму Лукашэнка супраць амэрыканскай сілавой акцыі ў Сырыі, прыхавана за разважаньнямі пра катастрафічныя наступствы ўмяшаньня:

«І мы катэгарычна супраць таго, каб хай нават супэрдзяржава пад якімі б там ні было лёзунгамі, дэмакратычнымі ці яшчэ нейкімі там, умешвалася ва ўнутраныя справы той ці іншай дзяржавы, зрынала, забівала, вешала прэзыдэнтаў. Усё гэта сьвет ужо бачыў, ад Садама Хусэйна да лібійскага прэзыдэнта Муамара Кадафі».

То бок найбольш Лукашэнку хвалюе лёс прэзыдэнтаў, якіх адлучаюць ад улады. Ён любую сытуацыю прымярае на свой лёс. Хоць, здавалася б, які ўплыў на Беларусь могуць аказаць падзеі на Блізкім Усходзе? А вось жа чамусьці ён прымае іх блізка да сэрца. І рыхтуе контразахады.

Вось мінулым тыднем на тэрыторыі Беларусі прайшлі беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2013». У адрозьненьне ад папярэдніх падобных манэўраў, на якіх саюзьнікі імітавалі адбіцьцё нападу з боку суседніх дзяржаў, гэтым разам «ваявалі» з тэрарыстамі і бандфармаваньнямі. Дзяржсакратар Савету бясьпекі Беларусі Леанід Мальцаў, тлумачачы сцэнар вучэньняў, заявіў:

«Вы бачыце, што адбываецца на „арабскай дузе“ і іншых геастратэгічных напрамках. Нам трэба ўдасканальвацца і быць гатовымі да любых паваротаў падзей».

Інакш кажучы, на вучэньнях у Беларусі была зымітаваная сытуацыя ў Лібіі, Сырыі, шэрагу іншых арабскіх дзяржаў. А там, як вядома, адбывалася (у Сырыі працягваецца) грамадзянская вайна.

То бок, кажучы іншымі словамі, беларускія ўлады прагназуюць магчымасьць у Беларусі грамадзянскай вайны? І рыхтуюцца да яе? Што вельмі сымбалічна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG