Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хэнлана «засмучаюць» размовы пра перанос хакейнага чэмпіянату сьвету зь Беларусі


Глен Хэнлан
Глен Хэнлан

Ратаваць хакейную зборную Беларусі ад ганьбы на хатнім чэмпіянаце сьвету 2014 году з-за акіяну выкліканы Глен Хэнлан.

Канадзкі спэцыяліст ужо трэніраваў нацыянальную зборную ў сярэдзіне 2000-х, але трапіў у няласку да тагачаснага старшыні Беларускай фэдэрацыі хакею Ўладзімера Навумава і дачасна выправіўся дадому.

Пад кіраўніцтвам менавіта Глена Хэнлана каманда Беларусі паказала найлепшы вынік на ўсясьветных першынствах — 6-е месца ў 2006 годзе. Пасьля такіх посьпехаў канадцу на дадатак да асноўнай каманды далі менскае «Дынама», але бляклы старт у Кантынэнтальнай хакейнай лізе кіраўніцтва хакейнай фэдэрацыі ацаніла «нездавальняюча», і Хэнлан страціў усе пасады.

Наступныя кадравыя ракіроўкі не прынесьлі жаданага аздараўленьня, і беларускі хакей пакаціўся па нахіленай. Пасьля таго як па выніках сэзону «Дынама» ня трапіла ў плэй-оф рэгулярнага чэмпіянату, а нацыянальная зборная ня здолела прайсьці кваліфікацыйны адбор на зімовую Алімпіяду ў Сочы, пастанавілі зноў пайсьці на паклон да Хэнлана.

Некалькі месяцаў вялася падрыхтоўчая праца, вынікам якой стаў двухгадовы кантракт. Памер ганарару будзе складаць 170 тысяч даляраў — па 15 тысяч кожны месяц. Таксама беларускі бок бярэ на сябе ўсе жылыя, транспартныя і страхавыя выдаткі. Нягледзячы на ня самы цывілізаваны разрыў адносінаў у 2009 годзе, сёньня Хэнлан сказаў, што рады вяртаньню «дадому». Аднак ці ня будзе дадатковым цяжарам той факт, што і спартовыя функцыянэры, і заўзятары ўспрымаюць яго як «ратавальніка»?

«Не, мне гэта абсалютна не перашкаджае, таму што я ведаю сябе, я ведаю гульцоў і ведаю, што мы павінны з адказнасьцю да ўсяго ставіцца. У камандных відах спорту няма асобных герояў, а мая роля дакладна такая ж, як роля асыстэнта, роля мэнэджэра, роля прэсавага сакратара. У супольнай працы мы выпрацоўваем эфэктыўны плян. Бо вельмі важна ўсяліць у гульцоў упэўненасьць, што мы можам дасягнуць посьпеху. Усе спадзевы і чаканьні, якія ўскладаюцца на нас звонку, павінны нас стымуляваць, мы павінны быць моцныя як каманда. Калі я буду сядзець і думаць, што толькі адзін я за ўсё адказны, і калі гулец будзе думаць, што ўсё залежыць толькі ад яго, то гэта думкі досыць эгаістычныя. З такой псыхалёгіяй мы, натуральна, няшмат чаго зможам дасягнуць. Прынамсі, я не змагу з гэтым спаць».

Акрэсьленая задача-мінімум для Хэнлана і ягоных асыстэнтаў — вывесьці беларусаў у васьмёрку мацнейшых, каб пазмагацца за вышэйшыя месцы на хатнім першынстве. Разам з тым міжнародныя структуры і асобныя палітыкі яшчэ спадзяюцца адкарэктаваць фармат чэмпіянату сьвету-2014. Ня раз гучалі патрабаваньні перанесьці спаборніцтвы ў іншую краіну, бо ў Беларусі сыстэматычна парушаюцца правы чалавека. Адным з пасьлядоўных ініцыятараў такога кроку — славацкі эўрадэпутат, славуты ў мінулым хакеіст Пэтэр Шцясны. Як да магчымага павароту падзеяў ставіцца Глен Хэнлан? Вось што ён адказаў на пытаньне Радыё Свабода:

«Мяне ўвогуле засмучае, што такія выказваньні гучаць і маюць месца ўвогуле. Мы заўсёды рады гасьцям, і ня мае ніякага значэньня, хто гэта і адкуль. Мы хочам, каб людзі прыяжджалі ў Беларусь, каб яны наведвалі краіну. Каб убачылі фэдэрацыю, убачылі менскія трыбуны, арэны. Ня буду крывіць душой, але да гэтага я яшчэ ня бачыў такіх выдатных умоваў, у якіх бы праводзіўся чэмпіянат сьвету. Для кожнай краіны было б прэстыжна і ганарова правесьці ў сябе дома ўсясьветнае першынства, прадэманстраваць сябе ў лепшым выглядзе. І для Беларусі гэта рэальны шанец, каб пра яе даведаліся ва ўсім сьвеце».

Паколькі адзін з лабістаў беларускага палітычнага рэжыму — прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль, усе спробы дэмакратычнай супольнасьці перадаць права на правядзеньне чэмпіянату сьвету-2014 іншай краіне адхіляюцца. Не сумняецца ў тым, што менш як праз год Беларусь прыме спартовы форум, і старшыня Беларускай фэдэрацыі хакею Яўген Ворсін. На яго перакананьне, хатнія сьцены і канадзкі трэнэр зробяць падзею незабыўнай найперш для беларускіх заўзятараў. Ці мае пры такіх авансах Хэнлан права на памылку?
Яўген Ворсін
Яўген Ворсін

«Я думаю, што кожны чалавек мае права ў тым ліку і на памылку, ніхто ад гэтага не застрахаваны. Іншая справа, як да гэтага будуць ставіцца ўсе навокал, уключна са сродкамі масавай інфармацыі. Ва ўсялякім разе, калі мы дамаўляліся пра наша пэрспэктыўнае ўзаемадзеяньне, гэтая тэма таксама гучала. Таму і кантракт з Гленам Хэнланам разьлічаны на 2 „плюс адзін“ год. Маецца на ўвазе — нягледзячы ні на што, можа, упершыню нам удасца папрацаваць з трэнэрам не адзін сэзон, як гэта было раней».

Адмыслоўцы лічаць, што задача Глена Хэнлана істотна спрашчаецца. У алімпійскі год асноўная ўвага будзе прыцягнутая да стартаў у Сочы, таму ў Менск многія дружыны выправяцца не ў мацнейшых складах. Апроч таго, экспэрты не выключаюць байкоту чэмпіянату сьвету-2014 вядучымі хакейнымі дзяржавамі, а пры такім раскладзе беларусы могуць нават прэтэндаваць на ўзнагароды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG