Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: акліматызацыя Каранеўскага, сьмех з камэры катаваньня, яшчэ 5 месяцаў за кратамі, «Не коверкайте белорусский язык!»


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

16 лютага, серада

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Нас сталі радзей ганяць у спартзалю. Перадышка доўжыцца ўжо некалькі дзён. Але градус напружаньня не спадае, па-ранейшаму чакаеш, калі па цябе прыйдуць. Пагатоў у суседзяў справа кожны дзень — ксэракопія папярэдняга. Зь імі працуюць без выходных і безь перапынку.

Чакаць пакараньня часта не лягчэй, чым цярпець само пакараньне. Калі на парозе паўстаў мікст «чорных» і «зялёных», усе міжволі пацягнуліся да абутку. Аднак кантралёр вышмаргнуў толькі Ігара. Як толькі той зьнік за дзьвярыма, да нашых вушэй данеслася звыклае гіканьне, ляпаньне, бразгат. Каранеўскага прымушалі бегчы ўніз па лесьвіцы. Але праінструктаваны намі сукамэрнік, падобна, выяўляў упартае непаслушэнства. Яго спусьцілі. Паднялі. Зноў спусьцілі. Празь нейкі час шум канчаткова перамясьціўся на паверх ніжэй.

Калі б яшчэ пазаўчора мне нехта сказаў, што такое магчыма ў нашых турмах, я б засьмяяўся яму ў твар. А вось цяпер зусім ня сьмешна
Вярнулі Ігара толькі хвілін праз сорак. Яго трэсьлі дробныя дрыжыкі. Ён абураўся, чартыхаўся. Увогуле, нармальная рэакцыя нармальнага чалавека. Як і ўсіх нас, Каранеўскага прапусьцілі праз распрананьне, прысяданьні, а потым нейкі час пратрымалі ў «ціхім пакоі».

— Калі б яшчэ пазаўчора мне нехта сказаў, што такое магчыма ў нашых турмах, я б засьмяяўся яму ў твар. А вось цяпер зусім ня сьмешна. Мяне гналі, як жывёлу, як барана, і я нічога ня мог зрабіць, — Ігараў голас дрыжаў. — І што, такое часта здараецца?

— Да нядаўняга часу — кожны дзень, а то і па некалькі разоў. Цяпер вось разы два-тры на тыдзень. Зразумела, што непрыемна, але лічы, што ты трапіў сюды ў ненайгоршы час.

Ігар падышоў да крана, узяўся за вэнтыль.

— Што, толькі халодная?

Убачыўшы нашы вясёлыя твары, адказу чакаць ня стаў.

— Нягорача. А чай можна зладзіць?

— Можна, але толькі паводле жорсткага раскладу. Тры разы на дзень. Адну магчымасьць ты ўжо скарыстаў а сёмай раніцы.

— Жорстка...

Усё, на што ні натыкаўся Ігар, выклікала ў яго шчырае зьдзіўленьне. Мы ўжо неяк адвыклі ад такіх натуральных і таму нечаканых пытаньняў.

Пра тое, што адбываецца ў краіне, Каранеўскі ведаў павярхоўна. Так, чуў, што некага з кандыдатаў у прэзыдэнты пасадзілі ў турму. Было бачна, што палітыка — не прадмет цікавасьці бізнэсмэна.

Перад абедам Ігара выклікалі на допыт. Выявілася — сустрэча з адвакатам. Заўтра яму павінны альбо падоўжыць знаходжаньне пад вартай, альбо адпусьціць на ўсе чатыры бакі.

Вячэра выклікала ў навічка новыя пытаньні. І галоўнае: як гэта можна есьці? Нячышчаны селядзец і прымарожаная бульба ў мундзірах, трэба меркаваць, зрабілі на яго ўражаньне. Ён ня безь цікаўнасьці касавурыўся на Раманоўскага, які дзелавіта намотваў на палец кішкі даўно спачылага селядца. І на тое, як Сан Саныч смачна выплёўваў у кошык для сьмецьця лішне салодкія кавалкі падмарожанай бульбы.

Адбой. Гэтым разам засынаў доўга і цяжка. Ляжаў, паўдрамаў, паўспаў у паўзмроку-паўсьвятле з усіх сьцен. У галаве шматкі думак. У страўніку рэшткі ежы.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





17 лютага, чацвер


Грыміць вядро каля дзьвярэй суседняй камэры, той, што справа. За сьценкай, у «прэс-хаце», сядзіць маладняк з Плошчы. У іх усё бязь зьменаў. Той жа рэжым, тое ж быдлячае ўтрыманьне, тое ж варожае стаўленьне пэрсаналу і масак. Па некалькі разоў на дзень іх прымушаюць драіць бэтон — вільготная прыборка з парашком і далейшымі праверкамі-прычэпкамі.

І кожны божы дзень іх ганяюць у спартзалю. Вось зноў гоняць. Да нас даносіцца нечы хрып, частае перарывістае дыханьне нечых лёгкіх. Нехта хлюпае закладзеным носам. Чуваць, як уніз па лесьвіцы скочваюцца, звальваюцца целы. І тут жа, грукаючы абуткам па жалезных прыступках, падымаюцца наверх. Раз, другі... пяты... Туды і назад. Усё гэта суправаджаецца такой какафоніяй, што рэакцыяй нармальнага чалавека павінна быць патрэба як мінімум пагутарыць з псыхолягам. Затым усё перамяшчаецца ў спартзалю, прыстасаваную пад камэру катаваньняў і зьдзекаў.

Турма КДБ
Турма КДБ


І што цікава, на ўсіх паверхах у калідорах усталяваныя відэакамэры, але гэта ані не бянтэжыць катаў у масках. Гэта можа азначаць толькі адно: усё начальства, і СІЗА, і камітэту, у курсе таго, што адбываецца. Гэта калектыўнае злачынства ўлады.

Але гэта прыдумана ня сёньня — рабіць балюча адным, каб адчувалі ўсе астатнія. У такой сытуацыі немагчыма заставацца спакойным. Немагчыма спаць, чытаць, пісаць, наагул думаць пра штосьці. Слых душыць усё астатняе. Ён ловіць кожны гук, які даносіцца звонку.

Чуем, як жывы паравозік чалавечых целаў шумна ўлятае ў камэру. Здаецца, чалавек пяць ці шэсьць. Значыць, камэра пад завязку. Напаўголасу спачуваем нябачным суседзям. І раптам... Што гэта? З-за сьценкі, куды толькі што з экзэкуцыі прыгналі маладых людзей, раздаецца выбух... Аглушальны выбух сьмеху! Гэта было так заразьліва, так смачна, што і мы зарагаталі. Потым рэха сьмеху данеслася з камэры, што зьлева ад нас, ужо дзявочымі галасамі. Вочка ў дзьвярах нэрвова затузалася. Не, ім, па той бок, нас не зразумець. Сьмех з камэры катаваньняў — гэта жывое сьведчаньне таго, што страх пакінуў цела, ён ідзе вон з гэтых сьцен.

— Цішыня! — гарлае кантралёр.

— Ха-ха-ха! — Сьмех катаецца па нарах, барабаніць па сьценах камэр, праз вэнтыляцыйныя шахты вылятае ў калідор.

Кулак нэрвова і бездапаможна стукае ў нашыя дзьверы. Ха-ха-ха — сьмех, заціснуты ў далонях.

А з суседняй камэры чуваць, як танцуе вядро па бэтоннай падлозе. Чарговая вільготная прыборка. Пад акампанэмэнт музыкі сьмеху. Сьмяяцца быццам бы не забаронена. Але сьмех — гэта больш чым сьмех. Тут гэта сымбаль жыцьця і супраціву. Сьмяесься — значыць, не баісься. Сьмяесься — значыць, пратэстуеш. Сьмяюцца ўсе. Хто ў кулак і трохі гістэрычна, хто да сьлёз з вачэй, раскаціста і гучна. Сябры, давайце часьцей сьмяяцца! Мне падабаецца сьмех. Я закаханы ў сьмех!


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ




18 лютага, пятніца

З учорашняга дня не магу ні на чым засяродзіцца. Канцэнтрацыя нулявая. Ні за што не магу зачапіцца. Усё з рук валіцца. А ўсё таму, што заканчваецца тэрмін утрыманьня пад вартай. Вецер надзеі гоніць думкі ў адным кірунку. Павінны вызваліць! Абавязаны вызваліць! Ужо два месяцы ў закладніках. Пры гэтым ніякіх сьледчых дзеяньняў. Тупое, бессэнсоўнае зьняволеньне.

Я ведаю, як гэта — невінаватаму быць за кратамі. А колькі людзей у такім становішчы! Сотні, калі ня тысячы. Пры такой сыстэме правасудзьдзя, пры такім стаўленьні да закону гэта запраграмаваная непазьбежнасьць.

Пасьля абеду доўгачаканая каманда: «На выхад!» Каменем звальваюся зь верхніх нараў. Ногі ўскокваюць у боты.

Спускаемся ўніз. Усярэдзіне напружаньне і чаканьне. Пакой для допытаў. За сталом нейкі недалужны юнак з чырвоным носам. Маланкай пранізвае думка: нешта тут ня так. Пасьля кароткага прывітаньня ён моўчкі падсоўвае мне некалькі аркушаў паперы і асадку. «Вось, расьпішыцеся, што азнаёмленыя», — нібы выбачаючыся, прамаўляе недалужны. Усё зразумела... Але стараюся трымаць сябе ў руках. Толькі падумалася: «Так, знайшлі крайняга для выкананьня непрыемнай місіі».

Праглядаю паперы на васьмі аркушах. У правым верхнім куце запіс: «Тэрмін папярэдняга сьледзтва па крымінальнай справе № 10011110362 падоўжыць да 5 месяцаў».

Далей ідуць прозьвішчы:
  • Саньнікаў Андрэй
  • Севярынец Павал
  • Статкевіч Мікалай
  • Фядута Аляксандар
  • Бандарэнка Дзьмітрый
  • Лябедзька Анатоль
  • Міхалевіч Аляксей
  • Класкоўскі Аляксандар
  • Марцэлеў Сяргей
  • Федаркевіч Уладзімір
  • Ліхавід Мікіта
  • Хамічэнка Ўладзімір
  • Лобан Уладзімір
  • Пазьняк Андрэй
  • Квяткевіч Аляксандар
  • Васілевіч Ільля
  • Вінаградаў Павал.

У дачыненьні да гэтых людзей утрыманьне пад вартай падаўжаецца да пяці месяцаў.

«Папярэднім расьсьледаваньнем устаноўлена, што Статкевіч М., Саньнікаў А., Міхалевіч А., Лябедзька А., Бандарэнка Д., Арастовіч А., Севярынец П., Палажанка А., Класкоўскі А., Федарковіч А., Хамічэнка У., Марцэлеў С., Лобан У., Пазьняк А., Квяткевіч А., Вінаградаў П., Някляеў У., Халіп І., дзейнічаючы групай асобаў па папярэдняй змове зь іншымі асобамі, у пэрыяд з 19 па 20 сьнежня 2010 году на тэрыторыі Менску арганізавалі і прынялі актыўны ўдзел у масавых беспарадках, якія суправаджаюцца зьнішчэньнем маёмасьці, збройным супрацівам прадстаўнікам улады, што выявілася ў непасрэдным учыненьні названых дзеяньняў».

Кінулася ў вочы несупадзеньне прозьвішчаў у двух сьпісах. Як і тое, што вызваленаму Арастовічу па-ранейшаму ставіцца ў віну злачынная змова. Ды ўжо ж — відаць, што ніхто не замарочваецца дэталямі.

На аркушы некалькі жывых подпісаў тых, хто ўжо азнаёмлены з тэкстам пастановы. Саньнікаў, Бандарэнка, яшчэ нехта.

Андрэй Саньнікаў на судзе
Андрэй Саньнікаў на судзе


Вяртаю паперы ўжо з маім аўтографам. Недалужны пацягнуў чырвоным прыпухлым носам. Напэўна, часнаку ня любіць, мільганула яшчэ адна думка-маланка.

Я сыходжу. Дакладней, мяне сыходзяць. Выглядаю, мабыць, несамавіта, бо сукамэрнікі здаволіліся толькі навіной пра тое, што сьледзтва працягнута да пяці месяцаў, і ня сталі больш ні пра што пытацца.

У камэры яшчэ раз уважліва перачытваю паперы. Чым даўжэй чытаю, тым больш пытаньняў. Якое абсурднае абвінавачаньне! З васямнаццаці чалавек, зьвязаных адным абвінавачаньнем, дзевяцёх я наагул ня знаю, а з чатырма толькі перасякаўся падчас выбарчай кампаніі. Кантакты зь Фядутам, Марцэлевым і Міхалевічам зафіксаваныя ў стэнаграме. Дастаткова ўзяць раздрукоўку выступу на радыё, дзе мы ўсе ўдзельнічалі ў дэбатах.

Матывацыя ж самога рашэньня ўціснулася ў шэсьць радкоў. «Неабходна дапытаць ня менш за 40 сьведак, атрымаць заключэньні прызначаных 23.12.2010, 10.01.2011, 18.01.2011, 25.01.2011 комплексных, кампутарна-тэхнічных, судова-наркалягічных экспэртыз, агледзець і далучыць да матэрыялаў крымінальнай справы рэчавыя доказы, вынятыя падчас ператрусу і іншых сьледчых дзеяньняў».

Першае пытаньне: а чым тады займаліся ўвесь гэты час сьледчыя? Сталічныя і тыя, якіх загадзя камандзіравалі з Магілёва, Віцебску і іншых рэгіёнаў у сталіцу. І колькі трэба чалавека-гадзін, каб далучыць да матэрыялаў справы рэчы, забраныя падчас ператрусу?

Вось толькі пытаньні задаць няма каму. Уся гэтая бязглузьдзіца заверана начальнікам аддзелу расьсьледаваньня злачынстваў супраць жыцьця, здароўя і ўласнасьці грамадзян сьледчага ўпраўленьня падпалкоўнікам А.Н.Сукалам і начальнікам сьледчага ўпраўленьня ПР ГУУС Менгарвыканкаму падпалкоўнікам міліцыі Г.А. Казакевічам. Два палітычныя кілеры. Але ў гэтым ланцужку яны толькі зьвяно. Уся інфармацыя па галоўных фігурантах справы сьцякаецца да Лукашэнкі, і ён асабіста прымае рашэньні па кожным. Так, у прысутнасьці чатырох-пяці чалавек, у тым ліку старшыні КДБ, генэральнага пракурора, міністра ўнутраных спраў. Гэта і ёсьць арганізатары спэцаперацыі «Плошча».

Ну што ж, гэта далёка ня першая паршывая навіна, і, вядома, не апошняя.

Што на шалях у пазытыве? Прыйшло паведамленьне з дому, што тэлефанаваў Аляксандар Арастовіч. Дзякуй табе, Саша! Вестачка зь першых вуснаў павінна стаць прыемнай падзеяй для тых, хто мяне чакае.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





19 лютага, субота


З раніцы заступіў на дзяжурства. Для сугрэву ўдарыў прэсам па жываце, адцісканьнямі па біцэпсах і трыцэпсах. Арганізм добра ўзварушыўся. Цяпер ён ня сьпіць, у ім нічога не засталося ад сну. Нават успамінаў. Той выпадак, калі фізычнае ўсьмерчвае эмацыянальнае.

Дзяжурны капітан Міхаіл Іванавіч, выслухаўшы мой традыцыйны «на шпацыр дзьве гадзіны», раптам выпаліў: «Не коверкайте белорусский язык. Нет такого слова „шпацыр“. Это польское заимствование». Я і рот адкрыў. Прызнаюся, нават не знайшоў, што адказаць
Дастаў міскі. Працёр іх сурвэткай ад учорашняга дня. Падрыхтаваў збан з вадой. Засунуў у пакет пару кавалачкаў чорнага хлеба. Адкрыў цукарніцу з салодкімі крупінкамі, што прыліплі да сьценак плястыкавай пасудзіны. Гатоўнасьць нумар адзін.

Недзе ў калідоры грыміць вазок з бачком кашы. Ёсьць хвілін дзесяць вольнага часу. Паўзу можна запоўніць добрай справай. Вымаю «інтэлектуальны пакет». Вывеў на паперы першыя радкі чарговага ліста. Ёсьць у пасланьня пачатак, будзе і канец.

Сьнедаем груцай. Белы хлеб амаль увесь ідзе на падтрымку чаяваньня. Голадна. Толькі пасьнедалі — і ўжо чакаем абеду.

Ранішні абход. Грыміць завала. Выстройваемся ў прасторы, якую называем кухняй. Дзяжурны капітан Міхаіл Іванавіч, выслухаўшы мой традыцыйны «на шпацыр дзьве гадзіны», раптам выпаліў: «Не коверкайте белорусский язык. Нет такого слова „шпацыр“. Это польское заимствование».

Я і рот адкрыў. Прызнаюся, нават не знайшоў, што адказаць. Вось так, маўчыць капітан два месяцы, а потым раз — і выдаў на-гара свае лінгвістычныя пазнаньні.

* * *

Пасьля двухгадзіннага шпацыру было чуваць, як ляскае зубамі Каранеўскі. Ад холаду і голаду. Мы так згаладаліся, што пасьля абеду міскі можна было ня мыць. Вылізалі ўсё да бляску. Страўнік запоўніўся супам з пахам тушонкі, кашай, гарбатай і вялікай колькасьцю кіславатага хлеба. На нейкі час прыйшло пачуцьцё сытасьці.

Ды ўжо ж, відон яшчэ той. Зіма, СІЗА КДБ і два дарослыя мужыкі ў труселях. Побач яшчэ пяток у масках. Нейкі сюр!
Мяркуючы па звону з плошчы, восьмая вечара. Каманда: у душ! Як заўсёды, на зборы хвіліны. Ігар, як старанны вучань, капіюе нас. Раманоўскі, як звычайна, у сваіх клятчастых ці то шортах, ці то сямейных трусах па калена. Каранеўскі нерашуча пераводзіць позірк зь летняга прыкіду барадача на свой строгі дзелавы гарнітур. Але ў дзьверы ўжо грукаюць, і, махнуўшы рукой, Ігар робіць выбар на карысьць голых каленак. Праўда, у адрозьненьне ад Раманоўскага, на ім засталіся трусы, больш падобныя да плавак. І зьверху кашуля. Так, выбар у яго абмежаваны. Гарнітур, кашуля ды паліто — вось і ўвесь гардэроб падсьледнага Каранеўскага.

Гляджу на сукамэрнікаў і не магу стрымаць усьмешку. Ды ўжо ж, відон яшчэ той. У такім прыкідзе добра дзе-небудзь на Сэйшэльскіх астравах. Але тут! Зіма, СІЗА КДБ і два дарослыя мужыкі ў труселях. Побач яшчэ пяток у масках. Нейкі сюр!

Дзьверы наросьцеж. Экстравагантны выгляд нашай каманды паралізаваў кантралёраў і масачнікаў. Пачынаем рух. «Джэнтэльмэны ўдачы» на маршы. Я замыкаючы. Палкі, глоткі канваіраў бязьдзейнічаюць і маўчаць. Спускаемся на трэці, ніжні ўзровень «амэрыканкі». Тут нас сустракае дзяжурны Ганс. Пры выглядзе Раманоўскага крыху скрывіўся, але як толькі ў прастору круга ступіла доўгая аголеная нага Ігара ў чорным скураным боце, дзяжурнага перакасіла. Ён зьбянтэжыўся, і на нейкі час ягоны разбухлы язык страціў здольнасьць вымаўляць словы. Але ненадоўга. Праз пару хвілін невялікі пакой-прылазьнік завібрыраваў і запоўніўся ровам:

— Гэта што?! Што гэта за выгляд?! Зусім абнаглелі!

— Ды мне надзець няма чаго, — паспрабаваў унесьці яснасьць зьбянтэжаны Ігар.

— Маўчаць! Не дазволю! У карцэр захацелася?

У карцэр не хацелася нікому. Гэтаксама як не хацелася чуць і гэтае выцьцё. Мы тут жа пакідалі прасьціны, наўлечкі ў стосы і шмыгнулі ў душавую. Далей ад гэтай крыклівай тушы. Пасьля такой слоўнай парылкі мыліся самі і мылі бялізну бязгучна. У вільготнай прасторы душавой павісла чаканьне — правакацыі, бурчаньня, слоўнага нетрыманьня. Але, здаецца, нас пранесла. Пасьля апалоскваньня і мыцьця бялізны вельмі хутка запакавалі целы ў адзежу і дысцыплінавана замерлі на старце. Ганс па-ранейшаму стаяў у прасторы круга і глядзеў на Ігара. Нядобра так глядзеў. Таму, як толькі прагучала каманда «Наперад!», ірванулі так, быццам у камэры нас чакаў сэрвіраваны стол з бутэлькай бардо і фуагрой.

Уляцелі ў камэру, пазірнулі адзін на аднаго і палеглі на нарах ад сьмеху. Гэта быў прыступ істэрычнага, некантраляванага рогату. Сапраўды, трэба было бачыць выраз твару дзяжурнага. Гэта неперадавальна! Рэшта вечара прайшла ў смакаваньні вэрсіі пра неразьдзеленае каханьне камітэтчыка Ганса да падсьледнага Кораня.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом

Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны

Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала

Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька

Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам

Партрэты турэмнікаў, Бальзак замест кавы, «Анатоль, танцуй!», Яроменак у камэры

Салідарнасьць Яроменка, пра Сьнегіра, у войска па блату

Маёр Вазьняк, жудасныя маразы, Арастовіч сышоў, чарговы «алігарх»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG