Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: «сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра


Унутры турмы КДБ
Унутры турмы КДБ

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

14 студзеня, пятніца

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Кантралёры, якія суправаджаюць дзяжурнага па СІЗА, празванага Гансам, дапамаглі яму праціснуцца ўсярэдзіну камэры. Яго камплекцыя відавочна канфліктуе зь дзьвярным праёмам. Ня той маштаб. Вось Арлоў ідэальна ўпісваецца ў інтэр’ер «амэрыканкі». Вочы пачырванелага ад патрачаных высілкаў дзяжурнага нядобра блішчалі. Ноздры дробнага носіка ўздрыгвалі ці то ад абурэньня, ці то ад патоку перапрацаванага паветра.

— Нешта ў вас сьмярдзіць! — носік стаў шарыкам.

— Да вас не сьмярдзела, — фраза, прамоўленая шэптам, ударыла, аднак, па ўсіх барабанных перапонках. Усе зарагаталі.

— Вільготную прыборку! — раўнуў Ганс. — Асабіста праверу!

Мабыць, колкая фраза не праскочыла міма адтапыранага вуха дзяжурнага.

Кантралёры адціснулі дзьверы, і цела, булькнуўшы, выцекла прэч.

Без кіпяцільніка працоўны запал неяк адразу абмяк, мокрая ануча ледзь гладзіла вышчарблены бэтон
Празь пяць хвілін дзьверы зноў адчыніліся, і аб парог дзынкнула вядро. Нядобра так дзынкнула. Гэта ўжо інструкцыя да дзеяньня. Затое мы скарысталі сытуацыю і выпрасілі кіпяцільнік: маўляў, выконваць указаньне і паліраваць бэтон будзем з парашком, а парашок без гарачай вады — марныя высілкі. Зьмесьціва першага збана, вядома ж, адразу пайшло на гарбату. З паршывай авечкі хоць воўны жмут. Мокрай анучай прабегліся па бэтону, як па стомэтроўцы.

Адразу па абедзе зьявіўся з інспэкцыяй Ганс. Застаючыся ў калідоры, дзяжурны праз адчыненыя дзьверы ўцягнуў у сябе порцыю паветра і вынес вэрдыкт: «Сьмярдзiць! Рабіце вільготную прыборку! Праз гадзіну спраўджу!» Здавалася, ад напружаньня на Гансавым твары адтапырыліся адразу два падбародзьдзі. Значыць, закусіў цуглі. І няма сэнсу нешта казаць, тлумачыць, даводзіць. Моўчкі ўзялі вядро. Гэтым разам разжыцца кіпяцільнікам не ўдалося. Не паложана!

Шкада, а то мы б маглі вільготную прыборку рабіць хоць штогадзіны. Без кіпяцільніка працоўны запал неяк адразу абмяк, мокрая ануча ледзь гладзіла вышчарблены бэтон.

* * *

Па абедзе мяне выпатрабаваў начальнік СІЗА. Дзіўная выйшла размова. Арлоў дэманстраваў сваю дасьведчанасьць і дзяліўся маленькімі таямніцамі з жыцьця вымушаных пастаяльцаў «амэрыканкі». Гэта або падкрэсьліваньне сваёй значнасьці, або адмысловы зьліў «патрэбнай» інфармацыі.

Спачатку палкоўнік выдаў на-гара навіну, схаваўшы яе ў абалонку пытаньня:

— Вось вы ведаеце прозьвішча рэдактара сайту «Хартыя»?

— Да сёньняшняга дня была Радзіна. А што?

— Ды ніякая ня Радзіна. Радзіна — гэта яе псэўданім.

— І што?

Натальля Радзіна пасьля вызваленьня з турмы КДБ. Студзень 2011
Натальля Радзіна пасьля вызваленьня з турмы КДБ. Студзень 2011


Палкоўнік глядзеў на мяне зь непрыхаваным зьдзіўленьнем, нібы вылічыў небясьпечнага варожага шпіёна, а я гэтага не магу ацаніць як мае быць.

— Ну і што ж тут дзіўнага? — цяпер ужо я раблю зьдзіўлены твар. — Гэта распаўсюджаная сярод журналістаў практыка, дый ня толькі ў гэтым карпаратыўным асяродзьдзі. Але, наколькі я ведаю, у матэрыялах справы яна фігуруе пад прозьвішчам Радзіна. Дык што, выходзіць, у вас у СІЗА трымалі іншага чалавека?

У адказ раздражнёна:

— Тут праблемаў няма. Каго трэба, таго і затрымалі і ўтрымліваюць пад вартай. Мы не памыляемся!

Было, аднак, відаць, што гэта не адзіная навіна, падрыхтаваная начальнікам СІЗА. І сапраўды, ён працягнуў апавяданьне пра вялікія і малыя таямніцы апазыцыянэраў, якія знаходзяцца ў «амэрыканцы».

— Вось вы ведаеце, што Бандарэнка ніякі не дэмакрат?

— Ну і хто ж ён цяпер?

— Дзяржаўнік. Ён мне сам пра гэта сказаў. І лічыць, што нам трэба вяртаць усе беларускія землі. І Вільню, і Смаленск. А вось вы падтрымліваеце, каб усе гэтыя землі вярнуць Беларусі?

Суд над Зьмітром Бандарэнкам. Красавік 2011
Суд над Зьмітром Бандарэнкам. Красавік 2011


— Якому богу верыць — справа чыста асабістая. Я вось дэмакрат па перакананьнях. І навакольнае асяродзьдзе ніяк не ўплывае на мой сьветапогляд. Што да прырастаньня Беларусі новымі землямі, дык мы і на гэтай тэрыторыі ня можам уладкавацца так, каб нашым грамадзянам было камфортна. Нашто рабіць няшчаснымі новых людзей? Вось межы прыбраць — гэта іншая справа. Беларусы павінны мець магчымасьць вольна падарожнічаць па Эўропе. Гэта было б справядліва. І, галоўнае, карысна.

— Дык мы і так у той Эўропе ўжо былі. Ня трэба было адтуль сыходзіць з ганьбаю.

— З ганьбаю для каго?

— Для арміі. Для народа.

— Ды хто ў таго народа пытаўся? І асабіста мне незразумела, хто такі гэты народ. Вось я разумею, ёсьць амаль дзесяць мільёнаў грамадзян Беларусі. Цалкам канкрэтных. Са сваёй біяграфіяй, са сваёй пазыцыяй. Але калі я чую, што беларускі народ нешта падтрымлівае, нешта ўхваляе, я не магу зразумець, пра каго ідзе гаворка. Бо я не падтрымліваю гэтага, сусед мой не ўхваляе. І такой жа думкі сусед майго суседа. Тады пра каго гаворка?

На апошняй сустрэчы ён пачаў нешта казаць пра афіцэрскі гонар. Хто?! Статкевіч, які развальваў войска
Паглыбляцца ў дыскусію і высьвятляць, хто ж хаваецца пад словазлучэньнем «беларускі народ», Арлоў ня стаў і рэзка перайшоў на Насту Палажанку.

— Калі на допыце зайшла размова пра Статкевіча, яна нават прыўзьнялася: «Я хачу зрабіць афіцыйную заяву: Статкевіч вялікі мудак!»

Гэта, як я зразумеў, наконт ягонага закліку ісьці да рэзыдэнцыі Лукашэнкі — «Чырвонага дому». Ну, Наста — дзяўчына сапраўды прынцыповая, але ў дадзеным выпадку начальніку СІЗА відавочна хацелася пагаварыць не пра яе, а пра Мікалая, якога ён на дух не пераносіць. Гэта я ўжо зразумеў з папярэдніх гутарак. Таму вырашыў пакінуць гэтую заяву палкоўніка без камэнтароў.

Але тут Астапа панесла.

— На апошняй сустрэчы ён пачаў нешта казаць пра афіцэрскі гонар. Хто?! Статкевіч, які развальваў войска!

— А ён што, быў міністрам абароны?

Маё пытаньне ня надта зьбянтэжыла палкоўніка.

— Вы ж ня горш за мяне ведаеце, чым ён займаўся, колькі бруду выліў на войска, якое дало яму ўсё.

— А Мікалай па-ранейшаму галадае? — хачу адысьці ад тэмы, якая немінуча прымусіць нас узяцца ў рожкі, як тых бараноў.

— Ды пазёрства ўсё гэта. Адгаладаў ужо. Есьць, як і ўсе. Паўпарціўся для прыліку пару дзён, а цяпер выконвае распарадак і не выпендрываецца. Тут жа няма тэлекамэраў і журналістаў.

Суд над Міколам Статкевічам. Сакавік 2011
Суд над Міколам Статкевічам. Сакавік 2011


Па выразе твару, па сухасьці голасу, па ўсім адчувалася, што начальнік СІЗА ненавідзіць Статкевіча. Ведаючы Мікалая, думаю, гэтае пачуцьцё ўзаемнае.

Спрабуючы закрыць тупіковую размову, я спытаў, ці не зьбіраецца сьледзтва праявіць гуманнасьць і адпусьціць зь СІЗА жанчын. Твар палкоўніка памякчэў, але яснасьці гэта ня ўнесла. Адказ быў абцякальны: маўляў, сьледзтва працуе. Вось Паўлава і Корбана адпусьцілі.

Пакуль вялі ў камэру, яшчэ раз пракруціў сустрэчу з палкоўнікам. А ён не такі ўжо прасьцячок, гэты Арлоў. Цікава, што ён іншым кажа пра мяне?

Дарэчы, да пытаньня пра нянавісьць. Імкнуся дыстанцыявацца ад гэтага пачуцьця. Не скажу, што заўсёды ўдаецца, але ў цэлым сабой задаволены. Хоць, да прыкладу, мне страшна непрыемны кантралёр па мянушцы Баптыст. Калі ён чарговым разам адмовіўся даць кіпяцільнік, каб разагрэць ваду паласкаць горла, я ледзь стрымаўся, каб ня плюнуць у яго самазадаволеную фізіяномію. Маўляў, у журнале не адзначана, што трэба выдаваць кіпяцільнік. Хоць чорным па белым напісана: паласканьне горла. Але як гэта рабіць без гарачай вады? Халоднай вадкасьцю з-пад крана?! Зьдзекуецца, мярзотнік!

Нянавісьць асьляпляе. І ў такім стане лёгка страціць кантроль над сытуацыяй, лёгка справакавацца на непрадуманыя крокі і дзеяньні. Я стараюся, я вучуся кіраваць гэтым пачуцьцём. «Амэрыканка» — гэта мой новы досьвед. Ні з чым незраўнаны. Унікальны і балючы.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





15 студзеня, субота


Нас паставілі на праветрываньне. Учора давялі да ведама, што пасьля каманды «Пад’ём!» трэба адчыніць усе форткі, каб праветрыць камэру. Гэта выклікала спачатку нэрвовы сьмех, а потым і дыскусію: што б гэта значыла? Прыйшлі да агульнай высновы, што гэта чарговы вывіх або заварот чыіхсьці мазгоў. У камэры пад раніцу і так зябка, а калі дакладней, то халадрыга. На мне тэрмабялізна, байка з капюшонам, укручваюся ў плед, коўдру нават не распраўляю, залажу ў яе, як у спальнік, і ўсё роўна фізычна адчуваю, як холад скрабе па целе. Выйду на волю — адразу ж забуруся на вясковую печку. На некалькі дзён. Мару пра гэта. Пару абярэмкаў бярозавых пален — і можна цешыцца цяплом, якое прыемна пячэ прыліплыя да ляжанкі часткі цела.

Але выявілася, што абвешчаная ўчора навацыя — ня жарт.

— Пад’ём! — Шырокі Вадзікаў твар не ўмяшчаецца ў праёме кармушкі. — Адчынілі форткі!

Гэта не прапанова, гэта загад.

— Дык жа ж ня горача!

— Не на курорце! Хутка адчынілі форткі!

Ідзем на маленькую хітрасьць. Адчыняем толькі створку, якія выходзіць у камэру. Можа, абыдзецца паўмерай?

Празь пяць хвілін Вадзікаў голас зноў запоўніў прастору адчыненай кармушкі:

— Абедзьве форткі адчынілі! Я што, незразумела кажу?

Дзьверы здрыганулася ад удараў дубінкі. Куды ўжо больш зразумела! Але неяк ня хочацца вось так адразу здавацца і прымаць умовы, якія пагаршаюць і без таго паршывае становішча. Градус дыскусіі прыкметна перавышаў тэмпэратуру ў камэры. Але ўсё скончылася тым, што дзяжурны па камэры палез адчыняць і другую створку.

Ранішняе падмарожанае паветра папаўзло ў камэру. Аказваецца, любое катаваньне можна ўдасканаліць і ўразнастайніць. Брава, таварыш Арлоў!

Народ пачаў загортвацца, захутвацца ў швэдры і коўдры. Вонкава выглядаем пацешна: нешта сярэдняе паміж капуснымі качанамі і палоннымі немцамі пад Масквой. Хвілін праз сорак дазволілі зачыніць форткі.

Затое гарачая каша пайшла на ўра. Ёю безь перабольшваньня адагравалі вантробы. Пакуль быў кіпяцільнік, кожны сьпяшаўся ня толькі выпіць кубак гарбаты, але і згатаваць кіпеню на запас. Ці мог я яшчэ пару месяцаў таму падумаць, што буду радавацца конаўцы кіпеню! Ажно радуюся, як у дзяцінстве радаваўся першаму плюшаваму мішку або халве ў бліскучай бляшанцы.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





Студзень 16, нядзеля


Менш за ўсё чакаеш выходных. У іх запаволены рытм. Тэмп стаера-марафонца. Адзіная аддушына — лазьня. Як правіла, увечары ў суботу, часам раніцай у нядзелю. Але лепш першае. Пасьля нядзельнай душавой ты лёгка можаш апынуцца на вуліцы, у дворыку для шпацыраў. І такая пасьлядоўнасьць відавочна не на карысьць здароўю. Якраз гэта і здарылася сёньня. Як ні цёр ручніком валасы, выцерці насуха, натуральна, не ўдалося. І толькі вывелі на шпацыр, адчуў, як іх прыхоплівае марозік. Добра, што куртка — з капюшонам, вялікім, аблямаваным штучным мехам. Замок зацягваю да ўпору, так што толькі частка твару сутыкаецца з атмасфэрай. Здагадаўся прыхапіць з сабой невялікі махровы ручнік. Абматаў ім ніжнюю частку твару. Нядрэнна! Стараюся актыўна разьмінацца, каб не астыць канчаткова. Добра яшчэ, што сёньня замовілі гадзінны шпацыр. Дзьве гадзіны па такім надвор’і і пасьля душа — гэта ўжо клацаньне зубамі і соплі на тыдзень наперад.

Ва ўнутраным дворыку турмы КДБ
Ва ўнутраным дворыку турмы КДБ


Другі плюс сёньняшняга шпацыру — нам выпала клетка. У адрозьненьне ад змрочных сьцен дворыкаў жалезныя пруткі — добры заменьнік гімнастычных снарадаў. З аднаго боку клетку падпірае мур «амэрыканкі», з другога — глухая сьценка-плот, увянчаная вязанкаю калючага дроту. А з двух астатніх бакоў — жалезныя пруткі таўшчынёй з палец. Яны вельмі зручныя, каб адціскацца. Можна прасунуць паміж пруткамі ногі і адціскацца рукамі ад вышчарбленага асфальту. Можна павіснуць на руках і пампаваць прэс, падымаючы ногі да простага кута. Можна зачапіцца нагамі за гарызантальныя пруткі, павіснуць галавой уніз і потым згінаць цела папалам. Адным словам, разнастайнасьць.

Мінус клеткі — падрэзаны час прагулкі. Калі выпала клетка, то цябе выводзяць на шпацыр апошнім, каб ня змог убачыць нікога зь іншых камэр. І, адпаведна, першым вядуць назад у камэру. Так што замест гадзіны рэальна выходзіць чыстымі хвілін сорак шпацырнага часу. А калі каго з падсьледных з дворыка выклікаюць на допыт, то ўсіх, хто ў клетцы, выводзяць у прыбіральню на першым паверсе.

Праўда, у прыбіральні дзьверы прылягаюць да праёму няшчыльна, і ў маленькую шчылінку можна на пару імгненьняў убачыць канваяванага. Але мне яшчэ ні разу не пашчасьціла ўбачыць некага зь фігурантаў нашай справы.

У пятай камэры крэатыўна падышлі да ліміту часу, вызначанага аховай на наведваньне прыбіральні. Першы раз я ажно сумеўся, калі Андрэй-Пракурор, толькі зайшоўшы ў туалет, тут жа сеў на бачок, які выносяць з камэры. Такім парадкам зьяўляецца ня два, а тры пасадачныя месцы. Можна сказаць, у яго асабісты пераносны «біятуалет». Затое прычапіцца немагчыма, усё ўкладаецца ў жорсткія часавыя нарматывы масак. Можа з гэтай прычыны, але маскі ня надта прэсынгуюць, пакуль мы ў прыбіральні. Прынамсі, калі праводзіць паралелі з чацьвёртай камэрай.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





17 студзеня, панядзелак


Спачатку было слова. Патрабавальнае і бескампраміснае. Кінутае ў праём кармушкі: «Адчыніць фортку!»

Уляцела і разьбілася аб цішыню. Ніхто не варухнуўся. Зьнешні выгляд людзей, апранутых у швэдры, курткі, загорнутых у пледы і коўдры, казаў больш, чым словы. Празь пяць хвілін дзірка вочка запаўняецца чалавечым вокам. І тут жа грыміць завала, круціцца ключ, выцягвае жалезнае джала з замка. На парозе кантралёр. Натуральна, у зьвязцы з маскай. За ёй яшчэ адна. І зноў словы. Злыя і пагрозьлівыя. Тандэм гарлае:

— Хутка адчынілі фортку! Дзяжурны!

— Вы ж бачыце, што тут і так, як у халадзільніку!

Словы счапіліся са словамі ў перапалцы. Зрэшты, дыскусія пра карысьць і шкоду ранішняга праветрываньня была нядоўгая. Наш слоўны супраціў быў хутка здушаны. Абедзьве форткі расчыніліся наросьцеж. Нас працягваюць выхоўваць холадам. Усе як па камандзе пачалі перабіраць нагамі, размахваць рукамі. Броўнаўскі рух у закаркаванай пасудзіне. Мы натыкаліся на нары, на табурэткі, адзін на аднаго. Натыкаліся, чартыхаліся і чакалі. Чакалі званоў з плошчы. Як толькі «дзінь-дзінь» уляцела ў закратаваную дзірку форткі, дзяжурны кінуў сваё цела ў амбразуру. Бразь! Бразь! Форткі зачыненыя. Роўна сёмая раніцы. За гадзіну паветранай вэнтыляцыі з камэры высмактала рэшткі цяпла, і цяпер усе проста моляцца на кіпяцільнік. Аднак ніхто не сьпяшаецца перадаваць яго. Толькі хвілін празь дзесяць у акенцы зьявілася, ухмыляючыся, фізіяномія кантралёра, а потым і плястыкавая банка з-пад селядца з кіпяцільнікам усярэдзіне.

* * *

Вось ужо каторы дзень ня маю нават намёку на тое, у якой прорве зьнікаюць мае лісты. Мне не па сабе. Ад таго, што да іх датыкаюцца чужыя рукі
Вось ужо каторы дзень ня маю нават намёку на тое, у якой прорве зьнікаюць мае лісты. Мне не па сабе. Ад таго, што да іх датыкаюцца чужыя рукі, што на тэрыторыю маёй шчырасьці, маёй асабістай прасторы ўрываецца староньняя цікаўнасьць. І гэты хтосьці, нябачны, варожы, вырашае лёс маіх пасланьняў. І мне напляваць, ці на свой одум, ці на нечае распараджэньне. Мне гэта непрыемна.

Я пішу. Мне пішуць. Цікава, як абыходзяцца з карэспандэнцыяй? Падшываюць у асобную тэчку? Складзіруюць у склеп? Адпраўляюць на ўтылізацыю ў паперарэзку?

Але я ўсё роўна пішу! Радкі — гэта будаўнічы матэрыял, зь якога я спрабую пабудаваць для сваіх адчуваньне, што ўсё ў мяне добра. Пішу зычлівыя, пазытыўныя пасланьні. Калі ня ведаць кантэксту, то, прачытаўшы некаторыя, можна падумаць, што я недзе... ну, скажам, у санаторыі. Добра сілкуюся, шпацырую, чытаю кнігі, раблю гімнастыку. А потым разгортваю дзёньнік і апісваю тое, што адбываецца ў чорна-белым сьвеце рэальнасьці.

А яшчэ пісаньне лістоў дазваляе вырашыць праблему часу. Калі яго не ператвараць у нешта, то можна і розумам хітнуцца.

Але вернемся да сытуацыі — лісты ў нікуды. Трэба аддаць належнае людзям сыстэмы: яны нядрэнныя псыхолягі і спэцыялісты па намацваньні ўразьлівых месцаў. Мяне б’юць па балючым. Нясьцерпна і невыносна чакаць і не дачэквацца інфармацыі пра тых і ад тых, хто табе дарагі. Ніколі ня думаў, што гэта можа выяўляцца ў такой балючай форме.

Кожны вечар нехта з сукамэрнікаў атрымлівае лісты. Я бачу іхнія прасьвятлелыя твары, іх усьмешкі. Я ім зайздрошчу! Зайздрасьць белая, але мне ад гэтага не лягчэй. Вось і сёньня адкінулася кармушка, і на яе леглі канвэрты. Але там няма почырку, які я пазнаю з тысячы.

ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





* * *

Вось ужо колькі дзён, як я зьмяніў драўляны насьціл на стацыянарныя нары. Клясна! Дошка ўсё ж ня самы зручны матэрыял для адпачынку і сну. Балазе маю добрую школу — ці не дзясятак адседак на Акрэсьціна. А там умовы больш жорсткія. Ніякіх матрацаў, падушак, бялізны. Голая дошка, адпаліраваная чалавечымі целамі. Тут мне крыху пашанцавала. Матрац, коўдра ня самыя старыя, падушка ня самая худая.

У мяне было такое адчуваньне, што ён да ўсяго прынюхваецца, прыслухоўваецца, прыглядаецца. Не зьдзіўлюся, калі даведаюся, што ён рабіў сякія-такія паслугі адміністрацыі
Месца вызвалілася нечакана. Павезьлі на судовы працэс Аляксандра, маладога хлопца з мутнай гісторыяй пра садзейнічаньне ў перавозе наркотыкаў празь мяжу. У мяне было такое адчуваньне, што ён да ўсяго прынюхваецца, прыслухоўваецца, прыглядаецца. Не зьдзіўлюся, калі даведаюся, што ён рабіў сякія-такія паслугі адміністрацыі. Так бы мовіць, інфармаваў пра стан клімату ў працоўным калектыве. Раніцай яго павезьлі на працэс у суд Менскага раёну, а ўвечары кантралёр загадаў сабраць Аляксандравы рэчы — пэўны доказ, што ён сюды ўжо ня вернецца. Дай божа, каб ніколі. Кепскае гэта месца, «амэрыканка».

Я быў адзіным прэтэндэнтам на вызваленае месца. Здаў дошку кантралёрам і выцягнуў з-пад нараў свой пасьцельны камплект. Навасельле на другім паверсе стала падзеяй нечаканай, але прыемнай. Шчыра кажучы, надакучыла кожны дзень складаць і раскладаць, скручваць і раскручваць пажыткі. Раніцай і ўвечары. Дый на працягу дня адчуваеш сябе кватарантам у прысутнасьці гаспадароў. Ні прысесьці, ні прылегчы.

Бліжэй да вечара адзначылася дама-паштальён. Прапанавала расьпісацца ў ведамасьці. Аказалася, грашовы перавод з дому. Ня ведаю, чаму ўзрадаваўся больш — паляпшэньню свайго фінансавага самаадчуваньня ці самому факту пераводу. Што гэта? Частковае зьняцьцё блякады? Выпадковасьць?

Але грошы прысьпелі вельмі дарэчы. Бо пасьля выхаду з галадоўкі я фактычна на забесьпячэньні ў іншых. А грошы на рахунку — гэта асабістая харчовая бясьпека, гэта магчымасьць замовіць прадукты і сёе-тое з дробных рэчаў. Для гэтага трэба напісаць заяву на імя начальніка СІЗА, і пры яго найвышэйшай згодзе вам могуць даставіць сала, пернікі проста ў нумар! А могуць і не даставіць...

Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG