Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы


Дзьверы галоўнага ўваходу ў цэнтральны будынак КДБ у Менску
Дзьверы галоўнага ўваходу ў цэнтральны будынак КДБ у Менску

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

2 студзеня, нядзеля


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Раніцай чакаў «сюрпрыз». У дзесяцілітровым цэбры з прадуктам вадкай перапрацоўкі нашых арганізмаў. А дакладней, у падзеях, якія разгортваліся вакол пасудзіны. Сёньня маё дзяжурства па камэры. І першая задача дзяжурнага — вызваліцца ад сьмецьця і ад зьмесьціва «біятуалета». Наведваньне прыбіральні — справа добраахвотная. Сёньня ахвотных не знайшлося. Усе дружна падышлі да вядра, у якім плавалі мандарынавыя лупіны, зрабілі сваю справу і зноў палеглі. Іду адзін. Балазе сьметніца пустая, а вядро запоўнена не да краёў. Толькі выйшаў з пасудзінай у калідор, як раздалася каманда:

— Да сьцяны!

Чаго б гэта? Паставіў цэбар і павярнуўся тварам да сьцяны.

— Рукі!

На запясьцях шчоўкнулі кайданкі. Каманда:

— Уніз!

Раблю паўзу, аднаўляю дыханьне і стараюся максымальна сканцэнтравацца ў чаканьні новых правакацыяў
Гэта значыць, трэба ісьці не ў бліжэйшы туалет на паверсе, а спускацца ў той, што паверхам ніжэй. Гэта значыць — спускацца ўніз па лесьвіцы ў кайданках, з запоўненым на дзьве траціны бітонам у руках.

Так, вясёлы старт новага году. Мяне экзамэнуюць усё больш вышукана. Гэта яўная правакацыя. Прычым калі я зараз завалюся, у яе будзе рэальна кепскі пах. І, паводле задумы яе арганізатараў, я, мабыць, павінен папрасіць ласкі ці хоць бы расьпісацца ў фізычным бясьсільлі. Уся зьмена тут. Сабраліся на відовішча. Як нічога ніякага, прыхопліваю пальцамі ручку плястыкавай пасудзіны і рухаюся да лесьвіцы. Унізе згрудзіліся «чорныя» і «зялёныя». Стаўлю нагу на лесьвіцу і раблю крок уніз. Мяне ніхто не падганяе. Усё праходзіць у нязвыклай цішыні. Такое адчуваньне, што зроблены стаўкі: прайду ці завалюся. Раз, два, дзесяць... Вось пад нагамі роўная паверхня. Перад дзьвярыма кантралёр здымае кайданкі, а адна з масак шматзначна прамаўляе: «Д-а-а-а!» Гэты гук, вырваўшыся міжволі, кажа, што лік 1:0 на маю карысьць. Толькі ў прыбіральні я адчуў, што ўвесь мокры. Халоднай вадой мыю твар. Зьмесьціва пасудзіны выліваю ў адну з адтулін каналізацыі. Здымаю шлянг, уключаю ваду і мыю плястыкавае вядро. Халодныя пырскі сьцёбаюць па руках. Мяне ніхто не падганяе. Потым заліваю ў бачок хляраваны раствор. Раблю паўзу, аднаўляю дыханьне і стараюся максымальна сканцэнтравацца ў чаканьні новых правакацыяў. Сам стукаю ў дзьверы, сыгналізуючы, што гатовы падымацца наверх.

За дзьвярыма нечакана ўзьнікае дзяжурны Віктар Віктаравіч. Прапаршчык асабіста зашчоўквае кайданкі. Але цяпер мае рукі сьпераду. Трэба разумець, чарговы экзамэн я здаў. Сьведчаньнем гэтага — і маўчаньне канваіраў. Падымаюся па лесьвіцы. У камэры соннае царства. Рыхтуюся да сьняданку. На тумбачку каля дзьвярэй выстаўляю пяць місак для кашы. Чатыры мэталічныя і адну плястмасавую. Сюды ж плястыкавы слоічак з рэшткамі цукру. Кавалкі ўчорашняга хлеба завязваю ў цэляфанавы пакет. Наліваю ваду ў плястмасавы збан бардовага колеру. Гэта на гарбату. Адчыняецца фортка, і ў праёме ўзьнікае плястмасавае вядзерца, у якім кіпяцільнік. Кіпень разьліваю па конаўках з пакуначкамі гарбаты і тут жа паўторна закідаю кіпяцільнік у бардовы збан. Трэба пасьпець згатаваць ваду яшчэ раз. Гарбата — гэта ня толькі пітво, але і сродак сагрэцца.

Чуваць, як за дзьвярыма спыняецца вазок. У адчыненую кармушку выстаўляю міскі. У кожную плюхаюць па чарпаку груцы. Аддаю рэшткі хлеба ў абмен на тры боханы, два белага і адзін чорнага. Таксама атрымліваю пяць чайных лыжак цукру.

Невялікая чаргаўузьнікае ля кармушкі, калі раздаецца каманда: «Лекі!» На мэдыкамэнты тут устойлівы попыт
З-пад коўдраў выкалупваюцца, вылазяць сукамэрнікі. Твары — застылыя маскі без аніякіх эмоцыяў. Пасьля кашы і гарачай гарбаты астылая за ноч прастора камэры пачынае напаўняцца гукамі, галасамі. Органы дотыку, нюху намацваюць хоць і слабы, але ўсё ж пульс жыцьця. Каля рукамыйніка невялікая чарга. Яна ж узьнікае ля кармушкі, калі раздаецца каманда: «Лекі!» На мэдыкамэнты тут устойлівы попыт. Хтосьці глытае дзеля прафіляктыкі, а для кагосьці гэта жыцьцёвая неабходнасьць.

Дарэчы, тут чуваць дыханьне мэтро. І даволі выразна. Але толькі ноччу, пасьля адбою, калі ў камэры поўная цішыня. Адчуваецца лёгкая вібрацыя, вуха ловіць гукі цягнікоў, якія нясуцца па тунэлях.

Першыя дні новага, 2011 году ў цэлым нічым не адрозьніваюцца ад апошніх дзён старога, 2010-га. Тыя ж абшарпаныя сьцены, тое ж павуціньне мэталічных пруткоў на вокнах, тыя ж маскі за дзьвярыма, прызначаныя, мабыць, наганяць страх, тая ж бранябойная груца ў місцы. Калі чаго і чакаць, то горшага. А яно на адлегласьці працягнутай рукі. У каардынатах часу, які вымяраецца суткамі. Пазытыў праглядаецца хіба што, калі зірнуць у будучыню. Бо маразм ня можа доўжыцца бясконца. Ну месяц, ну год, два. Ува мне то гаварыў аптыміст, то слова браў пэсыміст. Часам яны спрабавалі выказацца адначасова. Ніколі я так доўга і захоплена не размаўляў сам з сабой.

Ноччу спалася дрэнна. Узбударажаны дзённымі падзеямі мозг страчыў думкі. Думаў пра дом. Як яны там безь мяне? Гэта ўсяго другое навагодняе сьвята, якое мы не адзначалі разам з маёй Сьветай. Першае — калі адразу пасьля вясельля я надзеў кірзавыя боты і пайшоў аддаваць доўг Радзіме.

На вячэру быў селядзец. У адной місцы пяток селядцовых хвастоў, у другой — саладжавая, а значыць, падмарожаная бульба ў мундзірах. Ні першае, ні другое ня выклікала ўсплёску страўнікавых эмоцый. Абмежаваўся гарбатай і пернікамі. Самаадчуваньне нібыта някепскае. Хіба што лёгкае, але бязбольнае бурчаньне ў жываце. Напэўна, зараз я б добра ўпісаўся ў рэклямны ролік якога прэпарата, каб худзець.

ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





3 студзеня, панядзелак


Пад шумавы акампанэмэнт «зондэркаманды» падняліся, памыліся, схадзілі ў туалет, прагрэлі вантробы гарбатай, адрапартавалі дзяжурнаму і застылі ў чаканьні прагулкі. Набягае лёгкая дрымота. Усе сядзяць з заплюшчанымі вачыма, захінуўшыся ў маўчаньне. Гульня ў даганялкі са сном, які ўцякае прэч. Пэрыядычна хто-небудзь з ахоўнікаў рэзка, мабыць, гумовай палкай, б’е па дзьвярах камэры. Абмяклыя целы ўздрыгваюць, і вочы ашалела глядзяць па баках. Непрыемныя адчуваньні. Нібы дубцом па твары. Чаканьне загрузла ў напружаньні. Спрабую пераключыцца на канспэктаваньне думак. Ручка адмаўляецца пісаць. Здаецца, ад холаду чарніла застывае. Пальцы з прыкметамі лёгкага здранцьвеньня.

Калідоры турмы КДБ
Калідоры турмы КДБ


Нарэшце два стукі ключом па ручцы дзьвярэй. Час прагулкі ў дворыку. Пачынаем таропка адзявацца. Дзьверы наросьцеж. Шыхтуемся паравозікам. Аднак кантралёр па мянушцы Доўгі тыкае ў мяне пальцам і камандуе: «На выхад!» Выходжу. Каманда: «Да сьцяны!» Паварочваюся тварам да глухой сьцяны, якая вэртыкальна бяжыць уверх мэтраў на пяць-шэсьць, да купала, насунутага на будынак. Пад далонямі холад бэтону прабіваецца скрозь напластаваньні фарбы. Стаю на расьцяжцы. Сэрца бухае, як насьценны гадзіньнік. У роце — як у высахлым калодзежы. Выварочваюць пустыя кішэні. Здымаю боты. Кантралёр запускае руку ўсярэдзіну, дастае вусьцілку. Трэба ж, які старанны. Трасе ботам.

— Рукі назад!

На запясьцях шчоўкаюць кайданкі.

— Наперад!

Маскі тут жа пачынаюць грымець палкамі па жалезных парэнчах. Дзесьці збоку затрашчаў электрашокер. Канцэнтруюся на пераадольваньні прыступак. З паралізаванымі рукамі ня тое што бегчы, ісьці няпроста. Маскі зьверху, маскі зьнізу. Тыя, што ўнізе, патрабуюць: «Хутчэй!» Як ні дзіўна, але напружаньне, якое толькі што пульсавала па целе, раптам недзе расьсеялася. Іду і лічу прыступкі. Адна, дзьве... пятнаццаць... Вось нага кранулася роўнай паверхні падлогі.

— Галаву ўніз! — раве цыбаты ў зялёнай масцы.

Здаецца, ён хоча прыціснуцца сваёй глоткай да майго вуха. Да адчыненых дзьвярэй, якія вядуць у двор, мэтраў шэсьць. Адтуль цягне сьцюжай. Наша камэра якраз над выхадам на вуліцу. Напэўна, таму ў ёй так холадна. Дзіўна, чаму я пра гэта думаю. Не пра тое, што мяне зараз могуць ударыць, замкнуць у карцэр. Вось яны, асаблівасьці чалавечай псыхікі.

Перад дзьвярыма, на якіх зялёны кружок зь лічбай «2», кантралёр здымае кайданкі і запускае мяне ўсярэдзіну дворыка. Разьмінаю запясьці. Чакаю астатніх. Хвіліны цікаюць. Паўза відавочна зацягваецца. Але вось перакошаныя дзьверы застагналі. На парозе Дыджэй. Новая ўводная: «На выхад!»

Рэпэтыцыя працягваецца, мільгае думка. Выходжу. Да сьцяны! Рукі назад! Спэцыфічны гук зашчоўкваньня кайданкаў. Усё ў адваротнай пасьлядоўнасьці. Тыя ж каманды. Тыя ж патрабаваньні. Падымаюся і ў думках рыхтуюся да чарговага спуску ўніз па лесьвіцы. Так можа працягвацца доўга. Але перад дзьвярыма камэры мяне вызваляюць ад жалезных бранзалетаў, і я апынаюся сярод астатніх. Кожны сьпяшаецца задаць пытаньне. Аказваецца, уводзіцца новае правіла прагулкі. Паводле прынцыпу «або ўсё, або ніхто». Сёньня ніхто. Кірыл тэмпэратурыў і, натуральна, у такім разабраным стане ня мог выходзіць на вуліцу. На аргумэнт, што ён хворы і запісаўся да доктара, кантралёр толькі рукой махнуў. Зрэшты, што ён мог сказаць? Што працуе прынцып сталінскіх лягераў, калі праблему аднаго распаўсюджваюць на ўсіх? Маўляў, вы пазбаўленыя права на шпацыр і будзеце сядзець у зачумленай прасторы, таму што адзін з вас — слабое зьвяно. А мы тут зусім ні пры чым. Вырашайце праблему слабога зьвяна! Тыповае правіла савецкіх лягераў. Толькі гэта не гістарычны фільм пра мінулае, гэта ўсё сапраўднае, не прыдуманае, адбываецца тут і цяпер. Я не выключаю, што новае правіла зьвернута супраць такіх, як я. Раней я ігнараваў шпацыры, каб мінімізаваць сутыкненьні з маскамі. Зараз гэта робіцца немагчымым.



ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ






4 cтудзеня, аўторак


Кірылу палягчэла, і мы папрасілі гадзіну шпацыру. Мяне зноў вышмаргнулі першым. Патрымалі на расьцяжцы, прашманалі, закальцавалі ў кайданкі. Ды так, што пасьля кожнага, нават слабога, варушэньня мэтал яшчэ мацней урэзваўся ў запясьці. У дворык і назад вялі асобна ад усіх. Значыць, гэта ня разавы бзік адміністрацыі. Гэта стратэгія дзятла. Доўга і тупа. Па нэрвах, па кропках, за якімі пачынаецца боль. Якая рэфлексія? Ну што ж, калі гэта выклік, то ён прыняты! Што было — бачылі, што будзе — паглядзім!

У мурах «амэрыканкі» любое выключэньне горшае за любое дрэннае правіла
Рыпеньне дзьвярных завес. На парозе — чорна-зялёная маса. Плянавы агляд! Гэтыя словы — як прысуд. Прысуд, які ты чуеш кожны дзень. Цяпер ужо літаральна кожны. І ўсё роўна да канца ня можаш прывыкнуць, прыстасавацца. Яны толькі заходзяць, а цябе пачынае каўбасіць. Сэрца б’ецца часьцей. Усярэдзіне напружаньне такое, што, здаецца, дакранесься — і ўдарыць токам. Да дрэннага прызвычайваесься цяжка.

Сёньня нас падзялілі. Усіх пагналі ў бліжэйшы туалет.

— А вы застаньцеся!

У мурах «амэрыканкі» любое выключэньне горшае за любое дрэннае правіла. Так і ёсьць, пагналі ўніз па лесьвіцы. З гукавым суправаджэньнем. У спартзалі прыставілі да сьценкі. З вывернутымі вонкі далонямі. Маска чаравікам прайшлася па шчыкалатцы. І не зразумець, чаго больш, болю ці злосьці. Кантралёр абмацаў, вывернуў кішэні спартыўных штаноў. Зрабіў гэта па-майстэрску. Стаяньне ля «сьцяны нянавісьці» працягвалася даўжэй, чым звычайна. Спачатку рукі, а потым і іншыя часткі цела пачалі зацякаць і камянець.

— Ня торгаемся!

— Я сказаў, ня торгаемся! — Чыйсьці рот непрыемна апякаў маю голую патыліцу. Але ва ўсяго жывога ёсьць межы магчымага. Не магу больш трываць. Перакідаю цяжар цела спачатку на правую нагу, а потым на левую.

Тут жа ўдар чаравікам па шчыкалатцы і чарговая пагроза:

— Стаяць, або пакладу на падлогу!

— Я ня помнік!

— Ты можаш ім стаць! — надрываўся ўсё той жа голас.

— Нашто гаварыць, рабі!

Я павярнуў галаву ў бок таго, хто гаварыў. Здаецца, ён не чакаў такога. Нават адхіснуўся. Здаровы дзяцюк, вышэйшы за мяне на галаву.

— Да сьцяны галаву павярні!

— А вочы ў вочы што, слабо? — я па-ранейшаму глядзеў у прарэзы маскі. — Або вы можаце толькі ззаду і спадцішка?

Чалавек у чорным зрабіў крок да мяне. Схапіў за шыю, націснуў так, што мая галава ўваткнулася ў сьценку.

— Я табе зараз мазгі выб’ю, — прахрыпеў узбуджаны карнік.

У той момант я ўжо не кантраляваў ні сябе, ні сытуацыю.

— Давай. Вы ж гэта ўмееце рабіць. Патрэніраваліся на Ганчару і Захаранку.

Рука яшчэ мацней сьціснула мне шыю, але праз імгненьне аслабела і спаўзла. За сьпінай узьнікла нейкае варушэньне. Я толькі пачуў іншы голас: «Канчай».

Голас кантралёра разьвярнуў мяне тварам да суправаджаючых. Тры маскі нешта ціха, але эмацыйна абмяркоўвалі ў куце каля стоса напаўірваных матрацаў. Здаецца, гаварылі пра нядаўні інцыдэнт. Нейкія рознагалосьсі, мільганула думка.

Стаю голы, злы, узбуджаны
Я перайшоў ва ўласнасьць кантралёра.

— Разьдзяемся!

Я зьняў боты, шкарпэткі і ступіў на драўляны насьціл, які ляжаў на бэтоннай падлозе. Пачаў не сьпяшаючыся сьцягваць адзежу. Выварочваю шкарпэткі. Кантралёр абмацвае швы адзеньня. Стаю голы, злы, узбуджаны. Маскі скончылі гутарку. Той, хто правакаваў сілавую размову, накіраваўся ў наш бок.

— Стаў на падлогу! — раздалося ўказаньне з адтуліны для рота.

— Калі ласка.

З дошак перабазаваўся на ледзяную падлогу.

— Прысядаем! — гэта ўжо каманда ад кантралёра.

Прысеў — устаў. Прысеў — устаў. І так разоў трыццаць. Як мне ўжо патлумачылі, з дапамогай гэтай працэдуры спраўджваюць, ці не схаваў ты чаго ў заднім праходзе. І што там можа схаваць беларускі палітвязень? Хіба што асабістую нянавісьць!

— Да сьцяны!

Голага на расьцяжку?! Такога яшчэ не было. Цела імгненна пакрылася мурашкамі. Стаю хвілін пяць.

— Адзяемся!

Сьпяшацца цяпер, здаецца, няма куды.

— Хутчэй варушыся! — не сунімалася маска.

Але вастрыня моманту ўжо мінулася, я пачаў вяртаць кантроль над падзеямі. І, галоўнае, над самім сабой.

Па лесьвіцы вяртаўся не сьпяшаючыся. Грукаў палкай толькі няўрымсьлівы і злосны масачнік. Сукамэрнікі сустрэлі роспытамі, што ды як. У іх усё прайшло значна спакайней. Вось толькі ў камэры кантралёры пакінулі пасьля сябе дэманстратыўны пагром. Дый то да майго вяртаньня яго наступствы былі зьведзеныя да мінімуму. Мне ж хапіла пяці хвілін, каб сабраць і зноўку раскласьці свае няхітрыя пажыткі ў тры пакеты. Бялізна, ручнікі, мыла, туалетная папера, майкі... Пераправерыў сшыткі з запісамі, дакумэнтамі. Здаецца, усё ў наяўнасьці.

Прыпаў да ўмывальніка. Здавалася, на патыліцы засталіся чужыя пальцы. Хацелася хутчэй змыць гэтыя нябачныя брудныя адбіткі.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG