Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы хочуць купіць яшчэ адзін беларускі завод за бесцань


«Волат» — ваенны цягач Менскага заводу колавых цягачоў
«Волат» — ваенны цягач Менскага заводу колавых цягачоў

Расейская карпарацыя «Ростехнологии» паклала вока на Менскі завод колавых цягачоў.

Нягледзячы на тое, што спробы аб’яднаць Менскі аўтазавод і расейскі КамАЗ застаюцца бясплённымі, дзяржаўная карпарацыя «Ростехнологии» («Ростех») паклала вока яшчэ на адно прадпрыемства — Менскі завод колавых цягачоў. Для Масквы МЗКЦ становіць перадусім вайсковы інтарэс: апроч грузавой спэцтэхнікі Volat, з канвэера сыходзяць шасі для сыстэмаў супрацьпаветранай абароны «С-300», «С-400» і зэнітна-ракетных комплексаў «Іскандэр», «Ураган», «Сьмерч», «Град». Паколькі 90% прадукцыі пастаўляецца менавіта ў Расею, расейцы лічаць лягічным прыбраць яго да рук цалкам.

У прэсавай службе «Ростеха» пацьвердзілі факт перамоваў зь беларускім бокам пра набыцьцё акцыяў МЗКЦ, аднак акрэсьліць пэрспэктыву магчымай зьдзелкі не ўзяліся. Пры гэтым удакладнілі, што ацэнкі заводзкіх актываў у Маскве і Менску істотна розьняцца. Так, калі беларусы вядуць гаворку пра сотні мільёнаў даляраў, то расейцы хочуць купіць за бесцань. Асноўны аргумэнт — праз тры гады КамАЗ, у якім «Ростеху» належыць 49,9% акцыяў, сам пачне выпускаць плятформы для вайсковых установак, таму неабходнасьць у беларускай тэхніцы паступова адпадзе.

У адміністрацыі МЗКЦ ад камэнтароў устрымліваюцца, спасылаючыся на сваю несамастойнасьць. Завод падпарадкоўваецца Дзяржаўнаму камітэту па маёмасьці Беларусі, а фактычнае кіраваньне ажыцьцяўляе Ваенна-прамысловы камітэт. У абодвух ведамствах прапанавалі напісаць пісьмовы запыт і цягам месяца чакаць адказу. Аднак у інтэрвію расейскім СМІ кіраўнік «Ростеха» Сяргей Чэмезаў паведаміў, што Дзяржкамітэт па маёмасьці прапанаваў расейскаму боку наступную схему — 75% мінус адна акцыя. Цяпер Расея праводзіць экспэртную ацэнку такіх умоваў.

Што стаіць за жаданьнем расейцаў прыватызаваць чарговае стратэгічнае прадпрыемства ў Беларусі? Эканаміст, былы генэральны дырэктар заводу спэцыяльнай тэхнікі «Амкадор» Васіль Шлындзікаў перакананы: насамрэч каапэрацыя выгадная абодвум бакам, аднак відавочна, што знайсьці паразуменьне будзе досыць складана:

«Я лічу, што, па ўсім відаць, трэба нам прадаваць гэтае прадпрыемства. Інакш завод папросту можа застацца без заказаў. Мяркую, нічога тут надзвычайнага няма, не такі ўжо гэта вялікі і незаменны аб’ект. Гэта па-першае. А па-другое, сапраўды, амаль усе заказы сканцэнтраваныя ў Расеі, у асноўнай сваёй масе, і калі завод будзе працаваць — гэта ўжо добра».

Карэспандэнт: «Ці можа паўплываць на кошт зьдзелкі намер расейцаў пачаць выпускаць аналягічныя плятформы на КамАЗе?»
Я б, прынамсі, не працівіўся — прадаў бы 75 ці колькі там працэнтаў акцыяў расейцам, і хай працуюць

«Усё ня так проста, як камусьці ўяўляецца. Я згадваю тыя ж машыны „Амкадора“. На якіх толькі заводах у Расеі не спрабавалі іх выпускаць — і ні чорта ня выйшла. Так што гэта ня так лёгка, як некаму, можа, падаецца. Прынамсі, ня так хутка па часе — нават пры кваліфікаваных інжынэрных кадрах. Там яны кваліфікаваныя, вядома, людзі, пытаньняў няма, але арганізацыя такой вытворчасьці — працэс надзвычай складаны. Разумееце, гэта ж рынак, і цалкам натуральна, што той, хто прадае, хоча прадаць даражэй, той, хто купляе, хоча купіць таньней. Я б, прынамсі, не працівіўся — прадаў бы 75 ці колькі там працэнтаў акцыяў расейцам, і хай працуюць. Тым больш што дадатковую эмісію гэтых акцыяў яны гатовыя ўкласьці ў разьвіцьцё самога заводу — закупіць абсталяваньне, яшчэ нешта».

Дзякуючы замовам расейскага абароннага ведамства МЗКЦ дэманструе ўстойлівы рост вытворчасьці — ад 36 мільёнаў даляраў выручкі ў 2010 годзе да 130 мільёнаў даляраў летась. Да 2017-га гэты паказьнік мяркуецца ўзьняць да паўмільярда даляраў. Аднак, як лічыць экспэрт у машынабудаўнічай галіне, прафсаюзны лідэр Аляксандар Бухвостаў, бязь зьнешніх уліваньняў такі рэзкі скачок наўрад ці магчымы:

«Хто яго ведае, чым гэта ўрэшце скончыцца. Бо калі Лукашэнка з кімсьці пра штосьці дамаўляецца, я ніколі ня веру, што гэта ажыцьцявіцца. Памятаеце, былі калісьці спробы інвэстыцыяў з боку „Балтыкі“, потым усё гэта перакрэсьлілі; анансаваліся іншыя сумесныя праекты. Але калі глядзець з пункту гледжаньня нашай прафсаюзнай дзейнасьці, то для нас важна, каб на працяглы час захаваліся працоўныя месцы і расла заработная плата. Таму будзе гэта ў холдынгу ці гэта будзе асобна — для нас ня так і важна, для працоўнага чалавека, які выконвае пэўныя функцыі. Зараз транснацыянальныя карпарацыі кіруюць вытворчасьцю, эканомікай практычна ўва ўсім сьвеце. Яны паўсюль».

Ці не насьцярожвае тое, што ў беларускую эканоміку ідзе не заходні, а выключна расейскі капітал? Ці не набывае гэта палітычны падтэкст — прадпрыемствы ў абмен на танныя энэргарэсурсы і крэдыты? Меркаваньне спадара Бухвостава:
Ня трэба забывацца, што заходні капітал сюды не ідзе ўвогуле. Але ён можа прыйсьці праз той жа КамАЗ

«Ведаеце, зараз і Расея стварае транснацыянальныя карпарацыі. Праўда, яны ў асноўным у мэталапрамысловасьці, у нафтавай галіне. Што будзе лепш? Ну, найперш, ня трэба забывацца, што заходні капітал сюды не ідзе ўвогуле. Але ён можа прыйсьці праз той жа КамАЗ, таму што значную долю КамАЗу набыў „Даймлер“. То бок частка акцыяў расейскага прадпрыемства ўжо належыць заходнім кампаніям. Таму гэта нармальны эканамічны працэс — з майго пункту гледжаньня, хоць, можа, я і не зусім маю рацыю. Іншая справа, каб мы пры гэтым нешта ня страцілі. Прыкладам, ня страцілі працоўныя месцы, каб скарачэньне не было такое, што ўсіх павыкідваюць на вуліцу. Мы як прафсаюзьнікі супраць гэтага павінны пратэставаць».

Экспэрты схіляюцца да думкі, што ў выпадку з МЗКЦ расейцаў можа чакаць гэткая ж доўгайграючая пэрспэктыва змаганьня зь беларускім кіраўніцтвам, як і ў выпадку з абвешчаным акцыянаваньнем МАЗа. Яшчэ на пачатку 2011-га «Ростехнологии» прапанавалі аб’яднаць аўтавытворцаў на сваіх умовах: 100% акцыяў Менскага аўтазаводу пераходзіць расейскаму боку, а пэўны пакет акцыяў КамаАЗа атрымае беларускі ўрад. За два гады долі акцыяў «тасаваліся» ў самых розных прапорцыях, але зразумелага малюнку так і ня склалася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG