Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква націснула, і Сямашка засьпяшаўся на КамАЗ


Урадавая дэлегацыя Беларусі на чале зь першым віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам нечакана і патаемна наведала Камскі аўтамабільны завод у Набярэжных Чаўнах. Пра тое, што група высокіх беларускіх чыноўнікаў, у якую таксама ўваходзілі міністар прамысловасьці Дзьмітрый Кацярыніч, генэральны дырэктар Менскага аўтамабільнага заводу Віктар Асноўскі ды іншыя, была на КамАЗе, стала вядома з інфармацыі расейскага боку.

І ў Маскве, і ў Набярэжных Чаўнах падкрэсьліваюць: перамовы 16 траўня вяліся ў закрытым рэжыме. Адзінае, пра што прасачылася інфармацыя, — бакі зноў зьвярнуліся да праекту стварэньня сумеснага холдынгу на базе КамАЗа і МАЗа. І гэта выглядае сэнсацыйным, бо супраць такога аб’яднаньня катэгарычна выступіў Аляксандар Лукашэнка.

Менш як месяц таму, 19 красавіка, выступаючы з пасланьнем Нацыянальнаму сходу, ён назваў гэты праект «бандыцкай акцыяй»: «Ня ведаю, як там ва ўрадзе рашаецца пытаньне. Але гэта ня іх сфэра. Усё роўна прыйдуць да прэзыдэнта. Што мы атрымаем ад гэтага аб’яднаньня, акцыянаваньня? А яшчэ і перадай за бесцань акцыі МАЗа.

Што мы атрымаем? Рынкі? Яны ў нас ёсьць, і яны ў нас агульныя. І мы не саступаем па якасьці, па цане прадукцыі, якую выпускае сёньня будучы акцыянэр. Я пытаюся: колькі вы ўкладзяце ў мадэрнізацыю МАЗа, калі вы сюды прыйшлі? Мне адказваюць: грошай няма. Я — прэзыдэнт Беларусі. І я на гэтую бандыцкую акцыю, інакш і не назавеш, не пайду».

У такой сытуацыі без асабістага дазволу Аляксандра Лукашэнкі Ўладзімер Сямашка ніколі б не рызыкнуў паехаць на КамАЗ, — заявіў сёньня Свабодзе кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«Расейцы ўзялі і тармазнулі закупы беларускіх машын. Вось і ўсё. Яны ціснуць як мае быць. Таму Сямашка і паехаў. Продаж у Расею нашых грузавікоў ад пачатку году зьнізіўся ўдвая».

Словы Леаніда Заікі пацьвярджае і афіцыйная статыстыка — за першыя два месяцы сёлетняга году ў Расею прадалі ўсяго 624 грузавыя аўтамабілі. А калі ўлічыць, што за гэты ж час Эўразьвяз купіў толькі 9 грузавікоў, то стан беларускіх аўтамабілістаў выглядае катастрафічным. І яшчэ красамоўныя лічбы: калі летась аўто МАЗа складалі 14,3% ад усіх машын такой клясы, якія купілі расейцы, то за першы квартал сёлета доля менскіх грузавікоў звалілася да 7,4%.

Расея настойвае на пяці інтэграцыйных працэсах зь Беларусьсю. Яны ахопліваюць МАЗ, гарадзенскі «Азот», завод колавых цягачоў, «Гомсельмаш» і «Інтэграл», — нагадвае дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

«Гэтыя пяць праектаў — абсалютная ўмова расейскага боку для таго, каб пачаць абмяркоўваць іншыя рэчы — крэдыты, нафту, газ... І яны не здымаюцца з парадку дня. Аб’яднаньне КамАЗа і МАЗа і гэтыя перамовы — на парадку дня. Таму і адбываюцца такія візыты».

Ужо пасьля выступу Аляксандра Лукашэнкі з пасланьнем амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што расейскі бок ня бачыць ніякіх перашкодаў і складанасьцяў для аб’яднаньня двух аўтамабільных гігантаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG