Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня грэцкі спорт


Барон П’ер дэ Кубэртэн, заснавальнік алімпійскага руху Новага часу, быў чалавек шчыры і, як гэта часта бывае з грамадзкімі дзеячамі, больш абазнаны ў фізкультуры і старажытнагрэцкай гісторыі, чым у людзях. У 1936-м, прыехаўшы ў Бэрлін, каб на месцы разабрацца, ці варта аддаваць сталіцы Райху гонар правесьці чарговыя Гульні, ён так закахаўся ў новы нямецкі парадак, што назваў фюрэра «адным з самых выбітных творчых духаў нашай эпохі». П’ер дэ Кубэртэн не крывіў душой. Бэрлін атрымаў Алімпіяду.

Ці мог ён падумаць 5 красавіка 1896 году, калі адкрыліся першыя Алімпійскія гульні новага часу ў Атэнах, што, фактычна, кожнай Алімпіядзе будзе спадарожнічаць нейкі палітычны скандал і што прыдуманы ім адзін з асноўных алімпійскіх прынцыпаў: спорт па-за палітыкай, так і застанецца ўсяго толькі прыгожай ідэяй, што ня мае нічога агульнага з рэальнасьцю... Іншы прынцып, пазьней сфармуляваны як «о, спорт, ты — мір», таксама не спрацуе: акурат у алімпійскую эпоху людзі пачнуць забіваць адно аднога паточна-канвэерным спосабам, то бок шмат, рэгулярна і з задавальненьнем. Быццам робячы практыкаваньні на спартовай пляцоўцы.

Тыя першыя гульні 1896-га шмат чым адрозьніваліся ад сучасных алімпійскіх супэршоў. Не было ні колцаў, ні мядзьведзяў, ні танцаў з паходнямі, ні параду... Ні допінгу з выкарыстаньнем найноўшых дасягненьняў хіміі і фармакалёгіі — бутэлька добрага віна перад стартам ня лічыцца: гэта ня значыць, што пілі ўсе пагалоўна, але ж ніхто і не правяраў! Адсутнічалі веславаньне і бокс, затое былі праведзеныя спаборніцтвы па плаваньні ў марацкай вопратцы. Было і яшчэ адно цікавае адрозьненьне. Алімпійцы Расейскай імпэрыі, якія цяпер звыклі браць колькасьцю і запамінаюцца ў асноўным сваёй сэнтымэнтальнасьцю, да Атэнаў у 1896 годзе не даехалі — дабраўшыся да Канстантынопалю, павярнулі назад: скончыліся грошы.

Пакуль спартоўцы з чатырнаццаці краін вызначалі найлепшых у дзевяці відах спорту, вакол Мармуровага стадыёну ў гордай адзіноце бегала грэцкая маратонка. А што ёй заставалася рабіць? Знаўцы старажытнагрэцкіх алімпійскіх традыцый і ня думалі запрашаць да ўдзелу ў Алімпіядзе жанчын. Усё, як у часы Паўсанія і Лікурга. Толькі жрыцам Дэмэтры дазвалялася назіраць за турнірамі з трыбунаў — і хаця атлеты ў 1896 годзе ўжо не выступалі голымі і нават плавалі ў марацкіх касьцюмах, глядзець на такое лічылася шкодным для жаночай псыхікі.

Вось і наступныя Алімпіяды будуць заставацца ў памяці ня толькі рэкордамі, азартам і фэйр-плэем, але і рознымі каляспартовымі скандаламі. Ужо ў 1908 годзе ў Лёндане расейская дэлегацыя, якая гэтым разам усё ж здолее прасунуцца далей за Канстантынопаль, забароніць фінам выступаць пад іхным сьцягам, а амэрыканцы адмовяцца апускаць сьцяг перад брытанскім каралём, зазначыўшы, што гэты сьцяг не апускаецца ні перад адным манархам. У 1920-м на Алімпіяду ня возьмуць немцаў і бальшавікоў, у 1924-м бальшавікі скажуць, што будуць удзельнічаць толькі зь немцамі, у 1936 годзе «адзін з самых выбітных творчых духаў эпохі», прыкінуўшы ўсе выгоды ад Гульняў, загадае на нейкі час прыбраць антысэміцкія плякаты з бэрлінскіх вуліц...

Беларусь, як вядома, прымала некаторыя спаборніцтвы Алімпіяды-80 у Маскве, але ў нас і без Алімпіяды каляспартовых боек хапае. У 2012 годзе прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль адказаў на заклікі пазбавіць Менск чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году або байкатаваць яго фразай, якая б цалкам пасавала да візыту дэ Кубэртэна ў Бэрлін. «Мне здаецца, што спартовыя арганізацыі і самі спартоўцы не павінны выконваць працу палітыкаў. Мы ня мусім быць марыянэткамі ў іх руках. Палітыка вядзе да канфрантацыі, а спорт мусіць яднаць людзей».

Шчыра сказана. Па-кубэртэнаўску. Найлепшыя творчыя духі нашай эпохі зноў могуць спаць спакойна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG