Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек да канца


«Адзін супраць усіх! Мне ніколі не зрабіцца насарогам! Я буду абараняцца, абараняцца! Я апошні чалавек, і я застануся чалавекам да канца! Я ня здамся!»

І ня здаўся ж. Хаця насарогі ўжо зазіралі ў вокны.

28 сакавіка 1994 у Парыжы памёр Эжэн Ёнэско, бацька абсурдызму. Ня хросны — а, так бы мовіць, біялягічны. Хаця самому Ёнэско зь ягоным адчуваньнем мовы тэрмін «тэатар абсурду» ніколі не падабаўся. Вызначэньне «тэатар насьмешкі», казаў Ёнэско, мружачыся, як кот, значна лепш перадае сутнасьць тэатру, які ствараюць ён і ягоныя аднадумцы. Тэатру, дзе няма пэрсанажаў камічных, і трагічных таксама няма, але ёсьць перадусім пэрсанажы сьмешныя. «У іх няма ніякіх каранёў — ні мэтафізычных, ні трансцэндэнтальных, яны — паяцы, пазбаўленыя псыхалёгіі...»

На крэслах Ёнэско павесіўся Станіслаўскі. А ён дзе папала ня вешаўся. Толькі ў сапраўдным тэатры, які, як вядома, заўжды пачынаецца з шыбеніцы.

Бацькам абсурду Ёнэско таксама сябе не лічыў, саступаючы гэтую пачэсную ролю не каму-небудзь, а Шэксьпіру. Напрыклад, Шэксьпіру — бо, згодна зь Ёнэско, кожны клясычны тэатральны твор можна прачытаць як абсурдысцкі. Трэба проста трошкі пацерці пазалоту... І ўсе гэтыя непатрэбныя, штучныя пласты адваляцца самі сабой. Застанецца абсурд — ці, пардон, насьмешка.

Непатрэбным тэатар Ёнэско абвясьціў наступныя рэчы. Перадусім, усё немастацкае, тое, без чаго тэатар спакойна можа абысьціся. Скажам, грамадзка-палітычны патас. А яшчэ рэалізм, натуралізм, фізіялягізм, прычыннасьць, літаратурны тэкст і паноўную ролю дыялёгу. Вось як шмат лішняга было ў тэатры, кажа доктар, дэманструючы пацыенту нешта сьлізкае і крывавае, загорнутае ў марлю. Але цяпер усё будзе інакш. А гэта вам — на памяць.

Яно і праўда, неўзабаве пайшло інакш. Тэатар пасьля Ёнэско і ягоных лысых сьпеваў ужо ня змог заставацца такім, як раней, і, у пэўнай меры, гэта Ёнэско мы абавязаныя ўсімі гэтымі жудаснымі «інтэртрапацыямі» клясыкі — але і Ёнэско, дарма што прасоўваў у масы ідэю тэатру насьмешкі, таксама вельмі хутка зьмяніўся. Як гэта здараецца амаль заўжды, рана ці позна, нават самага авангардысцкага аўтара ўрэшце прыбівае да берагоў яснага сэнсу. Ягоныя пазьнейшыя рэчы выразна антытаталітарныя — а значыць, ужо не настолькі абсурдныя. «Перад намі адбываецца адчужэньне чалавека ад ягонай функцыі. Ніколі адчужэньне не было такое моцнае, як цяпер, асабліва ў с а ц ы я л і с т ы ч н ы х краінах, якія трубяць пра пераадоленьне адчужэньня», — кажа Эжэн Насарогавіч у адным сваім позьнім інтэрвію, якое выглядае як лекцыя. — «Чалавек растварыўся ў сваёй функцыі, яго больш няма. Грамадзкая машына зжэрла яго, яна — гэта грамадзтва, што ператварылася ў пачвару, у людажэра».

Ну, і дзе тут абсурд?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG