Удзельнікі: эканаміст Валер Дашкевіч і аглядальнік Радыё Свабода Міхал Залескі.
(Валер Карбалевіч: ) “Розныя міжнародныя арганізацыі рэгулярна праводзяць дасьледаваньні аб індэксе эканамічнай свабоды ў краінах сьвету. Нядаўна сусьветныя інфармацыйныя агенцтвы паведамілі аб апошнім такім дасьледаваньні. На падставе інфармацыі Ўсясьветнага банку, Міжнароднага валютнага фонду і іншых уплывовых арганізацыяў былі абсьледаваныя 155 краінаў сьвету. Паводле гэтых зьвестак, Беларусь індэксам эканамічнай свабоды займае 144 месца, прычым у Эўропе — апошняе месца. Што азначае гэты індэкс, і як узровень эканамічных свабодаў уплывае на эканамічнае разьвіцьцё краіны?”
(Валер Дашкевіч: ) “Такі паказчык як індэкс эканамічнай свабоды зьявіўся ня вельмі даўно, дзесьці 10–20 гадоў таму. Эканамісты-аналітыкі пачалі вывучаць, ад чаго залежаць тэмпы эканамічнага росту. І яны заўважылі, што тэмпы эканамічнага росту і стан эканомікі залежаць ад таго, наколькі свабодныя прадпрымальнікі ў прыняцьці тых ці іншых рашэньняў у эканоміцы. У сувязі з гэтым і быў распрацаваны індэкс эканамічнай свабоды. Ён уключае шмат паказчыкаў: ступень гандлёвага пратэкцыянізму, узровень падаткаў, дзяржаўную эканамічную палітыку, бар’еры на шляху руху капіталаў на фінансавых рынках, абарону правоў уласьнікаў, рэгуляваньне цэнаў і зробкаў, працэдуру выдачы ліцэнзіяў і іншае.
Пасьля распадуСССР у новых незалежных дзяржавах таксама пачалі разьлічваць індэкс эканамічнай свабоды. Апошняе дасьледававаньне паказала, што Беларусь займае адно з апошніх месцаў у сьвеце. На самым апошнім месцы знаходзяцца Паўночная Карэя з усім вядомым рэжымам.
Сярод былых рэспублік СССР самае высокая месца ў гэтым сьпісе займае Эстонія — 6-е месца. Даволі высока ў сьпісе знаходзяцца Літва і Латвія. Большасьць іншых краінаў знаходзяцца ў сьпісе сярод апошніх 50 дзяржаваў.
Цікава, што на першых месцах у гэтым сьпісе стаяць невялікія дзяржавы: Ганконг, Сынгапур, Люксэмбург. Сярод вялікіх краінаў можна назваць Вялікабрытанію і Нямеччыну (апошняя, дарэчы, займае толькі 18-е месца). Атрымліваецца, што ў невялікіх краінаў большы індэкс эканамічнай свабоды”.
(Міхал Залескі: ) “Хацеў бы паглядзець на індэкс эканамічнай свабоды зь іншага боку. Гэты індэкс сьведчыць пра тое, як можа самастойна распараджацца рэсурсамі бізнэс-кляса краіны, яе прадпрымальнікі і вытворцы. І тыя краіны, якія ня маюць значных рэсурсаў, то бок, невялікія краіны, вымушаныя даваць больш волі. Тыя ж краіны, якія валодаюць значнымі рэсурсамі, могуць дазволіць сабе значнае дзяржаўнае рэгуляваньне.
Кожны прадпрымальнік дзейнічае ва ўмовах, якія для яго стварае дзяржава. Але маса прадпрымальнікаў стварае плынь у рацэ. І функцыя эканамічнай палітыкі дзяржавы — паглыбляць і пашыраць русла, каб рака цякла хутчэй.
У Беларусі жорскі кантроль дзяржавы над эканамічнымі працэсамі запавольвае эканамічнае разьвіцьцё і не дазваляе эфэктыўна выкарыстоўваць тыя рэсурсы, якія ёсьць. Гэта можна даказаць на прыкладзе сельскай гаспадаркі. Ці ў Эстоніі, Польшчы, Фінляндыі ці Даніі лепшыя кліматычныя ўмовы? А вынікі гаспадараньня значна лепшыя, чым нас”.
(Карбалевіч: ) “Як тады растлумачыць, што насуперак адсутнасьці эканамічных свабодаў эканоміка Беларусі разьвіваецца? На гэты год заплянаваны рост валавога ўнутранага прадукту каля 10%. Гэта, мусіць, адзін з самых высокіх паказчыкаў ў Эўропе. Расьце зьнешні гандаль, банкаўскія ўклады насельніцтва, павялічваецца колькасьць прыватных аўтамабіляў у Менску. Як гэта стасуецца адно з другім?”
(Дашкевіч: ) “Тут ёсьць адна акалічнасьць, якую мы павінны ўлічваць. Мы недаацэньваем здольнасьці цэнтралізаваных эканомік у крызысных варунках павялічваць аб’ёмы вытворчасьці й нават павышаць узровень жыцьця людзей. Рэч у тым, што з пачаткам рынкавых рэформаў у посткамуністычных краінах пачаліся два працэсы. Адзін працэс — стварэньне рынкавых дачыненьняў. Другі працэс — прыватызацыя ўласнасьці, падчас якой назіралася вялікая карупцыя. Таму што прыватызацыю ажыцьцяўляла былая намэнклятура. Усяму гэтаму спадарожнічаў працэс вывазу капіталу. Гэта адбывалася ў Расеі, Украіне, Казахстане.
У Беларусі ўцёкаў капіталаў у такіх маштабах не было. Прадпрыемствы засталіся ў руках дзяржавы. І цяпер, калі ў суседніх краінах пачаўся эканамічны пад’ём, асабліва ў Расеі за кошт даходаў ад продажу сыравіны, Беларусь атрымала магчымасьць павялічваць свой экспарт і атрымаць эканамічны рост. Прычым, рабіць гэта ў межах дзяржаўнага сэктару было нават лягчэй, чым у прыватным.
Але гэтая зьява часовая. І сёньняшні эканамічны рост мае пэўную мяжу. Яшчэ два-тры гады — і тэмпы росту пачнуць падаць. Паколькі крыніц для разьвіцьця эканомікі няма. Зь іншага боку, чаму мы параўноўваем эканоміку Беларусі з Украінай, Казахстанам, Узбэкістанам, а ня з Польшчай, Вугоршчынай, Чэхіяй, Славаччынай, Славеніяй, дзе ўзровень жыцьця значна вышэйшы, а тэмпы росту, магчыма, не такія вялікія?
Яшчэ адзін момант. Да тых паказчыкаў тэмпаў росту, якія дае афіцыйная статыстыка, трэба ставіцца зь перасьцярогаю. Напрыклад, нядаўна Камітэт дзяржкантролю паведаміў, што каля траціны прадпрыемстваў дапускаюць парушэньні справаздачнасьці. То бок, у значнай ступені, гэты рост на паперы”.
(Залескі: ) “Можна прывесьці такі прыклад. У гаспадара ёсьць сад. І стары сад дае больш яблыкаў. Але хутка ўраджаю ня будзе. Тыя інвэстыцыі, якія прыйшлі ў краіну, выкарыстоўваюцца цэнтралізавана. Індэкс эканамічнай свабоды паказвае, наколькі эфэктыўна перацякае капітал у эканоміцы краіны, як ён трапляе ў тыя галіны вытворчасьці, якія будуць піянэрамі эканамічнага разьвіцьця. У Беларусі ёсьць некаторыя перадавыя галіны і прадпрыемствы. Але адначасова — занядбаная сельская гаспадарка і слабае разьвіцьцё тых галінаў, якія павінны быць наперадзе заўтра. І наш сёньняшні рост не спрыяе перацёку капіталу ў гэтыя новыя галіны”.
(Карбалевіч: ) “Лібэральныя эканамісты ўжо дзесяць гадоў кажуць аб хуткім абвале ў эканоміцы. Але пакуль гэтыя прагнозы не спраўджваюцца. І вось вы таксама кажаце, што праз два-тры гады пачнецца спад”.
(Дашкевіч: ) “Сапраўды, я не адноўчы папракаў лібэральных эканамістаў у тым, што яны ўвесь час прагназуюць крах эканомікі. Я ж кажу толькі аб запавольваньні тэмпаў росту. А гэта не азначае краху. Патэнцыял любой эканомікі, у тым ліку і беларускай, вельмі вялікі. І сёньняшняя эканамічная мадэль Беларусі можа праіснаваць 10 гадоў. Але эканамічны рост будзе запавольвацца і дойдзе да нуля. Рост дабрабыту грамадзянаў запаволіцца, а ў некаторых катэгорыяў людзей нават будзе пагаршацца.
Што тычыцца індэксу эканамічнай свабоды, то ён ня ўсё вызначае ў эканоміцы. Напрыклад, Ірляндыя займае 5-е, а Японія — 38- месца ў гэтым сьпісе. Але ж мы ня можам сьцьвярджаць, што японская эканоміка разьвіваецца горш, чым ірляндзкая, ці ўзровень жыцьця ў Японіі ніжэйшы. Таму гэты паказчык даволі адносны. І ён характарызуе толькі пэўны бок эканомікі, але ня ўсю эканоміку”.
(Залескі: ) “Лібэральныя эканамісты шмат кажуць пра нябачную руку рынку. Індэкс эканамічнай свабоды — гэта і ёсьць тая нябачная рука, якая прымушае цэлыя галіны вытворчасьці зьмяняць сваё аблічча. І перавагу мае тая дзяржава, дзе эканамічныя рашэньні прымаюць шмат людзей. Калі ж такія рашэньні прымае вузкае кола асобаў альбо адзін чалавека, то ёсьць вялікая небясьпека памыліцца. Для Беларусі такая небясьпека якраз у тым, што эканамічныя рашэньні прымаюцца вузкім колам асобаў, альбо адным чалавекам. І калі пашанцуе, гэты чалавек угадае правільны кірунак, выйграюць усе. А калі не, то ўсе будуць аддувацца за памылку аднаго чалавека”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, адсутнасьць эканамічных свабодаў не дазваляе раскрыць таго патэнцыялу, які закладзены ў беларускай эканоміцы, эфэктыўна выкарыстаць тыя рэсурсы, якія існуюць, не дазваляе перацякаць капіталу ў эфэктыўныя галіны і прадпрыемствы”.