Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускія школьнікі не ганарацца сваёй краінай?


Валянціна Аксак, Менск

Ці могуць беларускія школьнікі па прачытаньні сваіх падручнікаў зрабіць выснову, што яны жывуць у вялікай краіне і належаць да вялікага народу? Пра гэта разважаюць настаўніца гісторыі адной зь менскіх школаў Натальля Шаблюк і аўтар школьных падручнікаў па сярэднявечнай гісторыі краіны, дацэнт Белдзяржунівэрсытэту Павал Лойка.

(Аксак: ) "Дрэнным падручнікам і праграмам уваход у беларускую школу забаронены", -— заявіў у інтэрвію "Союзу", супольнаму выданьню газэты "Советская Белоруссия" і"Российской газеты", намесьнік міністра беларускага адукацыйнага ведамтва Генадзь Дылян. З вашае настаўніцкае практыкі, спадарыня Натальля, ці так гэта насамрэч?"

(Шаблюк: ) "На сёньняшні дзень сытуацыя з гэтым вельмі складаная. У нас ёсьць стандарты агульнага сярэдняга навучаньня і ёсьць праграмы. І мы сутыкнуліся з тым, што стандарты і праграмы не супадаюць. А падручнікі ёсьць і добрыя, і дрэнныя. Ёсьць падручнік Біча па гісторыі Беларусі для 8 клясы, але ёсьць і падручнік Мілаванава. Настаўнікі карыстаюцца падручнікам Біча, бо ён больш дасканалы.

Для адзінаццатай клясы ёсьць падручнік Новіка і ёсьць падручнік Панова, але яго ў нашай школе наагул ня бачылі. Да падручніка спадара Новіка ёсьць пытаньні, бо калі, напрыклад, аўтар цьвердзіць, што зьяднаньне беларускага і рускага народу ёсьць актам гістарычнае справядлівасьці, то мы, настаўнікі, мусім задумацца... Такое даносіць да нашых вучняў нельга".

(Аксак: ) "А што скажа пра цытаванае цьверджаньне адказнага за школьныя падручнікі міністэрскага чыноўніка той, хто іх стварае? Спадар Павал, калі ласка".

(Лойка: ) "Мы пачалі ствараць нацыянальныя падручнікі з 1992 году, нават памятаю дакладную дату — 12 сьнежня. Тады нас запрасіў да сябе колішні міністар адукацыі сп. Гайсёнак і сказаў, што падручнікі павінны зьявіцца да 1 верасьня наступнага году. Так што доўга не стваралі сваіх падручнікаў, а пачалі, як заўсёды ў беларусаў, рыхтавацца павольна, а рухацца вельмі хутка. Гэта адбілася на якасьці.

Першыя варыянты былі экспэрымэнтныя, потым яны даводзіліся да ладу. Каб стварыць салідны падручнік, трэба ня менш, як пяць–шэсьць ягоных перавыданьняў. За гэты час узьнікне пэўная культура такое творчасьці, якое ў нас проста не існавала, бо гісторыя Беларусі пачала ў нашых школах выкладацца толькі ў 1993 годзе.

Гэткім чынам, гаварыць пра тое, добрыя ці дрэнныя ў нас падручнікі, яшчэ проста не выпадае. Можам гаварыць толькі пра падыход да матэрыялу. Дзеля выхаваньня беларускасьці ў школьнікаў мы павінны мець у базавай школе падручнікі ў адным варыянце. І мне не падабаецца, што зараз ёсьць два варыянты падручнікаў.

Мяне могуць абвінаваціць у тым, што я не прымаю альтэрнатывы... Я прымаю альтэрнатыву, але для старэйшых клясаў, для навучэнцаў тэхнікумаў, вышэйшае школы. А для спасьціжэньня асноваў гістарычных ведаў патрэбны стабільны падручнік з пазытыўна выкладзенымі фактамі і падзеямі. Мы да гэтага ідзем і, дай Бог, прыйдзем..."

(Аксак: ) "Са словаў згаданага інтэрвію намесьніка міністра вынікае, што той і сам разумее, якія насамрэч падручнікі трапляюць цяпер у рукі школьнікаў, інакш бы ён не казаў пра пошукі — пад дзяржаўным кантролем — слушнасьці, якія сёньня быццам бы ідуць у гістарыяграфіі, той слушнасьці, якая мусіць патрапіць у школьныя падручнікі.

Спадарыня Натальля, ці адрозьніваюцца падручнікі ўзору 1996 году і 2001-га? Бо менавіта ў гэтыя гады клопатам, так бы мовіць, пра гістарычную праўду была прасякнутая дзейнасьць адмыслова створанай дзяржаўнай камісіі".

(Шаблюк: ) "Безумоўна, тут трэба весьці гутарку пра падручнікі, якія выйшлі да 1996 году. Безумоўна, тады ішлі пошукі зьместу гістарычнае адукацыі. Безумоўна, некаторыя падручнікі, той жа згаданы падручнік Біча, былі перанасычаныя фактычным матэрыялам. Тым ня менш, яны задавальнялі настаўнікаў. Калі ж казаць пра выдадзеныя пасьля 1996 году, то многія падзеі ў іх замоўчваюцца, а многія падаюцца зьнівэлявана... Атрымліваецца, што тых ці іншых падзеяў наогул у гісторыі Беларусі не было...

Спыняцца на гэтых падручніках нельга... Апрача таго хачу сказаць наконт альтэрнатыўных падручнікаў. Я як настаўнік толькі "за", бо гэта дае мне мажлівасьць выбару. І выбар трэба рабіць на карысьць вучняў, на карысьць іх інтэлекту ў першую чаргу. Бо ёсьць падручнікі, у якіх матэрыялу мінімум ды й той, на жаль, пададзены толькі ў аўтарскім бачаньні, а ня з пункту гледжаньня гістарычнае справядлівасьці..."

(Аксак: ) "Спадар Лойка, вы адмовіліся ад таго абавязковага патрабаваньня, якое выстаўляе згаданая дзяржаўная камісія, каб рэцэнзэнтам падручнікаў быў чалец гэтае камісіі. Які лёс напаткаў пасьля гэтага вашыя працы?"

(Лойка: ) "Не, гэта не зусім так. Рэцэнзэнты ў мяне ёсьць з пэдунівэрсытэту і з нашага ўнівэрсытэту. Гаворка ж вось пра што: калі выходзіў падручнік Штыхава, то камісія яму прапанавала рэцэнзэнтам паважанага мной чалавека, сп. Петрыкава. Але ён гісторык сучаснасьці, гісторык дваццатага стагодзьдзя. Тое ж і са мною...

У камісіі не было ніводнага "сярэднявечніка", зь якім бы я мог працаваць, і таму я адмаўляўся, каб мне прапаноўвалі спэцыялістаў накшталт Філімонава ці каго іншага ў якасьці рэдактара ці рэцэнзэнта. І камісія ўрэшце зразумела мяне... Гэтая мая прынцыповая пазыцыя дазволіла ўключыць у склад камісіі спэцыяліста, доктара гісторыі сп.Галенчанку. І вось ужо колькі гадоў мы зь ім эфэктыўна працуем... Я наагул ня супраць існаваньня гэтае камісіі, але каб яна працавала паводле прафэсійных падыходаў, а не палітычных..."

(Аксак: ) "Што наогул чуваць пра дзейнасьць гэтае камісіі пасьля сыходу з палітычнае сцэны ейнага ідэйнага натхняльніка сп. Замяталіна?"

(Лойка: ) "Прызнацца шчыра, я добра й ня ведаю. Але, безумоўна, тая ўмова, што ўсе дапаможнікі мусяць абавязкова праходзіць празь ейнае сіта, стварыла шмат праблемаў. Бо калі раней гэтага не было, то ў нас штогод выдавалася ў недзяржаўных выдавецтвах некалькі падручнікаў і дапаможнікаў для ліцэяў, гімназіяў, для паступаючых у ВНУ. І іх было дастаткова для ўсіх навучэнцаў. Зараз жа прыватныя выдавецтвы ня хочуць мець бюракратычнага валаводжаньня з гэтай камісіяй і проста адмаўляюцца ад выданьня вучэбнае літаратуры. Таму яе катастрафічна не хапае".

(Аксак: ) "І апошняе маё пытаньне. Амэрыка — гэта вялікая краіна, а амэрыканцы ёсьць вялікім народам. Менавіта такія высновы робяць амэрыканскія школьнікі са сваіх школьных падручнікаў, незалежна ад таго, добры ці дрэнны гэты падручнік паводле ацэнкі прадметніка-прафэсіянала. Ці могуць беларускія школьнікі зрабіць такую выснову пра сваю краіну і свой народ па прачытаньні сучасных школьных падручнікаў?"

(Шаблюк: ) "Безумоўна, могуць. Да прыкладу, гэта сяміклясьнікі, якім мы выкладаем гісторыю па падручніку Паўла Алегавіча Лойкі, аднаго зь лепшых на сёньня падручнікаў. Ёсьць яшчэ падручнік для васьміклясьнікаў Міхала Восіпавіча Лыча, які мне як настаўніку вельмі падабаецца. І вучні гэтых клясаў адчуваюць сябе далучанымі і да вялікай гісторыі, і да эўрапейскага кантэксту, і ў іх натуральна выхоўваецца пацуцьцё гонару за сваю краіну.

Але пра астатнія падручнікі гэтага ня скажаш. Застаецца пажадаць, каб аўтары іх альбо перапрацавалі, альбо каб яны былі напісаныя іншымі аўтарамі. Бо, скажам, цяпер у адзінаццатай клясе вялікая частка праграмы адведзеная станаўленьню і разьвіцьцю беларускай культуры, але падручнік напісаны так, што ніякага пачуцьця гонару за гэтую культуру і ніякага пачуцьця нацыянальнае годнасьці вучням не дае. Тут ужо ўсё залежыць толькі ад настаўніка, як ён здолее з гэткім падручнікам выхаваць гонар за дзяржаву і народ. На жаль..."

(Аксак: ) "Што мусіць быць напісана ў падручніку, каб пасьля ягонага прачытаньня школьнікі адчулі сябе жыхарамі вялікае краіны і прадстаўнікамі вялікага народу?"

(Лойка: ) "Па-першае, падручнік павінен быць напісаны эмацыйна, усе прыклады чыннасьці сваіх продкаў павінны быць пададзеныя яскрава і вобразна. Даўняя ў нас між гісторыкамі спрэчка, ці павінны існаваць міты нацыянальнае гісторыі.

Я — прыхільнік мітаў у школьных падручнікаў для малодшага і сярэдняга ўзросту. Мітаў пра тых волатаў духу і чыннасьці, што не даюць ёй згінуць. І вось на даступнасьць для школьнікаў разуменьня гэтых дзеяў продкаў і трэба скіроўваць аўтараў падручнікаў. Каб прачытаўшы іх, наша моладзь разгарнула плечы. Вось чаму я не пагаджаюся зь меркаваньнем пра альтэрнатыўныя падручнікі для базавае школы. Бо якраз у ейных сьценах трэба выхоўваць гонар за народ. І паставіць гэта ў якасьці прыярытэту дзяржаўнае ідэалёгіі. Будзем спадзявацца, што да гэтага мы дойдзем".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG