Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэмуарны бум.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

У ранейшых перадачах мы ня раз гаварылі пра заняпад жанраў у сёньняшняй беларускай літаратуры. Перасталі пісаць паэты, няма крытыкі, ня пішацца раман. Так ці інакш, гэты крызіс зьвязаны зь пераходным часам, зь нестабільнасьцю ў грамадзтве, з расчараваньнем у ідэалах. Аднак ёсьць адзін жанр, які перажывае сёньня сапраўдны рэнэсанс. Гэта ўспаміны, мэмуарная літаратура. Прычым менавіта ў апошнія гады выйшлі з друку кнігі найвышэйшае літаратурнае пробы, якія пакуль што няма з чым параўнаць. Я маю на ўвазе "Споведзь" Ларысы Геніюш і ўспаміны сяброў Саюзу Беларускіх Патрыётаў, аб'яднаныя разам пад назваю "Гарт". Зрэшты, мэмуарных кніг, выдадзеных і тых, што толькі рыхтуюцца да выданьня, шмат. Урыўкі друкуюцца на старонках усіх без выключэньня газэт і часопісаў. А гэта сьведчыць пра інтарэс да сучаснай гісторыі. Нездарма нават цэлая арганізацыя зьявілася "Архіў Найноўшай Гісторыі", якая зьбірае і публікуе ўспаміны, праводзіць конкурсы сярод школьнікаў. Вось пра гэтую зьяву -- мэмуарны бум -- і пойдзе гутарка ў сёньняшняй перадачы.

(З.Бартосік: ) "Неяк, зьяжджаючы назаўжды зь Нiжняга Ноўгараду, я быў апанаваны iдэяю напiсаць разьвiтальную песьню з горадам юнацтва. Калi табе сямнаццаць, кожны паварот жыцьця здаецца фатальным. Але словы чамусьцi так i не напiсалiся. Ад задумы засталася адно
простая мэлёдыя. Якая час ад часу напрошвалася на словы. Тым больш, гарады я мяняў досыць часта. Да тае самае пары, пакуль на маiм шляху не паўстаў горад, у якiм застацца й жыць назаўсёды -- здавалася адзiным магчымым выйсьцем. Ён сам, усiм сваiм аблiччам, дараваў iлюзiю, што ў ягоных межах чалавечае жыцьцё можа цягнуцца бясконца. I на тую паўзабытую мэлёдыю раптам знайшлiся словы.

(Песьня)

Мiне яшчэ няшмат часу. I магчыма гэтыя словы сатруцца разам з маёй памяцьцю. Але мяне гэта зусiм не бянтэжыць. Таму што нi той горад, нi тая пара, у якую мне пашчасьцiла патрапiць, ня зьнiкнуць бясьследна. I той, хто прыйдзе нам на зьмену, падобна нам, ня зможа ўстрымацца, каб не азiрнуцца назад. I на ягоным шляху абавязкова паўстане гэты горад, дзе мы калiсьцi пакiнулi свае лепшыя днi. I хай у яго будуць iншыя песьнi -- тэма нас аб'яднае. Пакуль у нас ёсьць гэты горад, яна нiколi ня будзе закрытая".

(С.Дубавец: ) Як прыклад сучаснага мэмуарнага буму я ўключыў у перадачу песьню барда і сталага аўтара "Вострае Брамы" Зьмітра Бартосік пра нашаніўскую пару.

Трэба сказаць, што інтарэс да мэмуараў існаваў і ў позьнія савецкія часы. Прэстыжна было мець на паліцы два тамы ўспамінаў маршала Жукава, або доўгія шэрагі кніг з сэрыі ваенных мэмуараў. Цэкоўскія работнікі раскуплялі часопіс "Маладосць" з успамінамі тагачаснага пісьменьніка-фаварыта Шамякіна пра тагачаснага драматурга-фаварыта Макаёнка. За партызанаў і падпольшчыкаў мэмуары пісалі літаратурныя апрацоўшчыкі. І першыя, і другія спаборнічалі ў цэнзурным самаабмежаваньні, але й трэцім -- уласна работнікам цэнзуры -- у такіх кнігах заўсёды адкрывалася поле дзейнасьці. Знакам эпохі стала мэмуарная сэрыя Брэжнева, за якую генсек атрымаў Ленінскую прэмію ў галіне літаратуры. Выходзілі цэлыя калектыўныя тамы напісаных успамінаў пра Купалу і Коласа, дзе які-небудзь адметны факт зь цяжкасьцю вышукваўся спаміж тонаў слоўнае руды.

Цяпер з усяго таго мала што чытаецца. Замінае падсьведамае прадчуваньне скажонай або ўрэзанай праўды. Пісаць пра ўсё і адкрыта за савецкім часам было нельга. Многае заставалася па-за старонкамі кніг. І вось сёньня гэтае многае выходзіць на паверхню і правакуе згаданы мэмуарны бум. Расейскі кінематограф літаральна захварэў на пераасэнсаваньні найноўшае гісторыі. Адзін за адным выходзяць ужо й мастацкія фільмы пра сталінскія рэпрэсіі і таемнае панаваньне КГБ у позьнесавецкім часе. Ёсьць спробы дакумэнтальнага кіно пра найноўшую гісторыю і ў Беларусі. Але найперш бум выяўляецца ў кнігах. Важная дэталь: сапраўдныя ўдачы ў мэмуарным жанры належаць людзям несавецкага выхаваньня. Савецкія мэмуараў або не пісалі, або пісалі й перапісвалі, падладжваліся пад зьмены палітычнага надвор'я. На прыкладзе мастакоў гэтую зьяву раскрывае сёньня Сяргей Харэўскі.

(С.Харэўскі: ) "У адрозьненьне ад пiсьменьнiкаў, мастакi звычайна ня маюць лiтаратурных амбiцыяў i нiколi не апiсваюць свае творы. Яны толькi занатоўваюць, што iх натхняла, пакiдаюць на памяць вiзуальныя ўражаньнi. Таму мэмуары цi дзёньнiкi мастакоў нагадваюць кiнасцэнар. Адзiн з найвялiкшых нашых мастакоў, прафэсар жывапiсу, арыстакрат Фэрдынанд Рушчыц 16 верасьня 1898 году ў сваiм маёнтку Багданаў зрабiў такi запiс у дзёньнiку:

"Намаляваў вугалем "Зямлю". Было выдатнае надвор'е, i мы хадзiлi з Мамаю й Татам у поле, дзе капалi бульбу. Цёплы й сьветлы дзень бязь ветру. Жоўтае лiсьце дрэваў палымнее на блакiце неба".

Карцiна "Зямля", якая зьявiлася ў вунiку гэтых назiраньняў, стала клясычным творам беларускага мастацтва, якi зьмешчаны ў школьных падручнiках па лiтаратуры... Лiтаратар не
спынiўся б на гэткай канстатацыi.

Вывучаючы гiсторыю мастацтва ХХ стагодзьдзя, я маю пад рукою ўспамiны й дзёньнiкi Рушчыца, Драздовiча, Малевiча, Жукоўскага, Шагала, Ахола-Вало, па якiх можна ўзнавiць iх
жыцьцяпiс i пакуты творчых шуканьняў з дакладнасьцю амаль па гадзiнах. Напрыклад па дзёньнiку Драздовiча. 1 лiпеня 1933 году ён пiша:

"Вось я i ў Вiльнi... Усё па-старому, у тым самым парадку. Купаюся (на закрутцы Вяльлi ля сiвога плячыстага касагору) -- ад самай ранiцы аж да другой гадзiны пякуся на сонцы ля самага берага ракi... Шмат купальшчыкаў i купальшчыц. Схадзiў за паўзлатоўкi на абед у сталоўку. А рэштку дня шпацырую... Хацеў адведаць аднаго з маiх калег-мастакоў -- Пеценьку -- ды, на жаль, не знайшоў. Недзе выехаў у Солы на касьцельную працу -- сьвятых маляваць".

"Пеценька" -- гэта жывапiсец Пётра Сергiевiч, адна з культавых постацяў паваеннай беларушчыны...

Ад часоў Рэнэсансу мастакi зьвярталiся да пяра, як да неад'емнай часткi свайго творчага працэсу. Iм карцела растлумачыць ня толькi тое, дзеля чаго яны робяць тую цi iншую рэч, але й якое месца гэтая рэч будзе займаць у сьветабудове. Леон Альбэрцi, дойлiд i мастак, настолькi захапiўся пiсаньнем, што ўвайшоў у гiсторыю найперш як тэарэтык мастацтва i
мэмуарыст. А эпiсталярная спадчына Леанарда да Вiнчы стала прадметам нашмат больш доўгага й значнага навуковага вывучэньня, чым ягоныя карцiны. Зрэшты, генiям Рэнэсансу было што ўзгадаць у сваiх мэмуарах. Iх паўкачавое жыцьцё прамiнала пры каралеўскiх i папскiх дварах, яны станавiлiся сьведкамi калясальных падзеяў сваёй эпохi, занатаваць якiя мiжволi цягнулася рука нават у анальфабэтаў. Жаданьне выпрабаваць свае сiлы яшчэ i ў лiтаратуры ўзьнiкае ў свабодных людзей ад празбытку пачуцьцяў. "Жыцьцяпiс Бэнвэнута Чэлiнi, напiсаны iм самiм" -- кнiга выбiтнага скульптара i ювэлiра 16 стагодзьдзя, да сёньня захоплiвае чытачоў. Гэтая кнiга, як i мэмуары iншых тагачасных мастакоў, стала крынiцаю для напiсаньня шматлiкiх прыгоднiцкiх i гiстарычных раманаў.

Рашучы кантраст з гэтым складаюць нешматлiкiя мэмуары беларускiх савецкiх мастакоў, зь якiх нiхто не даведаецца праўды пра эпоху, у якую яны тварылi. Пра што мог пiсаць мастак ва ўмовах несвабоды? Пра тое, як афармляў агiтацыю ў калгасе, як пiў з гэткiм жа калегам, якi
ляпiў Ленiна? I чым блiжэй да нас па часе гэтыя людзi, тым больш няўцямнымi становяцца радкi iхных бiяграфiяў.

Кнiгi бээсэсэраўскiх мастакоў можна пералiчыць па пальцах. Вось, напрыклад, успамiны скульптара Селiханава "Тры месяцы ў Кiтаi", якi пабываў там напрыканцы 50-х. Усё, разам са
здымкамi скульптурных эцюдаў, зьмясьцiлася ў 20-цi старонках жаўтаватае брашуры. Натуральна, нi мааiсцкага Кiтаю, нi, тым больш, самога аўтара, за iмi не разгледзець. Другi скульптар, Заiр Азгур, двойчы выдаў у свой час кнiгу ўспамiнаў пад патэтычнай назвай "Тое, што помнiцца..."

Аднаго разу мэтра зь векапомным барэтам на сiвой шавялюры перастрэў на вулiцы другi мастак, Уладзiмер Адамчык, таксама ў барэце. "Вельмi зьмястоўную i цiкавую кнiгу Вы напiсалi, Заiр Iсакавiч, -- сказаў мастак Адамчык,-- Але, чаму Вы не напiсалi пра тое, як ляпiлi Сталiна?" "Як мая кнiга завецца? -- пытаньнем на пытаньне адказаў скульптар, -- "Тое, што
помнiцца..."? А пра Сталiна ня помнiцца..." Крыху счакаўшы, дадаў, праўда, ужо не сваiмi словамi: "Трэба браць з гiсторыi агонь, а ня попел". "Попелам" для Азгура сталi дзясяткi
помнiкаў Сталiну, Жданаву, Мао Цзе Дуну, Кiм Iр Сэну, Энвэру Хаджэ ды iншым.

Нехта скажа, што мастакi далёкiя ад палiтыкi, што яны не зважаюць на яе й ня цямяць у ёй. Але гэта ня так. Часьцей наадварот. Яшчэ скульптар Фiдый са Старажытнае Грэцыi быў сябрам i дарадцам валадара Афiнаў Палiклета. А Рубэнс быў францускiм дыпляматам. Я ўжо не кажу пра палiтычныя пэрфомансы Пiкаса цi Далi.

"Часта здаецца мне, што перамены i палёгка, здабытыя па вайне, суцешылi нас. Мы гэтак прывыклi да ўцiску, што ня бачым ў нашых кратах адчыненае форткi. Мы слабыя й зьнявераныя ў сабе... Калi ж мы зоймемся сабою i перастанем думаць пра iншых?
Наракаем то на маскалёў, то на немцаў, а перадусiм мусiм раз i назаўжды сказаць сабе, што мы самi, а "друзья" нам будуць заўсёды чужыя. Ня веру таксама, што са зьменаю ўраду зьменiцца Расея. Новая шапка гангрэны не залечыць".

Гэта таксама напiсаў Фэрдынанд Рушчыц, у лiпенi 1905 году.

Чаму ж пiсаньне мэмуараў ня стала для мастакоў БССР такой самай звычайнай справай, як для iхных калегаў усiх часоў i народаў? Чаму не пiсалi? Спачатку -- баялiся, што iхныя шчыраваньнi могуць быць падшытыя да судовых справаў. Нагадаю, што неамбiтныя ў лiтаратуры мастакi пакiдаюць на паперы больш шчырыя дакумэнтальныя сьведчаньнi свайго часу. У мастакоў ёсьць выбар -- iх хлеб не лiтаратура. Пасьля беларускiя мастакi мусiлi раз за разам рэвiзаваць уласную памяць з кожнай новай зьменаю надвор'я, як гэта рабiў Азгур, перавыдаючы сваю кнiгу "Тое, што помнiцца..."

У адной са сваiх аўтабiяграфiяў Сальвадор Далi заўважыў: "Я ня супраць камунiзму. Бо пасьля яго застануцца толькi велiзарныя архiвы". Дадам, -- архiвы, густа прысыпаныя попелам памяцi".

(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі распавёў пра тое, чаму беларускія савецкія мастакі, у адрозьненьне ад сваіх калег усіх часоў і народаў, не пісалі мэмуараў. У працяг гэтае тэмы можна запытацца -- не пісалі, але чаму ня пішуць сёньня? І шырэй -- чаму сёньня ня пішуць тыя, хто за савецкім часам займаў у грамадзтве прыкметнае месца. Мне чамусьці адразу згадаўся прыклад рэдактара маскоўскага часопіса "Огонек" Віталя Кароціча, якога многія ягоныя калегі называюць перараджэнцам. Вось у чым прычына. Каб сёньня пісаць праўду, у якую сам учора ня верыў, трэба перарадзіцца. А гэта не такая простая і, з гледзішча многіх, не такая сумленная справа. З унутранай эвалюцыяй публіка яшчэ пагаджаецца, але ва ўнутраныя рэвалюцыі ня верыць. І тут паўстае важнае пытаньне -- а што такое праўда ў мэмуарах? Ці існуе яна аб'ектыўна, ці яна зьмяняецца адносна нас, ці мы адносна яе? Пра гэта -- Сяржук Сокалаў-Воюш.

(С.Сокалаў-Воюш)

Сяржук Сокалаў-Воюш гаварыў пра праўду ў мэмуарах. Што гэта такое? На маю думку, з мэмуарыстам як з суразмоўцам. Усё залежыць ад таго, ці выклікае ён давер, ці схіляе да шчырасьці. Прычым такія рэчы як гучнае імя або важнасьць апісваных падзеяў не спрацоўваюць. Усё залежыць толькі ад чалавека, толькі ад аўтара.

У гэтым сэнсе не выклікаюць даверу мэмуары савецкіх пісьменьнікаў, пра што я гаварыў напачатку перадачы. І нездарма цэлае грона выдатных мэмуарыстаў найноўшае гісторыі выйшла зь Вільні. У міжваенным часе тут літаральна грымела кніга Францішка Аляхновіча "У кіпцюрох ГПУ", кажуць, увогуле першыя ўспаміны пра ГУЛАГ, якія тады ж былі перакладзеныя на некалькі эўрапейскіх моваў. Гадоў пяць таму ў Менску выйшлі мэмуары Янкі Багдановіча -- віленскага настаўніка, які ў маладосьці працаваў тут у рэдакцыях беларускіх выданьняў. Нарэшце, ужо летась у Вільні зьявіліся кнігі Марыяна Пецюкевіча і Лявона Луцкевіча. Людзі несавецкага гарту, якія тут вучыліся або працавалі і станавіліся патрыётамі Беларусі. Апроч згаданых, гэта славутая Зоська Верас, Юліяна Вітан-Дубейкаўская, чые ўспаміны чыталіся ў Радыё Свабода, Зоя Каўшанка, чые мэмуары сёлета выйдуць кнігай у выдавецтве "Наша Ніва" і, думаю, стануць яшчэ адным адкрыцьцём нашае літаратуры і гісторыі. Цікава тое, што ўсе пералічаныя імёны -- жаночыя, прычым належаць пісьменьніцам, якіх прыблізна можна аднесьці да аднаго пакаленьня. Іх лёсы розныя, але іхныя ўспаміны выклікаюць давер. У мяне няма сумневу, што віленскія беларускія пісьменьніцы-мэмуарысткі ўжо склалі разьдзел у ненапісанай пакуль гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя.

Яшчэ адна істотная тэма ў гутарцы пра ўспаміны -- гэта адбор. Часта глябальныя знакі часу забываюцца, і наадварот -- зусім неістотныя, прыватныя ажываюць, найлепшым чынам характарызуючы і эпоху, і аўтара. Ад чаго гэта залежыць? Магчыма, ад таго самага -- ад асобы мэмуарыста. Але ня выключана, што ёсьць тут і нейкі вонкавы ўплыў. Бо пытаньне адбору стаіць ня толькі пры пісаньні, але й пры чытаньні ўспамінаў. Тое, што пры чытаньні дзесяць гадоў таму здавалася істотным, сёньня, пры перачытваньні, проста не заўважаецца. Таму апісальнікі гісторыі выйграюць, калі зьвяртаюцца да вечных тэмаў.

Скажам, сталінская эпоха найчасьцей і найлепей раскрываецца сёньня праз матыў каханьня пэрсанажаў. Вы скажаце, што ўся найлепшая літаратура будуецца на каханьні і сьмерці. Вядома, але тут галоўнае тое, што прыйшоў час распавядаць пра таталітарны раман і эстэтызаваць яго. Згадваю фразу з "Кінамэханіка Сталіна". Жонка зьвяртаецца да мужа: "Ваня, а ты каго болей любіш, мяне ці Сталіна?" "Сталіна", -- адказвае зьдзіўлены недарэчным пытаньнем Ваня. "А я цябе Ваня" -- прызнаецца жонка.

Пасьля ўсяго сказанага, хочацца думаць пра тое, якія падзеі адбяруць мэмуарысты з нашых дзён? Ці будзе там Менская вясна 96 году і Лукашэнка, усеславянскія яднаньні і галота насельніцтва? Ці эпоха знойдзе свой выраз у прыватных, інтымных падзеях з жыцьця чалавека? Як будзе выглядаць нашае сёньня ў сьвятле каханьня? Чамусьці думаецца, што будучыя апісаньні канца ХХ ст. будуць цікавейшыя за рэальнасьць. Зрэшты, калі б было інакш, хто б тады пісаў і хто б чытаў мэмуары?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG