Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЗЕНСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПРАВЯЛІ НЕСАНКЦЫЯНАВАНЫ СХОД У ЦЭНТРЫ ГОРАДУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

А 10-й раніцы міліцыянты чакалі людзей на пляцы Леніна. Прадпрымальнікі сталі зьбірацца праз дарогу ад яго — у парку. З гарвыканкаму прыйшлі два чыноўнікі, яны сталі тлумачыць, што тэрмін атрыманьня ліцэнзіяў на гандаль працягнуты да канца году. Дакумэнт, маўляў, падпісаны ў Менску яшчэ ў пятніцу, але ён не зарэгістраваны, ня мае нумару, і чыноўнікі пакуль ня могуць на яго спасылацца афіцыйна. Такі адказ не задаволіў сабраных.

(Спадарыня: ) “Вось мы плацім падатак, ідзем на працу. Ці ёсьць у вас гарантыя, што нас ніхто не кране за тое, што мы безь ліцэнзіі?!”

Большасьць ня мае ліцэнзіяў, якія дзейнічаюць з траўня. Прадпрымальнікі ўвогуле патрабуюць скасаваць іх. Праз гадзіну сабраным дазволілі прайсьці да гарвыканкаму. На ганак выйшаў старшыня выканкаму Аляксандар Антоненка. Ён паўтараў, што тэрмін ліцэнзаваньня працягнуты, што сход прадпрымальнікаў незаконны і заклікаў іх заплаціць падаткі і працаваць.

За падзеяй назіраў сябра Цэнтральнай рады “Грамады” гарадзенец Уладзімер Хільмановіч:

(Хільмановіч: ) “Я мяркую, што гэтыя падзеі сьведчаць пра поўнае бясьсільле мясцовай выканаўчай улады. Таму што ніякай самастойнасьцю яна не валодае і ня ў стане разьвязаць такія пытаньні, якія вызначаны ў Менску па сутнасьці адным чалавекам. Разганяць таксама такі мітынг прадпрымальнікаў улады не наважваюцца, таму што гэта адразу рэзка павялічыць апазыцыйныя настроі ў грамадзтве”.

Прадпрымальнікі дачакаліся старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі, які таксама запэўніваў, што існуе дакумэнт наконт ліцэнзіяў.

Дарэчы, на 10 раніцы быў прызначаны суд над Валерыем Леванеўскім — кіраўніком незарэгістраванага страйкаму прадпрымальнікаў, але суд перанесьлі. На сходзе былі плякаты з патрабаваньнем вызваліць Леванеўскага. Яго арыштавалі 1 траўня перад мітынгам за распаўсюд улётак. Трэці дзень яго ўтрымліваюць у міліцэйскім ізалятары на вуліцы Тэльмана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG