16 красавіка 1818 году беларускі паэт Ян Чачот уступае ў падпольнае студэнцкае таварыства “Філяматаў”. Урачыстасьць адбываецца на ўзьлеску пад Вільняй. Рэкамэндацыю Чачоту дае ягоны школьны сябра з Наваградку паэт Адам Міцкевіч. Гэтая падзея перадвызначыла як лёсы ўдзельнікаў таварыства, так і разьвіцьцё беларускай нацыянальнай ідэі на самым яе пачатку.
16 красавіка 1914 году ў Беларусі адбылася першая авіяцыйная катастрофа на вайсковым лётнішчы ў Лідзе. У выніку яе загінулі падпаручнік Вятчынкін і мэханік Кавальчук. Яны выпрабоўвалі самалёт “Ньюпар-IV”, які на вышыні 300 мэтраў раптам пайшоў уніз. Кавальчук выпаў з самалёту, схапіўся за верхні трос і, правісеўшы ў такім стане тры сэкунды, зваліўся на зямлю і разьбіўся насьмерць. Тымчасам лятак разам зь пілётам урэзаўся ў дом і загарэўся. Камісія, якая дасьледавала катастрофу, знайшла яе прычыну ў недахопах каструкцыі. “Ньюпары” паводле францускай ліцэнзіі будаваліся ў Расеі і мелі вельмі нізкую якасьць.
16 красавіка 1941 году ў Менску здарылася незвычайная паводка на Сьвіслачы. Узровень вады падняўся да 465 см. Былі затопленыя дамы на многіх вуліцах, а таксама значная частка парку Горкага. Больш за паўтараста сем’яў давялося эвакуяваць з зоны затапленьня. Старажылы згадваюць, што гэтак рака абмывала Менск сьлязьмі, быццам разьвітвалася. Да прыходу другой сусьветнай вайны заставалася ўсяго пару месяцаў.
16 красавіка 1948 году была створаная Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва, якая аб'яднала 17 заходнеэўрапейскіх краін і стала зародкам сёньняшняга Эўразьвязу.
16 красавіка ў розныя гады нарадзіліся беларускі палітык Язэп Варонка, чэскі перакладчык беларускае літаратуры Вацлаў Жыдліцкі, мовазнаўца і крытык Анатоль Клышка і былы міністар сельскай гаспадаркі Беларусі, а цяпер адзін зь лідэраў апазыцыі Васіль Лявонаў.
А яшчэ 16 красавіка 115 гадоў таму прышоў на сьвет знакаміты комік Чарлі Чаплін.
Цяпер – пра некаторыя даты заўтрашняе суботы.
17 красавіка 1905 году расейскі цар выдаў указ аб верацярпімасьці. Гэтым указам адмяняліся рэпрэсіі за пераход з праваслаўя ў іншыя канфэсіі. У выніку ў Беларусі дзясяткі тысяч людзей адразу перайшлі ў каталіцтва. Працэс гэты набыў такі масавы характар, што царызму давялося стрымваць яго сіламі тайнай паліцыі.
Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 17 красавіка ў розныя гады, згадаем сёньня францускага пісьменьніка Эрвэ Базэна і савецкага кіраўніка Мікіту Хрушчова, якому заўтра споўніцца 110 гадоў.