Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ЖЫВЕЦЦА ТАЎСТУНАМ У БЕЛАРУСІ?


Міхал Стэльмак, Менск

Ці шмат у Беларусі людзей з празьмернымі, як кажуць, “габарытам”? Адказы залежаць ад прафэсійнасьці ацэнкі агульнай сытуацыі. Неспэцыялістам часта здаецца, што тоўстых сярод тутэйшых ня вельмі шмат. Па іхнай лёгіцы такая праблема найперш тычыцца замежжа:

(Юля: ) “У мяне знаёмыя жывуць у Амэрыцы. Яны фотаздымкі дасылаюць, дык там зь дзесяці – дзевяць тоўстых. Па тэлебачаньні паказваюць, што там нават у школах сядзіць “пачак” на “пачку” – гэтыя дзеці малыя. Таму ў іх такая праблема. У нас я ня бачу яе. Паглядзіце, у нас усе дзеткі худзенькія, зусім нармальныя”.

Між тым, дасьведчаныя экспэрты сьцьвярджаюць, што і ў Беларусі людзей з празьмернай вагой – процьма.

(Спадарыня: ) “Ой, што ж зробіш. Лёс так наканаваў. І так трэба жыць”.

(Карэспандэнт: ) “У вас ёсьць лішняя вага ці не?”

(Другая спадарыня: ) “Ёсьць. І шмат: трыццаць кіляграмаў”.

Менскі прафэсар, доктар навук Іван Бранавец, доўгі час займаўся адпаведнымі мэдычнымі дасьледаваньнямі.

(Бранавец: ) “У нас людзей зь лішняй вагой столькі ж, колькі і ў іншых краінах сьвету – трошкі больш за палову, недзе 50-52%”.

Кандыдат навук Юлія Фралова зь Белдзяржунівэрсытэту займаецца вывучэньнем псыхалягічных аспэктаў гэтага пытаньня. Паводле спадарыні Фраловай, наагул, беларусы ставяцца да таўстуноў і таўстух талерантна. Прынамсі гэта пацьвердзіла й апытаньне на менскіх вуліцах.

(Людміла: ) “Да тоўстых? Вельмі добра. Яны такія ласкавыя. Прыветныя. Тоўсты – гэта ня значыць, што ўжо такі нязграбны. Бывае, што самы найлепшы на сьвеце – гэта тоўсты чалавек”.

(Андрэй: ) “Нармальна”.

(Сьвятлана: ) “Нармальна. Яны не выклікаюць адмоўнага стаўленьня”.

(Антаніна: ) “А мне тоўстыя нават падабаюцца. Яны абаяльныя. А калі яшчэ й рухавыя, дык наагул супэр!”

Часьцей за ўсё мае суразмоўцы лічаць, што тоўстымі не нараджаюцца, а становяцца. Чаму? Дзіўна, але грамадзкую думку найперш фармуе амэрыканскі досьвед. Нацыянальная ды расейскія прэса, тэлебачаньне гэтай праблеме не надаюць належнай увагі. Затое ў друку шмат тэндэнцыйна падабранай інфармацыі пра тое, як выглядае праблема залішняй паўнаты ў Злучаных Штатах. Адсюль і беларускія стэрэатыпы.

(Юля: ) “Таму што так харчуюцца. Там уся ежа хуткага прыгатаваньня. Там усё з хіміяй. Новае харчаваньне там распрацоўваецца – паўфабрыкаты, сыстэмы харчаваньня. Там усе паўфабрыкаты набываюць, бо яны – гультаі”.

(Людміла: ) “Бо ў “Макдональдсы” ходзяць і ядуць гамбургеры”.

Зь менскім таўстуном Барысам, вага якога пры невысокім росьце перавышае 100 кг, я пазнаёміўся ў адным зь менскіх "Макдональдсаў":

(Барыс: ) “Гэта хуткае абслугоўваньне”.

(Карэспандэнт: ) “Вы часта ходзіце ў Макдональдс?”

(Барыс: ) “Калі дазваляюць грошы”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж мэдыкі ня раяць людзям вашага складу хадзіць у “Макдоналдс”.

(Барыс: ) “Мэдыкі ня раяць жыць…”

Аднак і беларускія прафэсійныя экспэрты таксама лічаць ежу галоўнай прычынай зьяўленьня тоўстых людзей. Вось што зазначыў наконт гэтага вядомы айчынны спэцыяліст прафэсар Валеры Мурох:

(Мурох: ) “Гэта вынік няправільнага харчаваньня. Замнога тлушчу й цукру. І

(Карэспандэнт: ) “Цяперашні характар харчаваньня – гэта вынік сацыяльных праблем, беднасьці беларусаў?”

(Мурох: ) “У Беларусі бытуе меркаваньне, што бульба – галоўны прадукт. Гэтага трэба ў жыцьці пазбавіцца, бо бульба – гэта не харчовы прадукт. Гэта тэхнічная культура, якая можа спажывацца. Рабіць стаўку на бульбу – загубіць нацыю”.

Данута Пасека працуе кухарам у Валожыне. Перад яе вачыма штодня праходзіць шмат людзей.

(Пасека: ) “Аладкі звычайна бяруць. Клецкі зь мясам. Мачанку з блінамі. Вось такія беларускія стравы. Дранікі…”

(Карэспандэнт: ) “Ад чаго таўсьцеюць беларусы? Ці шмат тоўстых заходзіць да вас?”

(Пасека: ) “Беларусы таўсьцеюць, мабыць, таму, што многа працуюць, а ежа ў іх бедная. Вітамінаў мала. Не дазваляе кашалёк наш”.

Менскі інжынэр Вячаслаў Балацкоў-Падольскі ўжо шмат гадоў праходзіць курс лячэньня галаданьнем:

(Балацкоў-Падольскі: ) “У 1993 годзе я галадаў тры разы. Пасьля гэтага кожны год стараўся. Проста рабіў разгрузачную такую дыету. Мне яна ня проста дапамагае, а вельмі дапамагае. За 14 дзён кіляграмаў на 11 худзею, адразу лягчэй робіцца”.

Апроч лячэбнага галаданьня, беларускія таўстуны й таўстухі, вядома, практыкуюць і ўжываньне адмысловых прэпаратаў для пахудзеньня, якія распаўсюджваюцца найперш прыватным чынам. Паколькі дзяржава ня лічыць гэтую праблему прыярытэтнай для сябе, за яе нібыта “вырашэньне” бяруцца ўсе, каго не адужыла лянота. Лепшы памочнік такіх, з дазволу сказаць, “лекараў” – актыўная непадкантрольная рэкляма. Асабліва ў папулярных расейскіх мэдыях. Паводле спадара Балацкова-Падольскага распрапагандаваныя “цуда-прэпараты” часьцей толькі шкодзяць.

Ягоную думку падзяляе й афіцыйная мэдыцына Беларусі. Аднак дзейсных контрмераў пакуль няма. Праўда, апошнім часам агучана ініцыятыва забараніць продаж у школьных буфэтах газаваных напояў, чыпсаў ды жуек. Яны, як цьвердзяць мэдыкі, шкодзяць здароўю дзяцей і правакуюць працэсы атлусьценьня. Зрэшты, навукоўца Юлія Фралова лічыць, што адчуваньне чалавекам празьмернасьці сваёй вагі – найперш псыхалягічная праблема.

(Фралова: ) “Другая праблема, каб адчуваць сябе добра ў сваёй вазе. Бо многія поўныя людзі пэўныя праблемы ствараюць сабе штучна. Ставяць перад сабою нерэалістычныя задачы. Занадта крытычна да сябе ставяцца. Чалавек садзіцца на дыету. Пачынае наведваць розныя трэнажорныя залі. Скінуць вагу яму не ўдаецца, і ён пачынае сябе адчуваць яшчэ больш дыскамфортна, чымся да гэтых сваіх праграмаў”.

Зь меркаваньнем псыхоляга Фраловай пагаджаецца 40-гадовы спадар Пятро зь Менску, які “не заўважае” сваіх 125 кіляграмаў:

(Пятро: ) “Нармальна адчуваю”.

(Карэспандэнт: ) “Ці не адчуваеце сябе дыскамфортна ў грамадзтве?”

(Пятро: ) “Не, не адчуваю”.

(Карэспандэнт: ) “Ад чаго ў вас вага большая, як звычайная?”

(Пятро: ) “Ад “канстытуцыі”. Ёсьць рабіна, а ёсьць дуб. Так і чалавек: ёсьць худы, а ёсьць тоўсты. У мяне ёсьць супрацоўнік на працы – худы як гліст. У тры разы больш і часьцей есьць, чым я. Я ем, як звычайны чалавек. Тры разы на дзень – сьнеданьне, абед, вячэра. І ўсё”.

Па назіраньнях Пятра, у адрозьненьне ад яго многія людзі зь лішняй вагой пакутуюць ад комплексу няпоўнавартасьці. Наступства гэтага – няўменьне ладзіць сваё асабістае жыцьцё. Сярод таўстуноў шмат адзінокіх – нежанатых і незамужніх, нягледзячы на тое, што звычайныя людзі ў сваёй большасьці ўспрымаюць іх як роўных:

(Святлана: ) “Адмоўных эмоцыяў ніякіх няма. Хутчэй станоўчыя”.

(Людміла: ) “У мяне брат тоўсты. Высокі й тоўсты. Найдабрэйшы чалавек”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы ставіцеся да тоўстых дзяўчат?”

(Андрэй: ) “Вядома, гэта ня вельмі прыгожа. Але ёсьць вельмі сымпатычныя тоўстыя дзяўчаткі. Я б не сказаў, што калі тоўстая дзяўчына, то гэта ўплывае на стаўленьне да яе”.

(Галіна: ) “Тоўсты мужчына? Гэта прыкмета здароўя. Вядома, прыемна”.

Такім чынам, праблема лішняй вагі людзей – унівэрсальная. Яна ўбірае ў сабе як сацыяльна-эканамічныя аспэкты укладу жыцьця, так і маральна-псыхалягічныя. Унівэрсальнасьць выяўляецца і ў тым, што гэта праблема ня толькі Беларусі, ці Злучаных Штатаў або Нямеччыны з Японіяй. Яна закранае ўсе нацыі, цывілізацыю ў цэлым. Міжнародны досьвед сьведчыць: посьпех там, дзе клопаты поўных людзей пра сваё здароўе не застаюцца іх выключна асабістай справай, а вырашаюцца з дапамогаю грамадзтва, дзяржавы. Апошняга, на жаль, Беларусі якраз і не стае. Хоць лішняя вага – занадта сур’ёзны супернік, каб змагацца зь ім адзін на адзін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG